Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 9789857089598
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1». Краткое содержание книги:
Дзясяты том склалі аўтабіяграфічныя дыялогі з А. Адамовічам «Маладыя гады» (1985, 2001), а таксама выбраная публіцыстыка 1957–1980 гг.: артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні.
Амаль увесь вольны час, якога, зрэшты, было няшмат, мы бавілі ў горадзе, мілай нашай Сафіі. Там былі мастацкія музеі, дзе я з цікавасцю разглядаў некаторыя творы буржуазнага «салоннага» жывапісу, першы раз пабываў у оперы, вядома ж, на расейскіх спектаклях («Яўгеній Анегін», «Князь Ігар»). Балгары тады і пасля ставілі найболей расійскія творы. Неяк у вулічным натоўпе з цікавасцю назіраў, як адмыслова прывезеныя для таго з Расеі экскаватары і бульдозеры бурылі каменную агароджу царскага палаца ў цэнтры Сафіі. Які энтузіязм панаваў тады сярод люду — прагналі царакрывапіўцу! (Каб праз паўстагоддзя з не меншым энтузіязмам вітаць ягонае вяртанне.) Палітычны клімат у краіне ўсё болей вызначалі камуністы — мясцовыя з падтрымкай і пад кіраўніцтвам прыезджых дарадцаў. Неўзабаве пачалі выкрываць ворагаў балгарскага народа, здраднікаў кшталтам Васіла Каларава, якіх патрабавалі расстраляць. Што і было зроблена. (Як не зрабіць, калі народ просіць.) На такім палітычным фоне пачалося і доўжылася Валодзева каханне: бацька ягонай каханкі, здаецца, трапіў у апалу. Валодзя пачаў таіцца, усяляк хаваць свае сустрэчы з Верай. На вуліцы тое было складана, на кватэры ў яе бацькоў немагчыма. У гарнізоне за ім, вядома ж, было наладжана сачэнне, СМЕРШ сачыў за яго кожным крокам. Некалькі разоў яго выклікалі і папярэджвалі. У парткаме пагражалі выключыць з партыі. Валодзя не хацеў быць выключаным, бо тады б яго адразу выслалі на радзіму, ён хацеў быць з Верай. У такі час ён даверыўся мне і прасіў памагчы. Гэта мы з ім хадзілі ў той выхадны на Віташу, дзе ён астаўся начаваць. Чамусьці той факт яму трэба было ўтаіць, і ён папярэдзіў мяне, каб я сказаў (калі паклічуць), што мы ўвечары разам вярнуліся ў горад, і я ўвесь час быў з імі. Розныя запіскі Веры, яе фотаздымкі ён хаваў спярша пад верхняй дошкай нашага стала ў інтэрнаце, пасля, як згледзеў, што іх там хтось апароў, перадаў мне. Я насіў іх у сваёй палявой сумцы — на заняткі, у поле, артпарк. Але аднойчы не знайшоў іх там — скралі, калі я абедаў у сталоўцы. Мяне паклікалі ў аддзел контрразведкі і пыталіся пра Валодзю. І пра тое, што было ў яго тых паперах. Я сказаў, што чужых папер не чытаю.
А калі б там былі шпіёнскія звесткі? — спыталіся ў мяне, — і вас залічылі ў шпіёнскія сувязнікі? Што я мог ім сказаць? Там былі лісты пра каханне, я ведаў гэта, хоць і не чытаў іх.
Валодзю арыштавалі, паклікаўшы ў палітаддзел. Ідучы туды, ён прадчуваў, мабыць, і толькі шапнуў мне: у шэсць нуль-нуль схадзіць на Арлоў мост і перадаць Веры, каб не чакала яго. Што я і зрабіў. Пра лёс Веры нічога не дазнаўся, бо хутка расфарміравалі брыгаду, і нас раскідалі па розных месцах Балгарыі. Адрасу яе я не ведаў. (Вось яшчэ адзін нерэалізаваны — «негатыўны» сюжэт з маёй літаратурнай біяграфіі.)
Нядоўгі час пасля я правёў у стралковай дывізіі пад Бургасам, але і тую расфарміравалі, вывеўшы на станцыю Кодыма Адэскай вобласці. Са станцыі Унгены мы ішлі пешым маршам — якраз па тых месцах, дзе два гады таму ваявалі. У тое лета на Поўдні панавала страшэнная засуха і яе звыклы спадарожнік — голад. Малдаўскія сёлы стаялі паніклыя, без людзей, людзі сышлі на поўнач — Украіну, Чарніўцы. Забег я ў сяльцо пад вышынёй, куды хадзілі ўначы і дзе нас ледзьве не захапілі ў палон. У тым сяльцы я не сустрэў ніводнага чалавека, яно зусім абязлюдзела. Не было і гаспадара, які частаваў нас курацінай. Адна лебяда ў дварах, поле чорнае, выпаленае спякотай. У вайну не было гэткага…
Улетку я быў ужо ў Нікалаеве, у тамашняй стралковай дывізіі. Дывізія стаяла ў летніх лагерах пад Цярноўкай за Бугам. Упершыню тады давялося напоўніцу зведаць усе пяшчоты стэпавага поўдня. Найперш даўся ў знакі вецер, пыл і пясок. Страшэнная спёка, і нідзе ніводнага дрэўца. Усё ў пыле — пасцелі ў палатках, пыл на сталах у летняй сталоўцы, на посудзе, на апратцы людзей. Неаднойчы тады ўспамінаў я нашы мілыя лясы-пералескі, клёны і дубы прысадаў, іх паласатыя цені цераз вуліцу. Прыгажуны — лясныя азёры… Праўда, тут блізка была рака, але ля ракі патрулі — пільнуюць, каб ніхто не падышоў і блізка. Такі ўжо спрадвечны прынцып у войску: куды трэба, туды не пускаць. І гнаць, куды нікому не трэба. Усе заняткі на голай, без травы стэпавай роўнядзі, усё назіраецца са штабнога пагорка. Як заўсёды ў мірны (ды і ваенны) час, заняткі, страявая і палітпадрыхтоўка. Усё на спёцы, з ранку да вечара.