Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]
- Автор: Свабода Радыё
- Год: 2021
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]». Краткое содержание книги:
На скрыжаваньні вуліцы Прытыцкага і праспэкту Пушкіна, проста на праезнай частцы стаялі мінакі са сьцягамі, крычалі „Уходи!“, кіроўцы іх падтрымлівалі. Я зьбіралася ў цэнтар і падумала, што Пушкінская — невялікая выспачка пратэсту гэтым вечарам, прамежкавы пункт.
Я пайшла далей, у бок гіпэрмаркета „Карона“ па Кальварыйскай. Потым убачыла вялікую групу людзей насустрач — стала вяртацца. Амаль адразу закрычалі: „Мянты едуць!“ Усе разьбегліся ў двары побач са скрыжаваньнем. Я забегла ў пад’езд, але нічога не было відаць, таму вырашыла вярнуцца.
Я выйшла якраз побач са скрыжаваньнем. Праз дарогу, з боку гатэлю „Арбіта“ і кінатэатру „Аўрора“, выстраілася калёна амонаўцаў са шчытамі. Людзі хаваліся за дамамі і назіралі. Так атрымалася, што я выйшла бліжэй, у адзін зь першых шэрагаў. Напярэдадні такая калёна стаяла за мэтар-паўтара ад мяне. І яны нічога не рабілі. У прынцыпе, у іх не было падставаў. Таму я не баялася.
Сёньня інтэрнэт поўны жахлівых хронік таго вечара, але ў эпіцэнтры падзеяў яны ўспрымаліся інакш. Напрыклад, я ня бачыла забітых ці параненых. Я была ўпэўненая, што ўсё, што адбываецца — спэцэфэкты, нас проста палохаюць, каб разагнаць. Як журналіст я проста назірала. А потым мяне падстрэлілі.
Я адчула моцны ўдар у плячо, як быццам здаровы мужык урэзаў мне кулаком. Але нікога побач не было, і стала ясна, што прыляцеў нейкі прадмет. Ад шоку боль быў не такі ўжо моцны, я нават ня ўпала і не ўпусьціла тэлефон. Мой розум уключыў рэжым кампутара: вось праблема, цяпер думай, як вырашыць яе, выжывай. Я нават бегла... Я цяпер у гіпсе не магу і трошкі прабегчы. Нават у лякарні яшчэ не разумела, што адбываецца, пыталася: „Мне можна будзе тут паспаць, ці вы мяне дадому адправіце?“
Мне вельмі пашанцавала: „хуткая дапамога“ дзяжурыла ў суседнім двары. У карэце я ўбачыла яшчэ аднаго параненага: у хлопца з галавы цякла кроў, у пахвіне была рваная рана, і ён стагнаў, што адарвала два пальцы. Жудасна, што ў параўнаньні зь ім мне пашанцавала. Паранены тэлефанаваў жонцы і плакаў. На трэці званок я ня вытрымала: „Саша, заткніся! Пра жонку падумай: яна там пасівее да раніцы ад тваіх расказаў. Я вунь дзяўчына, і то бацькам не тэлефаную, каб яны гэтую ноч паспалі. Горш ужо ня будзе, зараз нас давязуць у лякарню і зашыюць, супакойся!“. Быццам бы супакоіўся…
Да таго часу сілавікі адчулі смак і сталі труціць цывільных газам. Доктара ў машыне пачало ванітаваць на падлогу, людзі з вуліцы ламіліся да нас у машыну ў надзеі атрымаць дапамогу, я піла ваду і старалася дыхаць роўна і носам. Нават вось у такой атмасфэры стала ў тэлефоне чысьціць фатаздымкі за суткі. Мы не маглі выехаць мо паўгадзіны, бо ўсё было перакрыта.
І зноў пра шанцунак. Я трапіла адразу ў лякарню, дзе дактары спэцыялізуюцца на ваенна-палявой хірургіі. Але і кантынгент там суровы. Зь першых хвілін суседка па палаце і санітаркі накінуліся з папрокамі: „Ага, глядзі, Лена, пачалося… Прыперліся, рэвалюцыянэры хрэнавы. Ну і навошта ты туды пайшла? Сама вінаватая. Цяпер такіх кантужаных другую ноч вязуць. А ў нас заўтра УГД, плянавыя апэрацыі, працэдуры. А вы ўсё псуяце, наркаманы“. Параненых падвозілі кожныя 20 хвілін. У калідорах дактары шапталіся, што ніколі ня бачылі столькі крыві.
Як высьветлілася, куля пацэліла мне ў плячо, разьбіўшы ключыцу на аскепкі. Уласьцівасьць гумавых куль — пранікаюць неглыбока, але ствараюць магутную ўдарную хвалю. Таму страляць гумавымі кулямі ў корпус і ў галаву ні ў якім разе нельга.
У мяне атрымалася кантузія на палову тулава (варта было крыху напружыць цягліцы — і адразу боль да самага чэрапа), гематома на сьпіне, якая і празь месяц да канца не сышла, і адкрыты пералом з ранай больш за 10 см у даўжыню і некалькі сантымэтраў у шырыню. Мне ў плячо кожны дзень закладвалі па два тампоны, каб хоць неяк спыняць кроў.
І зноў: некалькі дзён ляжаць у лужыне ўласнай крыві — гэта цяпер шанцунак. Калі на першай апэрацыі мяне ўводзілі ў наркоз, дактары абмяркоўвалі, ці варта захоўваць нагу 16-гадоваму хлопцу ў штучнай коме, ці ён мае больш шанцаў выжыць з ампутацыяй. У часе другой апэрацыі, ужо пад мясцовай анэстэзіяй, я тры гадзіны слухала, як дактары пілуюць маю ключыцу. Як у іх не атрымліваецца і робяць наноў. Як пальцамі перабіраюць цягліцы і ўстаўляюць жалезныя сьпіцы ў абломкі косткі. Як крэсла пада мной развальваецца ад старасьці, а лямпа падае на галаву. У другім канцы апэрацыйнай хірург гучна абураўся: „Вось прыдуркі, яйцы ім паадрываць. Яны па мітынгах ходзяць, а я ім чацьверты дзень кулі з азадкаў дастаю!“
„Хто там такі злы ў вас?“ — спытала я праз шум дрыля. „Доктар ня злы, доктар ня спаў трое сутак“, — зьмякчыла мэдсястра.