Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Публицистика » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Дзясяты том склалі аўтабіяграфічныя дыялогі з А. Адамовічам «Маладыя гады» (1985, 2001), а таксама выбраная публіцыстыка 1957–1980 гг.: артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні.
1 ... 38 39 40 41 42 43 44 45 46 ... 207
Перейти на страницу:

А. А.: Прастрэленая?

В. Б.: Ну, пэўне ж, знятая з забітага. А шарсцяное… Пад канец вайны атрымаў амерыканскае шарсцяное абмундзіраванне і, канешне, бярог яго — хутка ж канец вайны. Ляжала ў мяне ў рэчмяшку на «студэбекеры». А як прарываліся ў Венгрыі, той «студар» (гэта на салдацкім слэнгу) згарэў, салдаты паспелі выхапіць толькі мой падгарэлы шынелак. А ў рэчмяшку разам згарэлі і мае малюнкі ў альбоме. Маляваў жа… І во ў такім шынялі з падпалінамі прыехаў у Сафію. Улетку нічога, але ж пачалася восень, насталі халады. Ведаеш, мабыць, Арлоў мост у Сафіі? Неяк стаю на ім у сваёй гімнасцёрцы, чакаю аўтобус на Плоўдзіўскую шашу. А ўжо зімна, падае рэдкі сняжок. Побач ідуць балгары, чую, гамоняць: братушка — сібірак, сібірак… Я ўвесь азяблы, а яны думаюць, што загартаваны, мне цёпла, бо сібірак. Пасля купіў шынель у аднаго балгарскага генерала. Балгарскую ж армію разагналі, афіцэраў звольнілі. А форма ў іх была такая, як у Расеі царская, толькі з шасцю гузікамі — падобная на нашу. Шынелак быў харошы, хіба з адным немалым недахопам — чырвонай падкладкай.

А. А.: Ты насіў яго?

В. Б.: Не давялося. Відаць, нешчаслівы лёс меў.

А. А.: Хто — ты ці шынелак?

В. Б.: Мабыць, абодва…

А. А.: Гэта чаму?

В. Б.: Першы раз надзеў я той шынелак у выхадны, калі мы з сябрам і ягонай сяброўкай зрабілі паход на Віташу. Усё лета пазіралі на гэты цудоўную гару паблізу Сафіі, а ўзлезці на яе не даводзілася. Толькі дабраліся да яе зімой, па снезе. А там, добра стаміўшыся, заначавалі ў паляўнічай хіжыне. Мой сябра старшы лейтэнант Валодзя з сяброўкай засталіся, а я павінны быў паспець на развод. Таму на світанні мусіў рушыць з гары. На шашы спяшаюся, але адчуваю, што спазнюся, і тут якраз — «віліс» і ў ім камандзір брыгады. Ну, спыніўся — садзіцеся! Сеў, едзем. Пад’ехалі да прахадной, я хацеў неяк сашмыгнуць, каб паспець у свой строй, бо на плацы ўжо пастроена брыгада, чакаюць камбрыга. Але той мне — пастойце! І вядзе мяне на плац. Ну а там, як звычайна, дзяжурны камандуе строю смірна, аддае камбрыгу рапарт. А я стаю побач і ўжо адчуваю, што зараз будзе штосьці дурное. Так і здарылася. Падаўшы каманду вольна, камбрыг гучна так гаворыць дзяжурнаму: ну, а цяпер адрапартуйце во гэтаму гаспадзіну генералу! Яму, ці бачыце, не да спадобы савецкая форма, дык ён абрадзіўся ў балгарскую. І паднімае маю палу на чырвонай падкладцы. Во палюбуйцеся, «как попугай»!..

А. А.: А строй як? Рагатаў?

В. Б.: Пасміхаўся, канешне. Але не надта. Камбрыг быў у нас чалавек новы, прыехаў з акадэміі і дужа энергічна змагаўся за «парадак», ад якога мы за вайну адвыклі. Ну вось я і падвярнуўся яму пад руку. А камандзір палка палкоўнік Парамонаў тады мне сказаў: каб я цябе болей у гэтым шынялі не бачыў. Ну што мне было рабіць? Прадаў я гэты шынелак нашаму ўзводнаму лейтэнанту Крывавязу, які з яго пашыў сабе кіцель і брыджы.

А. А.: Ну а ты так і застаўся без шыняля?

В. Б.: Мне выдалі зноў нейкі падменны, англійскі — добры шынелак, але кароткі. Давялося падшываць унізе… Але з тым і Крывавязу не пашэнціла. Увогуле ён быў хлопец задзірысты і аднойчы, выпіўшы, пабіўся з маёрам, начальнікам сяржанцкай школы, які быў таксама на добрым падпітку. Лейтэнант быў маладзейшы і, мабыць, перамог у бойцы. Маёру стала крыўдна. І ўжо ноччу ён пайшоў у інтэрнат, дзе жыў Крывавяз, каб прадоўжыць бойку. Але той спаў, маёр яго не дабудзіўся. Затое тут жа на тумбачцы было складзена ягоная абмундзіроўка з таго шыняля. Тады маёр узяў са стала чарніліцу і добра паліў чарнілам — і кіцель, і брыджы. Гэта цяпер проста — здаў у хімчыстку і вычысцяць, а тады… Чым толькі не цёр яе Крывавяз — і мылам, і бензінам — нічога не памагло. Так і прапала абмундзіроўка з шыкоўнага генеральскага шыняля.

А. А.: Сапраўды, не на карысць пайшоў шынелак. Ну, а наконт сяброўства? Былі ж у цябе сябры?

В. Б.: Сябраваў з многімі, былі адпаведныя майму статусу кампаніі. Займеў у іх пэўную рэпутацыю, асабліва пасля здарэння з камсамольскімі ўзносамі. Гэта начальства за тое на мяне ўз’елася, а сябры — зусім не. Неяк зблізіўся з лейтэнантам Дзібнерам, які служыў у штабе. Той быў родам з Ленінграда, у якім жыве і дагэтуль. (Мы зрэдку перапісваемся, перазвоньваемся. Ён цяпер — доктар геалагічных навук, спецыяліст па геалогіі Арктыкі.) Тады мы зрэдчасу хадзілі разам у горад, Віталь любіў выпіць шклянку віна, а галоўнае — шмат расказваў пра свой Ленінград, які я ніколі не бачыў. Ён быў старэйшы за мяне, да вайны скончыў універсітэт і быў дужа адукаваны, што мне вельмі імпанавала. А другі мой сябра быў хлопец іншага складу. Не буду называць яго прозвішча, але гэта таксама быў наш узводны, старшы лейтэнант, якога я клікаў Валодзя. Родам ён быў з Уладзівастока, хаця не надта распавядаў пра свой горад. Ён быў захоплены іншым горадам — Соф’яй, як яго называлі балгары. І аднойчы захапіўся дзяўчынай, балгаркай. Канешне, на сваю бяду… Чаму на бяду? Справа ў тым, што тады ўсе і ўсялякія нашы кантакты з іншаземцамі не толькі не дазваляліся, а жорстка спыняліся. Нельга было і небяспечна пасябраваць з балгарынам, калі выпіць з ім ці нават некалькі разоў запар сустрэцца. Каб тое не рабілася вядомым нашаму міламу СМЕРШу, які за мяжой шчыраваў з падвоеным імпэтам. Валодзя не толькі пасябраваў, ён закахаўся ў студэнтачку Веру, дачку нейкага высокага балгарскага ўрадоўца, члена ЦК балгарскай кампартыі. Валодзя меркаваў, што тая акалічнасць — членства яе бацькі ў ЦК — яму штосьці дазволіць. Аказалася, нічога не дазволіла.

1 ... 38 39 40 41 42 43 44 45 46 ... 207
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)