Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:

Залатая жрыца Ашвінаў
1 ... 36 37 38 39 40 41 42 43 44 ... 140
Перейти на страницу:

— Сюды трэба прыходзіць, толькі выбавіўшыся ўсяго свайго, акрамя ўдзячнасці багам.

Пільным позіркам упіўся ў Жывену, і яна дазволіла гэтаму позірку як пралыгаць сябе наскрозь, прамацаць усе куточкі душы. Відаць, вярхоўны жрэц застаўся задаволеным, таму што даў знак працягваць спевы.

На вільготных пасля начной расы каменнях вежы мітусіўся, ладзіўся вязаць сваю бела-шаўковую сетку вёрткі павучок, не зважаючы на тое, што кожны з прысутных незнарок, а можа, і спецыяльна, мог у імгненне змясці крысом ці даланёй увесь плён ягоных намаганняў. Жывене ўспомніліся ўчарашнія словы Святазара. Так, трэба рабіць сваё, настройваць душу ў лад са светлымі струнамі быцця, а ўсё астатняе ад цябе не залежыць. І яна пацягнулася ўвысь, стараючыся пераліць сябе ў спеў, каб, пачуўшы яго, зірнулі боскія блізняты Ашвіны на маленькі куточак зямлі, дзе жывуць і паміраюць людзі са сваімі маленькімі, але для іх саміх вялікімі патрэбамі — здароўя, шчаслівага кахання, заможнасці…

Надвячоркам у храм прыехаў ганец. Цёмныя кругі пад пахамі яго шэрай шарсцяной світы, збітыя ў лямец валасы пад ваўнянай павязкай, асабліва ж парэпаная скура сядла, з-пад якой выглядаў драўляны арчаг — аснова — усё гаварыла аб доўгім і нялёгкім шляху. Перш чым узяць з ягоных рук світак, Жывена звярнула ўвагу на жарабка: з больш кароткай, чым у тутэйшых коней, але моцнай спіной, з грубай галавой і пукатымі нагамі, ён быў не падобны да мясцовых. Адрозніваўся і моцнымі капытамі, на якіх не было падковаў.

— Адкуль конь? — коратка запыталася, ламаючы пячатку на скрутку пергаменту.

— Мангольскія коні ўсе такія, — стомлена буркнуў даўгалыгі, з чорнымі, зрослымі ў адну паласу брывамі ганец, пацёпваючы плячамі, як бы размінаючыся. — Дзе б тут вады папіць?

— Пачакай, прачытаю спярша пасланне.

Чытала з цяжкасцю: на паскрэбанай паверхні цялячай скуры новыя літары, хаця і выведзеныя кінаварам, клаліся цяжка. Апфія паведамляла, што, мабыць, прыйшоў яе час: нясцерпныя болі нічым не здымаюцца, нават макавымі адварамі і опіем. «Абецадла было ад лекараў, што чарнобыл тоўчаны ды змешчаны з вадою апіевай травы камень з пузыра выведзе*, - чытала Жывена, — але не дапамагло і тое». Надта прасіла яна прыехаць Жывену — мо гэта прынясе палёгку. Калі ж не, то хаця развітаюцца яны на гэтым свеце, бо на тым, невядома, сустрэнуцца ці не, таму што рознае месца ім, відаць, адведзена на тым свеце.

* Дакладны выраз з летапісу. Апіева трава — сельдэрэй.

Усё як быццам не выклікала падазрэнняў. Але дзяўчына ўсё разглядала дый разглядала кавалак пергаменту, як бы хочучы тым выклікаць вобраз любай цёткі. Тады ганец пакорпаўся ў капшуку і падаў пярсцёнак. Жывена пазнала сярэбранае колца з зялёнай кропляй акінфа* — Апфія амаль не здымала ўпрыгожанне з пальца.

* Яхант.

— А хто пісаў?

— Лекар, што ходзіць за ёю, — левае вока даўгалыгага было з касабочынкай, пальцы кароткія, як абрубленыя. І ўвесь ён быў як ахутаны шчыльнай татарскай кальчугай — баданай. Дзяўчыне не ўдавалася адчуць, ці праўду ён кажа.

На роспыты аб тым, як жывецца ў Галічы, коннік адказваў коратка, але дакладна. Высветлілася, што ён паспеў пабываць у Новагародку, але Яўлампія ці то не пажадала, ці то і папраўдзе не змагла выбрацца ў дарогу. На словах яна перадала Жывене просьбу: калі толькі яна зможа, хай адведае Апфію. «У памяць дзеда», — прасіла яна. І словы тыя як схілілі вагі, што няўпэўнена калываліся паміж падазронасцю і жаданнем дапамагчы. Святазар сказаў ёй адно — калі не адгукнецца на покліч дарогі, нешта ўсё роўна прыйдзе па яе. Дазволіў узяць з сабою маладога служку Лямца — той не так даўно быў воем, ды пажадаў служыць людзям не зброяй, а лекарскім умельствам. А яшчэ даў вярхоўны жрэц Жывене куфэрак з дубовых дошчачак, у якім месціліся арамаціцы* з пахкімі алеямі і лекі: шэры парашок з атрутных грыбоў, якім праганяюць трасцу, чорная мазь з бяросты, якою лечаць артэты — хваробы суставаў, і многае іншае, што ва ўмелых руках прынясе палёгку, а ў няўмелых — пагібель.

* Сасуды.

Ледзь заружавела неба, пакрысе праяўляючы сонны і амаль нерухомы яшчэ свет, па дарозе, дзе не астыў мяккі пыл і над якою схіліліся высокія травы ў буйнай расе, што як маціцай* паслалася па лузе, памчаліся тры коннікі. Паміж двума мажнымі мужчынскімі постацямі доўга бачыў з храмавай вежы Відэвут спіну танклявага юнака ў барвовым каптане, які мільгаў з-пад шэрага ваўнянага карзна. Яшчэ раз падзівіўся малады жрэц, як лоўка сядзіць у сядле Жывена, а пасля сышоў з храма ажно да самага вечара, і Святазар не сварыўся за тое, хаця і сказаў неадабральна, што жрацы тым і адрозніваюцца ад простай чадзі і нават людзей імянітых, што цвёрда сустракаюць выпрабаванні, якія на іх насылае Лёс.

1 ... 36 37 38 39 40 41 42 43 44 ... 140
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)