Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Спачатку яна сама сябе ненавідзела за гэта, праклінала і таго, з-за якога ўсё тое адбылося, а потым усё прытупілася, набыло нейкую незразумелую агрэсіўную афарбоўку і форму – помста, помста, помста...
Ужо і “ляснічы” сплыў з яе памяці, успамінаўся, як эпізод з нейкае дзіцячае казкі, і твар яго ўжо сцёрся з памяці, і сустракацца з ім ужо асцерагалася і баялася...
Ва ўнівермазе ненарокам сустрэла. Амаль твар у твар. Ён быў задумлівы нейкі, стомлены. Ды во, накульгваў на правую нагу. Падумала тады, што можа што здарылася з ім тады, пад Новы год, раз не быў так доўга на працы...
Ева рэзка нахіліла галаву, як што шукала пад нагамі, і прашмыгнула паўз яго. Не ўбачыў, не адчуў яе блізкасці, што яе нават і абрадвала – навошта яму яе клопаты і трывогі... Ды і саромелася глядзець яму ў вочы, бо яна была ўжо не тая, што стрэлася некалі яму ў парку – няйначай дзівоснай птушкай з лёгкімі крыламі... А цяпер... А цяпер яна згубіла тыя чароўныя крылы. Можа і не згубіла, а абламалі іх, абсеклі, груба і жорстка, не звяртаючы ўвагу на яе нязгоду і пратэст, на яе боль і пакуты... Як усё роўна змей укусіў яе за пяту, падкраўшыся з гушчарняку, – так як і абяцаў Вышні...
Меў, мусіць, на ўвазе Бог, што жанчыну будуць падсцерагаць усё жыццё ўкусы Гада – на кожным кроку...
У “ляснічага” пачалася паласа няўдач.
На ўсе справы і вырашэнне пракурорскіх праблемаў катастрафічна не хапала часу. Работнікаў мала, а здарэнняў, што тычыліся пракуратуры, – хоць адбаўляй.
А часу на адпачынак, хаця б перадых, ніхто не даваў. Круцілася і круцілася тое працоўнае кола круглыя суткі, ні на хвіліну не перапыняючыся.
Лазар Шульман, чалавек у гадах, спакойны і разважлівы, які, здаецца, ніколі і не спяшаўся нікуды, – яго памочнік, – не раз накідваў на яго цуглі:
– Браце Адаме! Спыніся, не рвіся так... На твой век працы хопіць, і ўсю не пераробіш... Прывялі да цябе, голубе мой шызы, злачынцу? Злым падаўся табе, кругом вінаватым? А ты, голубе мой шызы, не ў гэты момант прымай рашэнне, а праз дзень, а яшчэ лепей, калі праз тры... Пабачыш, што твая думка павернецца-развернецца на ўсе сто восемдзесят градусаў...
І, дзіўна, па яго і выходзіла. Мудры, значыць, быў стары габрэй, наколькі ж і добры.
Прысвоіў грошы начальнік райспажыўсаюза Селіванаў. Некалькі тысяч. На бюро райкама партыі разбіралі персанальную справу.
– За такі крадзёж – толькі за краты, – вынес адразу прысуд Мяжэвіч.
Першы сакратар райкама заступіўся, сказаў:
– Чалавек і так зразумеў сваю віну, нашто ж пазбаўляць яго яшчэ і партбілета?
Ну, тут пракурор не вытрымаў, сказануў, не ацаніўшы абстаноўку:
– Як баба Ганна ўкрадзе паўмеха бульбы ў калгасе, дык мы яе за краты, а як чыноўнік з партбілетам у дзяржаўную кішэню залезе, то ім і слова супраць не скажы... Яны пад прыкрыццём партыі, і таго ж білета, робяцца злачынцамі...
– Ну, вы, таварыш пракурор не загаворвайцеся – “пад прыкрыццём партыі”, – перадражніў пракурора сакратар. –Можа, скажаце, што і я пакрываю яго...
Нешта хацеў і яшчэ сказануць Мяжэвіч, ды яго ззаду за крысо пінжака адзёрнуў Шульман – раз, другі і трэці...
– Іван Мінавіч, – падняўся Шульман з месца і стаў паперадзе свайго начальніка. – Мы абдумаем гэтае пытанне асобна, нам трэба выйсці ў калідор...
Ужо каля вялікага акна файе, прыпёршы да сцяны Мяжэвіча, памочнік акругліў здзіўлена вочы, дапытваўся:
– Ты што, голуб мой шызы, зусім не валодаеш сітуацыяй? Ты што, пуп зямлі ў гэтым раёне? Ён жа бярэ ў яго пыжыкавыя шапкі і абутак, ды яшчэ за паўцаны, спісваючы іх на моль і на мышэй... Ён жа апранае усіх сакратарскіх жонак, а ты “злачынцамі”, “за краты”... Астынь, голубе мой шызы, апусціся на грэшную зямлю...
– Дык я ж з пункту гледжання закону, – слаба пратэставаў недаўмена пракурор раёна.
– Закону, закону... Закон, як дышла, як партыя скіруе, так яно і выйшла... Будзеш ісці супраць сакратара, сёння ж “першы” пазвоніць абласному сакратару, і з заўтрашняга дня ты не будзеш працаваць...
– Дык як жа быць, Лазар Самсонавіч?
– Ты паслухай сюды, голуб мой шызы, паслухай мяне, старога габрэя, умудронага вопытам пракурорскай работы. Ты Біблію чытаў – мудрыя выслоўі Саламона? Не? Атэіст, у Бога не верыш...
– Не, чаму, Бога я не адмаўляю, але папы...
– І то добра, што не адмаўляеш, – як злітаваўся над ім Шульман. – Супакоіў. А я веру. У Адзінага Бога, бо іўдэі не прызнаюць Ісуса Хрыста, – ды я не пра тое. Абавязкова прачытай выслоўі Саламонавы, там мудрасці – на тысячы і тысячы год... Дык вось, голубе мой шызы, Бог вучыць нас, што мы павінны быць мудрымі, як змяя, хітрымі, як ліс. І хто адступіць дзеля добрай справы на тры крокі назад, акажацца на дзесяць наперадзе...