Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Сустрэча з самім сабою - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Сустрэча з самім сабою

Электронная книга - «Сустрэча з самім сабою». Краткое содержание книги:

Новая кніга прозы Сяргея Грахоўнага вяртае чытача ў рамантычную пару юнацтва камсамольцаў 30-х гадоў, у суровы час класавай барацьбы, расказвае пра чыстае і светлае каханне, пра лёсы людзей працы. У кнізе знайшлі месца ўражанні аўтара пра першыя дні будаўніцтва Наваполацка і нафтаперапрацоўчага завода, пра нашых сучаснікаў.
1 ... 36 37 38 39 40 41 42 43 44 ... 94
Перейти на страницу:

Ні заўтра, ні пазаўтра Вася не вярнуўся. А людзі раней за Мальвіну ведалі, што ён, туляючыся, прападаў у гладкай, як ласіца, адзінокай медсястры. Калі пасяліўся ў яе, Мальвіна склала на воз яго транты, адвезла на новую кватэру, перакінула іх цераз плот, паляпала ў шыбіну пугаўём: «Забірай пасаг свайго абармота»,— села на воз, сцебанула ляйчынаю Хаз-Булата, і толькі пыл закурэў.

Праз тры месяцы Мальвіна нарадзіла Толіка. Ніхто на яе брыдкага слова не сказаў, пальцам не тыцнуў, не папракнуў. Хадзіла вясёлая і шчаслівая, а колькі начамі слёз праглынула, ніхто ніколі не дазнаецца. Затое хлопец удаўся ўсім на дзіва.

А Вася патроху співаўся, азыз, спахмурнеў, па тыдню хадзіў няголены. На базе выявілася недастача. Хацелі судзіць, але зжаліўся і заступіўся былы камандзір брыгады, нешта аформілі, нешта скруцілі. Спецыяльнасць у Васі, як кажуць, вузкая — піць, спяваць ды цешыць маладзіц.

Пакуль валаводзіла следства, аціраўся Васіль у «шаткоме», пляшку зарабляў на разгрузцы-пагрузцы, спрабаваў шабашыць з сякераю, але не цярпеў мазалёў. Кінуў. Быў дарожнікам і вартаўніком крамы, пакуль не ўкралі стрэльбу. Цяпер вось на пенсіі. Ат, і пенсіі тае на хлеб ды на «Прыму» ледзьве хапае. Летам — усяе работы шлёпаць вудаю па вадзе, а ўвечары ацірацца каля чайной: можа, каму спатрэбіцца трэці.

Пакуль Мальвіна глядзела на кепку над берагам і з жалем успамінала і Васю, і сваё горкае жыццё ні дзеўкі, ні ўдавы, Орлік устаў і ўзяўся асцярожна скубці дробную траўку на сталочаным выгане. Толькі выпнуліся рэбры, ды ямкі над клубамі надзімаліся і ападалі, як пухіры. Гэта ж трэба! За якога паўдня такога каня зрабіць інвалідам... А Вася? Вася сам сябе жывасілам у інваліды перавёў. Ах, такі ж хлопец быў! Чорт чортам у любым дзеле, а розуму, выходзіць,— на адну зацяжку. Адно шчасце, што Толік толькі мордаю ды чубам у бацьку ўдаўся, а сэрца і рукі залатыя.

Мабыць, Васіль здалёк пазнаў Мальвіну, ніжэй нацягнуў кепку, скруціў акунёўку, забраў свой веласіпед і падаўся берагам за лазовыя кусты, ці на лепшае месца, ці каб не сутыкнуцца з ёю. Мальвіна доўга глядзела ўслед, потым падняла галаву ўгору, каб не скаціліся непатрэбныя слёзы. Высока-высока ў чыстым блакіце адно за адным плылі бусел з бусліхаю на буслянку на старой таполі да сваіх буслянят.

Мальвіна ўзяла повад, і за ёю млява патупаў Орлік. Пасля прабежкі за грузавіком куды дзеліся спрыт, сіла і жвавасць? Глядзіш — Орлік і не Орлік, ён і не ён: нейкая струна лопнула ў ім, ужо не чутно залівістага ржання, гулкага цокату капытоў, ужо не нясе высока сваёй зграбнай белай галавы, толькі па-ранейшаму лашчыцца да Мальвіны і слухае яе.

Але хутка прыйшлося ім разлучыцца: лясніцтва прэміравалі невялічкім універсальным трактарам і «газікам» не першай маладосці. Ляснічаму давялося «пералічыць» Орліка аддзелу камунальнай гаспадаркі. З плачам правяла Мальвіна свайго гадаванца з двара. Ён упершыню паўпінаўся каля варот, быццам ведаў, што пакідае іх назаўсёды.

Калі везлі на Орліку дровы ці дошкі па Мальвініным завулку, як ні тузаў, як ні круціў лейцамі камунгасаўскі вазак, конь станавіўся каля знаёмага двара, падаваў асіплы голас і жывасілам цягнуў воз да брамы, а калі ехалі на ім па плошчы, спыняўся насупраць ашчадкасы і ціха ржаў. Вазак хвастаў яго дубцом, а з дзвярэй ужо выскоквала Мальвіна і коршакам налятала на фурмана: «За што ж ты яго б'еш? Каб цябе падучка біла. Гадаваў ты яго? Га?!» — Вырывала ў вазака дубец і гатова была адхвастаць самога, але не адважвалася, толькі махала над галавою, а той засланяўся рукамі. Людзі спыняліся і пасмейваліся з аднаго і другога. Мальвіна папраўляла збітую набок сядзёлку, падцягвала церассядзёлак, гладзіла па шыі, пхала ў мяккія губы акрайчык хлеба і, не азіраючыся, павольна ішла назад у ашчадкасу. А там ужо яе чакала чалавекі чатыры ўкладчыкаў, усё бачылі праз акно. Самыя языкатыя пад'юджвалі: «Каня без чаргі ўлагоджвае, а нам стой». Мальвіна прасіла прабачэння і хуценька адпускала ўсіх.

Пасля работы загадчыца не раз выгаворвала ёй за адлучкі: «Жаляцца, Юстынаўна. Кажуць, каб была другая ашчадкаса, туды б панеслі свае грошыкі. А ў нас план, самі разумееце. І даўся вам гэты конь. Возіць смецце, няхай сабе возіць».— «Ён у мяне, не раўнуючы, дзіця малое, соскаю выпаены. Адно што гаварыць не ўмее, а то мог бы сам быць... ого-го!» Камунгасаўскія вазакі аб'язджалі ашчадкасу і Мальвінін завулак, каб не сутыкацца з ёю.

Як толькі выйшлі Мальвіне гады, па заяўцы загадчыцы з фінансавага тэхнікума прыехала маладзенькае дзеўчанё на пасаду кантралёра. Чырванеючы і мнучыся, загадчыца сказала Мальвіне: «Я асабіста супраць вас нічога не маю. Наадварот, удзячная, што многаму і мяне навучылі. Але вось прыслалі па размеркаванню маладога спецыяліста. Самі разумееце, не магу ж яго адправіць назад...» — «Вядома, не можаш. Калі здаваць? Яно і лепш. Пайду на Орліку смецце вазіць».— «Што вы, Юстынаўна! Не сярчайце, пажалуста. Аформім вам пенсію чын чынам. Я ўжо ў сабесе ўсё высветліла».— «От дзякую. І даўно паспела паклапаціцца?» Мальвіна павярнулася і пайшла. Потым былі сумныя праводзіны, электрычны чайнік і гадзіннік за 27 рублёў. Пасля гэтага нагі не было Мальвінінай у ашчадкасе.

1 ... 36 37 38 39 40 41 42 43 44 ... 94
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)