Сустрэча з самім сабою
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1988
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0050-5
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сустрэча з самім сабою». Краткое содержание книги:
— Яна. Яна! Разумееш,— звярнуўся ён да шафёра,— стаіць. Адна асталася, а больш нічога не пазнаю.
— Што мы стаім, а шчотчык працуе, гэта я разумею,— раздражнёна азваўся шафёр,— а больш нікога не бачу.
— І не ўбачыш, малады чалавек... Вунь на самым беразе сасна стаіць. Бачыш? Адна яна асталася ад колішняй вёскі. Апошні сведка. А вёску ведаеш, як звалі?
— Горад ведаю як свае пяць пальцаў, што вёска была, нібыта чуў, а як звалася,— ён паціснуў плячыма,— лепш сядайце. Паехалі. Мне яшчэ трэба на вакзал зматацца.
Мікалай Іванавіч сеў і з сілаю ляснуў дзверцамі, ссунуў на патыліцу капялюш, выцер хусцінкаю лоб.
— А вёска звалася Плаксы. Так, так. Плаксы. Плакалі тут людзі вякамі, і легенду я чуў, але забылася. А цяпер онь які горад... А там, што гэта каля Дзвіны? Не, не там, вунь, наперадзе?
— А, гэта? Гэта спартыўны комплекс. А вы што, бывалі тут?
— З першага катлавана. Не паверыш, тут поле было, ільнішча. Пад тою сасною абедала наша брыгада, а ўвечары дзяўчатам прызначалі спатканні. Тут я ча-лаве-кам стаў.
— А цяпер дзе жывяце?
— Далёка, брат. Адсюль не відаць. Цюменскую нафту качаем. А школу тут прайшоў.
— Дык вы, мабыць, на юбілей горада едзеце? Усіх ветэранаў збіраюць.
— Запрасілі, не забыліся.
Яны ўехалі ў цэнтр горада. На слупах, на дрэвах, пасярод вуліцы пераліваліся ўсімі колерамі электрычныя гірлянды, скрозь мільгалі чырвоныя лічбы 25. Збоку з'явіўся і знік нейкі белы буданчык.
— А гэта што? — спахапіўся пасажыр.
— Гэта? Гэта помнік першай палатцы. Усе ж гарады пачынаюцца з палатак.
— Малайцы. Разумныя, відаць, тут кіраўнікі. Трэба, каб людзі ўсё помнілі. Горад без гісторыі, што чалавек без памяці... А вунь там, каля моста, была наша першая сталоўка: чатыры слупы, на іх нацягнутыя кавалкі толі, укапаныя ў зямлю стол і лавы. Адкуль падзьме вецер, з таго боку зашалюємся аполкамі... А-а-а! Гэта ж першая школа. І тут я бетоніў.
— Цяпер тут такія школы... Што школы! Інстытут свой, тэхнікумы — закачаешся.
Машына рэзка павярнула ўлева і спынілася каля дзевяціпавярховай гасцініцы.
— Прыехалі!
Мікалай Іванавіч разлічыўся, узяў свой лёгкі чамаданчык, пажадаў шафёру шчаслівай дарогі і ўзбег па шырокіх прыступках у светлы вестыбюль. Для ўдзельнікаў свята былі забраніраваны лепшыя нумары, абстаўленыя дарагою і зручнаю мэбляю, з прыгожымі свяцільнікамі, тэлевізарам і тэлефонам.
Мікалай Іванавіч расклаў свае рэчы, памыўся і ў лёгкім спартыўным касцюме выйшаў на балкон. Ён хацеў зразумець, дзе ж стаіць гасцініца. Лес адышоў далёка за возера. Удалечыні трывожнай чырванню мільгалі габарытныя агні тэхналагічных калон і на коміне электрастанцыі. Гул горада сціхаў. Была поўнач, але спаць не хацелася. Відаць, ад узбужданасці і мноства ўражанняў. Адзінокая сасна развярэдзіла ўспаміны далёкага юнацтва, прыгадаліся першыя нясмелыя сустрэчы з Надзяй, твань на будаўнічай пляцоўцы, пудовыя боты ў гліне, салодкая стома, юнацкая дурнота і вялікія спадзяванні. Хіба ж можна было тады паверыць, што ў чыстым полі вырасце такі горад?! Гарады будуюць людзі, а новыя гарады ствараюць новых людзей. Вось і з яго, канапатага Колькі, языкатага свавольніка, тут загартаваўся і вырас чалавек, цяперашні Мікалай Іванавіч, спецыяліст высокага класа, адказны за лёс людзей, складанай тэхнікі і важнай работы.
Ён успомніў, што захапіў у падарунак музею горада даўні-даўні маладзёжны часопіс з нарысам пра іх брыгаду, пра Алёшу Акінчыца, пра яго і пра Надзю. Успаміналася ў ім і яго мама. Трэба будзе наведаць яе магілу ў горадзе. На месцы іх хацінкі, казалі, стаіць цяпер новая музычная школа. Гэта добра: мама ж так любіла музыку.
Мікалай Іванавіч дастаў з партфеля стары, пажоўклы і пацёрты часопіс, разгарнуў яго, каб тое-сёе асвяжыць у памяці для выступлення, і зачытаўся.
«У той год раздажджылася з вясны. Дождж ліў трэція суткі. Трэція, гэта калі лічыць ад нядзелі. А так усё лета хвошча без перадыху. І адкуль толькі бярэцца? «Дзірку, ці што, у небе прабілі?» — злуюцца брыгадзіры. А дождж ідзе і ідзе. Ну якая тут работа? Рубца сухога няма, боты з глею за халявы выцягваеш, гусенічныя трактары крэкчуць і коўзаюцца ў тлустай, як масла, гліне — і ні з месца.
А рабіць трэба: усё ж спланавана і разлічана на кожны дзень. Не запланаваны толькі дождж. О-о, нібыта павесялела: сярод нізкіх азызлых хмар паказалася блакітнае акенца, з яго пырснуў сонечны праменьчык і, як той пражэктар сярод ночы, пабег па мокрым прырэчным лузе, заліў ярка-зялёным святлом лазовыя кусты на тым беразе рачулкі. Яны адразу затрапяталі і засерабрыліся. Вецер прыгладзіў рэдзенькую атаву, яна заблішчала на сонцы. І раптам усё згасла, а блакітнае акенца зноў зацягнулі густыя хмары.