Сустрэча з самім сабою
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1988
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0050-5
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сустрэча з самім сабою». Краткое содержание книги:
Хоць і падалася, але не здавалася пенсіянерка Мальвіна — скрозь упраўлялася сама: і ў хаце, і ў хляве, на гародзе і на сотках, ледзь дапаўзе на сточаны шашалем бабчын ложак, але дзе ты заснеш, калі сама бабкаю стала. Адслужыў яе Толік у войску, добрым шоферам стаў, казаў, самога палкоўніка вазіў, а вярнуўся дадому, пайшоў шафярыць у дарожны ўчастак. Адразу палегчала Мальвіне. Як ні кажы, машына — у руках: і сена, і дроў, і картоплю з поля ёсць на чым вывезці. А неўзабаве і ажаніўся сынок. І з кім! Каб прыснілася, не паверыла б. З тою самаю «фіфачкаю», што села на Мальвініна месца. Адразу маці была ані блізка, а як разважыла, дык чым жа яна вінавата,— дзеўка як дзеўка. Праўда, прыехала трэска трэскаю, а тут папышнела, раздалася, і з мордачкі нішто сабе.
Вяселле справілі як мае быць. Аж тры дні гулялі — радні развялося, за тры сталы не ўсадзіш. Паладзіла з нявесткаю Мальвіна, а як прыйшоў час, тая прывезла з бальніцы гарластых двайнятак — Косціка і Алёнку. Які ўжо тут сон бабе?
Неяк пад восень адвярнулася Мальвіна ад печы, аж нейкая шэрая постаць прасунулася за акном. На парозе адчыненых дзвярэй нячутна прыхінуўся да слесака Васіль. Зняў кепачку з аблезлай галавы, стаіць няголены, у абвіслых, выкачаных у пыле штанах — жабрак жабраком. Ледзь чутна сказаў «здрастуй» і маўчыць.
— Што скажаш, чалавеча? — спытала Мальвіна. Маўчыць. Яна дастала з-пад кужэльнага ручніка цёплую аладку і працягнула Васілю. У таго вочы наліліся слязьмі.
— За што ты так, Мальвіна? Я ж міласціну не прашу. Дай на ўнукаў глянуць, хоць хлопца на руках падзяржаць.
— Адкуль у цябе тыя ўнукі ўзяліся? І сына ў цябе няма. Дзе ж ты быў, як ён у пустой хаце плачам заходзіўся, а суслу не было каму падаць, як ён у адзёры ды ў гарачцы качаўся? А тут ні села ні пала — дзеда прыдбала. Лепш ідзі, чалавеча. Сабе скруціў жытку, хоць нас не труці. Тут жа канём смярдзіць. Бяжы, Васечка, туды, дзе пархумаю пахне. Богам прашу: і пад вокнамі не ацірайся, бо апару. Сэрца не ад'ядай ні сабе, ні нам,— і лагодна, праз слёзы, папрасіла,— трэба ж неяк па-людску век звекаваць, каб без крыўды і злосці. Хто вінаваты, глядзі сам. Я табе даравала. Слязьмі выліла боль. А што сына маю,— яна нізка пакланілася,— дзякую табе.
— А сабе не даруеш.— Васіль шморгнуў носам. І тут у два галасы залемантавалі Косцік з Аленкаю. Мальвіна пабегла да іх з дзвюма пляшачкамі малака. Пачула, як ляпнула клямка форткі, за акном прасунуліся ўвагнутыя плечы Васіля. Пякучы боль перахапіў дух, тугі камяк падкаціўся пад самае горла. Памкнулася зірнуць, куды ён падаўся, а яго і след прастыў.
На вуліцы глуха затупалі капыты. Каля брамкі стаяў спутаны Орлік. Мальвіна ўхапіла ладны акраец і выбегла з хаты.
Заўсёды заклапочаная і паспешлівая, яна толькі цяпер прыгледзелася, як у вузкім гародчыку буйна расцвілі цёмна-барвовыя вяргіні з пабялелымі кіпцікамі на кончыках вострых пялёсткаў, як выцягнуліся і пазгіналіся ад ружовых званочкаў светла-зялёныя сцябліны мальваў. Расцвілі мальвы — значыць, не за гарамі восень: трэба барзджэй упраўляцца, і Мальвіна пабегла на звонкія галасы ўнукаў.
СУСТРЭЧА З САМІМ САБОЮ
— А ці туды вы мяне везяце, малады чалавек? — спытаў Мікалай Іванавіч у шафёра таксі.
— Куды сказалі, туды і вязу.
— Гляджу і не верыцца, няўжо гэта той самы горад...
Машына імчалася па роўнай асфальтавай магістралі, залітай малочным святлом, мільгалі высотныя дамы, шкляныя акварыумы магазінаў, здавалася, да самых зорак — вокны, вокны, з чырвонымі, зялёнымі, жоўтымі, сінімі абажурамі і гардзінамі. Насустрач і следам імчаліся машыны, праплывалі скверы з раскідзістымі кронамі ліп і клёнаў. Толькі там-сям па правую руку паміж дамамі паблісквалі хвалістыя палосы на знаёмай рацэ.
— Прыпыніся, калі ласка... Ну хоць бы тут.
Мікалай Іванавіч выйшаў з машыны. З Дзвіны цягнула прэснаю свежасцю, а ўнізе, каля самага берага, стаяла адзінокая, сагнутая снягамі і вятрамі, учарнелая сасна.
— Яна! Яна!
Шафёр праз апушчанае шкло глядзеў на дзіўнаватага пасажыра і не разумеў, каго ён там убачыў, каму так узрадаваўся. У доме насупраць ціха іграў магнітафон, на празрыстую фіранку то выплывалі, то знікалі цені танцораў, некалькі вокан свяцілася тэлевізійным блакітам. Горад паступова тушыў агні. Пасажыр глядзеў на ўсе бакі, нешта мармытаў, разводзіў рукамі.