Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
* Перламутр.
Жывена ж і двое яе спадарожнікаў тым часам вячэралі пад веліканам дубам, што шапаткім духмяным буданом раскінуў свае таўшчэзныя галіны непадалёку ад дарогі.
Садзілася сонца, усё глыбей утыкаючы свае чырвоныя промні-спіцы ў зямлю, Лясун ужо колькі раз вухнуў у гушчары, прачышчаючы шурпатае горла, каб пасля цэлую ноч галёкаць па лесе, гукаючы Балотніка ці Вадзеніка і разам з імі качацца па махавінах; цені ад бяроз, станчаючыся ў чарацінкі, цягнуліся па зямлі, як постаці дванаццаці сясцёр Трасцы. Лямец прыціх, жаваў хлеб, спалохана касавурачыся. Жывена слухала галасы лесу і назірала за коньмі — яе белы, з чорнаю грывай Рос спакойна шчыпаў траву, мангольскі ж скакун фыркаў, азіраўся. Можа, чуў дзе Кумяльгана — злыдуха з чалавечым тулавам і конскай галавой, што адводзіць коней у лес на згубу, падманваючы іх ціхім іржаннем? Але яго гаспадар ладзіў начлег — збіраў сучча для вогнішча, шчапаў сухія кавалкі дрэва на трэскі.
— Хацеў бы я пабачыць Драгічын, — раптоўна азваўся Лямец. — Мой бацька гадоў трыццаць таму быў ля яго, калі войска Данілы Галіцкага рыцараў Дабжынскага ордэна і іхняга магістра Бруна добра пасекла, ажно сам ордэн распаўся, а тыя, хто жывымі засталіся, да тэўтонаў падаліся. Бацька шмат дабра тады прывёз, сёстры дасюль шаўковыя каптурыкі з тых тканін носяць…
— Мы не заязджаем у Драгічын, — буркнуў ганец. — Ты б, чалавеча, для дзяўчыны сетку наверх закідаў. А то ваўкі недзе выюць.
— То не ваўкі — Кадук пачуў жывых людзей у лесе, — са страхам зашаптаў Лямец. — Ты ж нас тут, у глухім месцы, абароніш, залатая жрыца?
Жывена кіўнула, устала. Яна абышла дуб тры разы, шэпчучы замовы, каб не ўселася на сонных людзей ні Мара, ні Стрыга, ні Лядашчык, а ні Паўночнік, каб не мучылі іх ні прахі, ні паралікі, ні хто іншы, ласы на жывую, гарачую кроў і чалавечае цяпло. Рос, кінуўшы скубсці траву, ішоў за ёю, як аберагаў ад подыху начы і небяспекі, які нібы ішоў з лесу.
— Першы раз бачу, каб конь так слухаўся дзяўчыну, — буркнуў даўгалыгі, цікуючы за абодвума.
— Яна не проста дзяўчына. Ведаеш, як яна лечыць? — загарачыўся Лямец. — Я, можа, дваццаць гадоў у храме пражыву, а толькі макавінку ад таго, што яна ведае, спасцігну. Ёй, кажуць, самі Ашвіны ў сне падказваюць, што да чаго.
— У нас няма такіх багоў, - азваўся ганец. — Сварог, Пярун, Вялес, Мокаш — усе яны ёсць. Дзед, праўда, казаў, што пакланяліся раней Спарышам — братам, але цяпер больш да Перуна ходзяць, а княжацкія ды баярскія сем'і — да Хрыста.
Цямнела. Жывена, стомленая вялікім дзённым пераездам, заснула адразу, як толькі забралася ў вераўчаную сетку, падвешаную да галіны, і, зірнуўшы на ганца, што сеў спіной да дрэва. нібы абліты барвовым водбліскам кастрышча, заплюшчыла вочы. Ёй снілася, што яна нястрымна ляціць наперад, а Рос амаль не дакранаецца капытамі зямлі, аднак жа пошчак тых капытоў такі гулкі, што напаўняе прастору. Ці не Ашвіны гэта лятуць у паднябессі, громам распорваючы перад сабою аблокі? Ці не іхняя гэта залатая калясніца, ззяючы, як гарачае летняе сонца, падскоквае на грудкаватай лясной дарозе, якая вядзе… куды? Куды віецца тая мяккая, гулкая, як бубен, дарога, па якой цэлы дзень скакаў яе конь? Што крычыць яна — кожнай сваёй увагнутасцю і грудком?
— Трывога! Ратуйся, Жывена!
Ускінуўшыся злоўленай у цянёты рыбінай, Жывена адным позіркам ахапіла тое, што адбывалася вакол дуба: Лямец, прыхінуўшыся спіною да ствала, адбіваўся мечам ад двух воінаў у жалезных латах і аплеччах, поршні яго дыміліся. Мабыць, малады служка, адступаючы, прайшоў праз вогнішча, якое курэла і слалася па зямлі дымным покрывам, кідаючы мігатлівыя водсветы на недалёкі лес, куды паспешліва адводзіў двух коней ганец. Белы яе Рос, мабыць, падсечаны пятлёю, курчыўся на зямлі, спрабуючы вызваліцца, але яго моцна трымаў, натужваючыся з усяе моцы, трэці з нечаканага гэтага нападу. Але ці нечаканага? Жывена, спрабуючы выбрацца з сеткі на ствол дуба, выразна ўбачыла ў святле мігатлівага касніка полымя, як ганец тузае за руку чацвёртага з нападоўцаў, пальцам паказваючы якраз на тое месца, дзе выкарасквалася з сеткі яна, імкнучыся не пабегчы наверх, як крычаў Лямец, але кінуцца на дапамогу яму — насуперак розуму, насуперак усяму, што хацела ў ёй жыць і ратавацца.
Яна саслізнула з шурпатага, як вялізная тарка, ствала якраз у тое імгненне, як адзін з воінаў выбіў меч з рук Лямца і спакойна, нават неяк зняважліва, дзелавіта, усадзіў свой доўгі меч у грудзі маладога служкі, які, захлынуўшыся, грузна ўпаў проста пад ногі Жывене, прахрыпеўшы апошняе: