Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Другая проза » Пракурорка [Журнальный вариант, be]
Пракурорка [Журнальный вариант, be] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Пракурорка [Журнальный вариант, be]

Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:

Аповесць «Пракурока» («Prokurator Alicja Horn») напісана ў 1932 годзе і прысвечана бліскучаму сталічнаму жыццю міжваеннай Варшавы.
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
1 ... 36 37 38 39 40 41 42 43 44 ... 179
Перейти на страницу:

— Ну тады добра, вы можаце на мяне разлічваць.

Залкінд моцна патрос яго руку. Ён дадаў яшчэ некалькі дэталей і, беручы капялюш, сказаў:

— І яшчэ адно.

— Што такое? — весела спытаўся Друцкі, бачачы заклапочанасць госця.

— Ведаеце, капітан, заўтра імяніны Любы. Дык яна баіцца, што вы не ведаеце. Вы мяне не выдавайце, што я вас папярэдзіў, але ёй будзе так прыемна, калі акажацца, што вы памяталі. Добра?

— Ну дык дзякуй вам, Джэк, канечне, я буду ў вас!

— І яшчэ, — усміхнуўся Залкінд, — вечарам у нас будзе шмат гасцей. Але што гэта за кампанія? Толькі яўрэі… Гэта не для вас…

— Чаму гэта?!

— Не для вас і ўсё. Я ведаю, што гавару. Але абедаць будзем толькі мы і мая пляменніца, студэнтка. Калі б вы неспадзявана прыйшлі, Люба была б рада.

Друцкі ўрачыста абяцаў, пасля чаго пачаў абмяркоўваць справы. «Аргенціна» сапраўды давала салідны даход, і Залкінд быў у захапленні. Ён трохі папракнуў Друцкага за тое, што той пераслаў яму праверыць бухгалтарскія кнігі, але прызнаваў, што такімі кнігамі варта пахваліцца.

— Ну вось бачыце, капітане, — сказаў ён напаследак, — што я меў рацыю. Вы хадзячы капітал!

Залкінд яшчэ раз папрасіў не гаварыць пра свой візіт пры Любе і выйшаў.

«Гэты яе кахае!» — пакруціў галавой Друцкі і падумаў, што сам не здольны быў бы да такога кахання. Ён любіў жанчын, не змог бы без іх жыць і не ведаў бы, навошта, але ён кахаў усіх. Амаль у кожнай адкрываў якое-небудзь новае, індывідуальнае хараство, якую-небудзь не сустрэтую раней дэталь прыгажосці, рысу характару або арыгінальны склад душы, які яго прывабліваў.

Ён не ўмеў і не хацеў адмаўляцца ад гэтай прыгажосці жыцця, якая сфарміравала яго шалёную натуру, ад актыўнага жыцця напоўніцу, якое выціскае да апошняй кроплі…

Друцкі пераапрануўся і паехаў у «Аргенціну».

Усё было ў парадку, усе на сваіх месцах, у чаканні публікі, якая неўзабаве пачне наплываць.

Ён перагледзеў замовы на столікі і ложы і сказаў касіру:

— Ну, сёння будзе багатае жніво! Усе ложы замоўлены, і не абы-кім.

— Ах, — вышчарыўся касір, — а колькім асобам мы мусілі адмовіць! Тэлефанаваў дырэктар Шульц, пазней гэты Радван, у якога коні на скачках, нейкі іншаземец, адвакат Лэньчыцкі, інжынер Фум…

— Што?! — перарваў Друцкі. — Адвакат Лэньчыцкі? Калі ён званіў?

— Можа, пятнаццаць хвілін таму.

— І што? Хацеў ложу?

— Ну, так, пан дырэктар, але ўсе ўжо былі замоўленыя. Пазней званіў пан Крупін…

— Пастой, чорт цябе бяры! Дзе тэлефонная кніжка? Дай сюды! — Друцкі хутка перакідваў лісты каталога. Знайшоў нумар і патэлефанаваў:

— Гэта Вінклер. Добры вечар, пан адвакат.

— …

— Здаецца, вы хацелі сёння мець у мяне ложу?

— …

— Пан адвакат, для вас заўсёды. Я пастараюся ўладзіць. Зрабіце ласку. Я забранірую.

— …

— Мне надзвычай прыемна. Да пабачэння.

Друцкі паклаў трубку і, падняўшы ўказальны палец, сказаў:

— Май на ўвазе! Як толькі адвакату Лэньчыцкаму спатрэбіцца ложа, яна павінна быць! Столік на зале — гэта іншае, павінна быць ложа!

— Але ж, пан дырэктар, — сумеўся касір, — усё было занята.

— Дык вызваліць! Пакажыце спіс… Вось, глядзіце, напрыклад, гэты Гользер. Гэта вельмі добры мужык і пэўна не абразіцца. Званіце яму і перапрасіце, што не атрымліваецца, што адбылася памылка і прапануйце яму столік ля аркестра. Ён любіць шум.

Друцкі паглядзеўся ў люстэрка і правёў далонню па падбародку:

— Як вы думаеце, — запытаўся ён, — ці не пагаліцца мне?

— Але навошта? Пан дырэктар абсалютна прыстойна выглядае.

У кабінет увайшла панна Тэця, і Друцкі адразу ж спытаўся ў яе:

— Малышка, ці не здаецца табе, што я павінен пагаліцца?

Дзяўчына засмяялася.

— Не. Чым горш вы будзеце выглядаць, тым лепей.

— Ну і добра, — адказаў ён напаўголасу, калі касір узяўся за тэлефон, — добра, зайздросніца, я не буду галіцца, а ты першая будзеш пакарана. Не скардзься, калі я пакалю табе тварык!

Друцкі пагразіў ёй пальцам і пайшоў у буфет.

Пачалі збірацца госці, аркестр ужо граў. Дырэктар зазірнуў у грымёрку артыстак. Там была толькі сеньярыта Фіямета, якая мерала бліскучую дыядэму з рознакаляровых шкельцаў.

Убачыўшы Друцкага, яна зачырванелася і, абапершыся спінай аб сцяну, спыталася:

— Што пан дырэктар загадае?

Друцкі ўзяў яе за падбародак:

— Не злуйся, малышка, што цябе зноў укусіла?

Казя сціснула вусны.

— Ну, гавары ж, малышка!

— Вы яшчэ пытаецеся?! — выбухнула яна. — Вы думаеце, я не ведаю, што гэтая Тэця, гэты слімак, гэта безнадзейная дзеўка, гэтая фальшывая гусь да вас ходзіць! Я ўсё ведаю, сама ўчора бачыла! Так, на свае вочы!

1 ... 36 37 38 39 40 41 42 43 44 ... 179
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)