Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]
- Автор: Свабода Радыё
- Год: 2021
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]». Краткое содержание книги:
Таму я неадкладна паехаў да ўнівэрсама „Рыга“, каб убачыць усё на свае вочы і паспрабаваць прадухіліць нэгатыўныя масавыя дзеяньні людзей, калі яны там будуць.
Я прыйшоў да „Рыгі“ каля поўначы. Убачыў там чалавек 80. Парушэньняў грамадзкага парадку не было, усе былі ў нармальным, прыўзьнятым стане. Якіх-небудзь бачных прыкмет, якія сьведчаць пра наяўнасьць масавых беспарадкаў, відаць не было. Разам з тым асобныя хлопцы спрабавалі „дабудаваць“ са сьмецьця спаруды, якія перашкаджаюць праезду транспарту. Натуральна, я падбадзёрыўся, што пагалоска пра масавыя беспарадкі не адпавядае рэчаіснасьці. Разам з тым, усьведамляючы магчымую рэакцыю органаў правапарадку, я выказаўся пра недапушчальнасьць, а таксама абсурднасьць процідзеяньня ім. Я прапанаваў прыбраць сьмецьце з дарогі і не перашкаджаць руху транспарту. Было прыемна, што некаторыя прапановы былі прынятыя. Я яшчэ раз пераканаўся, што там сабраліся адэкватныя людзі. Прабыўшы там усяго 10-15 хвілін, пайшоў дахаты пешаходнай дарожкай каля ўнівэрсама „Рыга“.
Нечакана ззаду, з боку скрыжаваньня вуліц Куйбышава і Сурганава, прагучаў моцны гукавы сыгнал. Павярнуўшыся, я ўбачыў, як спэцбронеаўтамабіль камуфляжнай расфарбоўкі на хуткасьці 30-40 кілямэтраў у гадзіну паварочвае з вуліцы Куйбышава на вуліцу Сурганава. Людзі разьбегліся, я застаўся на тратуары адзін. Для таго, каб работнікі праваахоўных органаў не прынялі мяне за асобу, якая можа патэнцыйна пагражаць іх бясьпецы альбо бясьпецы грамадзян, я падняў рукі і стаў апускацца на калені. Далоні я трымаў раскрытымі, каб было відаць, што ў мяне ў руках нічога няма. Тратуар, дзе я знаходзіўся, добра асьвятляўся, я знаходзіўся тварам да спэцбронеаўтамабіля.
У гэты ж момант зь люка на даху машыны паказаўся чалавек у спэцформе і два разы прыцэльна стрэліў у мяне, трапіўшы гумовымі кулямі ў жывот і нагу. Вынік (ён жа дыягназ) — агнястрэльнае кулявое сьляпое пранікальнае раненьне жывата з пашкоджаньнем парожняй кішкі і вялікага сальніка, плюс раненьне левай нагі. Я ўдзячны хлопцу, які аказаў мне першую дапамогу, а таксама лекарам вайсковага шпіталя.
Адлегласьць паміж мной і стралком была каля 20 мэтраў. Таму я лічу, што стаў ахвярай недапушчальнага куражу з боку таго, хто страляў, і поўнай незаконнасьці яго дзеяньняў. Я папрасіў Сьледчы камітэт устанавіць асобу стралка і даць ягоным дзеяньням прававую ацэнку. Я таксама напісаў і заяву ў пракуратуру.
Ужываньне зброі было цалкам незаконным, бо я стаяў адзін і навідавоку. А ў мяне, як у сусьліка, пачалі страляць проста так. Я 25 гадоў ахоўваў дзяржаву і народ — і для мяне гэта проста па-за межамі. Больш за тое, ён бы ня трапіў у мяне, калі б я ня быў чалавекам, выхаваным у павазе да закону, і ня думаў бы, што міліцыя — гэта орган, які абараняе мяне. Тады я б проста сышоў ад стрэлу. Так, вядома, можна сказаць, што мне трэба было сядзець са сваёй грамадзянскай пазыцыяй дома. А з другога боку, можа, мая грамадзянская пазыцыя выратавала кагосьці ад кулі.
Цяпер, пасьля сямі дзён у вайсковым шпіталі, я праходжу рэабілітацыю. Але хвалюе мяне ня столькі тое, што адбылося асабіста са мной, колькі ўвогуле тое, што адбываецца ў краіне. Я не зьяўляюся прыхільнікам каго б там ні было, а зьяўляюся прыхільнікам беларускай дзяржаўнасьці, якая не павінна быць завязанай на канкрэтную асобу.
Інтарэсы дзяржавы — гэта інтарэсы народу. Навошта нам ламаць ногі, скажам, работніку Менскага трактарнага заводу, калі ён тады заўтра ня выйдзе на працу? Навошта, каб у краіне скончыліся нармальныя адносіны? Мы што, дажылі да таго, што ў ХХІ стагодзьдзі трэба ўсё вырашаць з дапамогай цэглы і дубінкі? Ня трэба было наогул ужываць ніякіх спэцсродкаў супраць грамадзян. Толькі дыялёг!
Самае страшнае, калі нянавісьць да аднаго супрацоўніка міліцыі ці да пэўнай катэгорыі супрацоўнікаў міліцыі перарастае ў страту даверу да ўсіх органаў улады. Але пакуль, на жаль, замест дыялёгу ўлада працягвае рабіць памылкі.
„З чыстым сумленьнем пайшоў з жыцьця“
Алена, жонка Аляксандра Тарайкоўскага,
які загінуў 10 жніўня:
— Пра тое, што ён загінуў, я даведалася ад журналістаў увечары 12 жніўня. У тое, што ў яго ў руках узарвалася выбухоўка, я ня веру. Нічога такога пры ім не было, нічога гэтага ён ня ўмее.
10 жніўня каля 20:00 яны вярнуліся з дачкой з прагулкі. Ён быў вельмі абураны тым, што людзей затрымліваюць, страляюць. Даведаўся, што там зьбіраюцца людзі, і сказаў, што пойдзе ў кватэру бацькі, дзе яны рабілі рамонт, у тым раёне. Пры ім нічога не было: шорты, белая майка, тэлефон. Пашпарт ягоны ў мяне.