Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 9789857089598
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1». Краткое содержание книги:
Дзясяты том склалі аўтабіяграфічныя дыялогі з А. Адамовічам «Маладыя гады» (1985, 2001), а таксама выбраная публіцыстыка 1957–1980 гг.: артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні.
Я ўжо і тут падаў два рапарты на дэмабілізацыю, ды марна. І памалу страціў надзею вырвацца з войска. Шкада было Вальку, які сапраўды хацеў служыць, ды напрыканцы зімы яго дэмабілізавалі. На развітанне мы выпілі з ім ў забягалаўцы, і я праводзіў яго на вакзал. Валька ехаў у свой сібірскі Ачынск да маці. Для яго і вайна, і вайсковая служба скончыліся без радасці. Не выслужыў Валька ні чарговага звання, ні ўзнагароды. Хоць ваяваў і служыў не горш за іншых. А можа, нават і лепш. Але быў надта малады, дужа сумленны. І наіўны. Хаця і я не надта прыдбаў за вайну і службу — адну зорку на грудзі ды адну на пагоны. І ўсё. Не тое што іншыя. Неяк спаткаў у кінатэатры Валерыя К., былога аднакашніка па Саратаўскім вучылішчы. Той ужо старшы лейтэнант і два ордэны на грудзях, служыць інструктарам палітаддзела па камсамолу. І тады мне ўспомнілася, як ён клапаціўся перад выпускам, збіраў рэкамендацыі ў партыю. Мы яшчэ кпілі: не ўсё роўна, кім цябе закапаюць — беспартыйным, камсамольцам ці бальшавіком? Ён бы не чуў нікога і перад ад’ездам на фронт усё ж паспеў атрымаць кандыдацкую картку. А на Дняпры ў аддзеле кадраў, як сталі размяркоўваць па дывізіях, яго пакінулі ў палітаддзеле. Тады мы і сцямілі — разумны ён чалавек, хоць і малады. Так і аказалася.
У лютым нечакана-неспадзявана далі водпуск, і я рынуўся на радзіму. Ехаць давялося праз Крывы Рог, Харкаў, Гомель. На вакзалах пры перасадках было жахліва — натоўпы людзей, вайскоўцаў і цывільных, старых, жанок і дзяцей, чэргі і штурханіна… Неяк дабраўся з чамаданам да Падсвілля, дзе, ведаў, працуе ў бухгалтэрыі сястра Валя, пабудзіў яе ўначы — вядома ж, на канцылярскім стале, дзе яна начавала з сяброўкай. Раніцай разам выправіліся па снегавой дарозе праз лес у Кублічы. Па дарозе сястра расказвала сваю крыўду, як, выбавіўшыся з нямецкага палону, яе паслалі ва Ўсходнюю Прусію па каровы для калгаса. Месяц ці болей гналі вялізны статак, даілі і пасвілі па дарозе, баранілі і даглядалі, самі заўсёды галодныя і халодныя. Але мусілі трываць, бо абяцалі, як прыгоняць, даць карову, — нашую Акулярку ў 43-м з’елі партызаны. І сястрычка трывала. Але як прыгналі, аказалася, што каровы патрэбны для развіцця калгаснай жывёлагадоўлі, і гоншчыцы засталіся з носам.
Дома радасна было, што ўсе жывыя, хата таксама цэлая, не спалілі. Але хлеба няма, ашчаджалі крышку насеннай бульбы, а болей ні малака, ні мяса. Не засталося нават курэй, якія некалі да вайны былі галоўнымі пастаўшчыкамі жабрацкага бюджэту. Увечары прыйшлі вяскоўцы, нядаўнія партызаны, распавядалі, як перажылі вайну. Колькі зведалі гора і крыўд! У тым ліку і ад некаторых мясцовых, асабліва з тых, якія да вайны актыўнічалі з Саветамі і ў вайну не прамінулі ўслужыць акупацыйнай уладзе. Але што ж, каму не хацелася жыць… З маіх сяброў-школьнікаў амаль не засталося нікога — хто прапаў у партызанах, хто ў паліцыі (змабілізавалі на пачатку акупацыі), хто быў забіты на фронце пасля вызвалення. Некаторыя з маладых, не трапіўшы пад дэмабілізацыю, прадаўжалі служыць. Некаторыя прайшлі ўсе колы пекла — мабілізацыю ў 41-м, палон і канцлагеры, пасля вызваленне, фронт і зноў лагеры — на гэты раз у іншым баку, на поўначы і ў Сібіры.
З’ездзіў у раённы цэнтр Вушачу — трэба ж было стаць на ўлік у ваенкамаце. Туды трохі пад’ехаў, а назад ішоў пеша ўначы. Ледзьве дайшоў, не замёрз. Бо выпіў у колішняга сябра Мішы. Гэты, як і колішні мой саратавец, яшчэ ў войску пашчыраваў наконт пасляваеннай кар’еры і цяпер рабіў у райкаме партыі. Але ён быў старэйшы за мяне, болей вопытны, а галоўнае — абачлівы. Тое было відаць яшчэ змалку, калі, атрымаўшы раённую газету, ён пачынаў яе чытаць з перадавіцы. Я ж заўсёды чытаў з канца, з чацвёртай старонкі, дзе друкаваліся звесткі з-за рубяжа. Мой прыезд на радзіму праз сем год небыцця, вядома ж, не мог абысціся без увагі мясцовага НКВД. Пачалі наведвацца тутэйшыя сексоты, якіх дужа цікавіла, дзе быў у вайну? (Ці не быў у пляну?) Адна дык сказала: а я цябе бачыла, як тут немцы былі. Дзе ты мяне бачыла? Не памятаю дзе, але, здаецца, бачыла. У такой пілотачцы… Мабыць, былі такія, якім трэба было нешта ўтойваць, і такія, каб іх выкрываць. Мая ж вайна хоць і была далёка адсюль, але ўся — пры сведках. У палоне я не быў, на акупаванай тэрыторыі таксама. Горш давялося майму сябру Колю, які ці не ўсю вайну прабыў у Саксенхаузе, працаваў на капальнях у Аўстрыі, а пасля яшчэ і паваяваў на фронце. Дэмабілізаваўшыся, ён не паехаў дамоў, а скіраваў у Рыгу, дзе жыве і дасюль. У спакоі, дабрабыце і без вялікіх праблем.