Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 9789857089598
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1». Краткое содержание книги:
Дзясяты том склалі аўтабіяграфічныя дыялогі з А. Адамовічам «Маладыя гады» (1985, 2001), а таксама выбраная публіцыстыка 1957–1980 гг.: артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні.
Праз дзень-другі новы загад: падрыхтавацца да маршу. Куды? Кажуць, быццам аж у Сафію. Праз Венгрыю, Югаславію, Румынію. Па слядах нядаўніх баёў. Выцягнулі на дарозе калону, але перад тым, як рушыць, — начальства пайшло трэсці машыны. Камбрыг сказаў: я вас, барахольшчыкаў, цераз Еўропу не павязу. Зноў загад: здаць усё майно, прадукты, нічога, апроч боепрыпасаў, у кузавах не павінна быць. Пачалі адбіраць. Пажылыя ветэраны, што праваявалі ўсю вайну, у каго панішчана ўсё на радзіме, голыя дзеці і галодныя жонкі, ледзьве не плачучы, прасілі: ну, дазвольце хоць гэтыя гамашы адвесці. Ну, хоць гэтыя падэшвы на боты. Нічога не дазвалялася. Тады з машын пачалі кідаць усё у раку, што цякла побач з дарогай, і на яе хвалях паплылі ўсялякія шмоткі, акардэоны, гітары, скрынкі з правізіяй, а то і бутэлькі. Хай прападзе, але не здамо. Хаця хапіла і здадзенага. Толькі начальнік палітаддзела ўжо з Балгарыі адправіў тры «студэбекеры» ў Адэсу, дзе жыла яго сям’я. Не адсталі ад яго і іншыя начальнікі, у тым ліку і новы начальнік аддзела контрразведкі СМЕРШ.
Па наплаўным мосце цераз прыгажун Дунай пераехалі ў сонечную Балгарыю, дзе нам суджана было пражыць год. Балгары спатыкалі нас, бы родных, бы вызваліцеляў, якіх вечна любілі. Варта было сысці з машыны, як цябе тут жа абкружалі сяляне: братушкі, братушкі, добра дошлі! Тут жа паяўлялася чарка або кварта, пілі за Расею, за Балгарыю, за вечную дружбу. Здавалася, той дружбе не скончыцца век. (Як я праз 20 год зноў прыехаў у Сафію, пачуў ад балгараў такі анекдот: да дзеда Тодара ў вінаграднік прыбягаюць дзеці, радасна кажуць: дзед Тодар, дзед Тодар, рускія на месяц паляцелі! Дзед выпрастаўся.
Што — усе? Слава табе, Гасподзь!) Дваццаці гадоў хапіла, каб ад векавой дружбы нічога не засталося. Апроч хіба абдымкаў Брэжнева з Жыўкавым.
Пачалося нуднае, рэгулярнае гарнізоннае жыццё ў вайсковым гарадку на Плоўдзіўскай шашы ў Сафіі. Як звычайна — пад’ём, зарадка, развод на заняткі, гарнізонная служба, нарады. У горад да восені нікога не пускалі, усе — салдаты і афіцэры, маладыя і старыя — таміліся на спякоце за калючым дротам вайсковага гарадка. Бальшыня афіцэраў, асабліва маладых, пасля вайны служыць не хацела, хацела дадому, дзе заставаліся родныя, якіх не бачылі ўсю вайну. Уся наша радасць было купіць пару бутэлек вермуту, што з таго боку прыносілі да дроту, і выпіць. Таму пілі і афіцэры, і салдаты. Да восені нікога не дэмабілізоўвалі, таму ўсе разам — маладыя, 18-гадовыя і старыя да 50 год — вучылі вайсковыя статуты, будову матчасці і палітыку на рэгулярных палітзанятках. Спярша нашыя адносіны да англа-амерыканскіх саюзнікаў былі лаяльныя, усё ж мы памяталі, хто нам памагаў у вайну, чыю мы елі тушонку, на чыіх аўтамабілях ездзілі. Але затым раптам, бы па камандзе (канешне, па камандзе, як у нас усё робіцца), тыя адносіны змяніліся, і мы пачулі ад нашых палітрукоў-выхавацеляў, што найпершыя цяпер нашыя ворагі гэта Амерыка з Англіяй. Таму трэба пільнасць і пільнасць! Не паддавацца на правакацыі і захоўваць боегатоўнасць.
Увосень салдат некалькіх ўзростаў (да 1924 года нараджэння ўключна) дэмабілізавалі, афіцэраў пакінулі. Я напісаў некалькі рапартаў аб дэмабілізацыі, ніводнаму з іх не далі хады. Служы, прафесія афіцэра ў нас прэстыжная, быў адказ. Я не хацеў служыць нават у благаславеннай краіне Балгарыі, я хацеў дамоў, у бедную маю Беларусь, хацеў вучыцца. У партыю на фронце я не ўступіў, хапіла з мяне камсамола, які мне нямала дапёк. Ці не заўсёды я быў камсоргам батарэі, дзе клопату было не шмат, але цеганіна даволі апрыкрая. Найперш сходы, паперы, баявыя лісткі… А галоўнае на кожны тыдзень, месяц, квартал — планы мерапрыемстваў, дзеля блізіру, бо ніхто іх выконваць і не збіраўся. Але за тым сачыў камсорг палка, у якога іншых абавязкаў і не было. Надакучыў мне камсамол. Але неяк паклікаў нампаліт камандзіра палка, кажа: Быкаў, а калі мы выберам цябе камсоргам палка? Пасада вызваленая, пойдзеш на самастойную работу, на заняткі хадзіць не трэба. Ты афіцэр граматны, вучылішча скончыў, думаю, справішся… Камсамол мне абрыдзеў, але і заняткі штодзень у спёку і непагадзь таксама не мёд, і я пагадзіўся. На чарговым сходзе быў аднагалосна абраны камсоргам. Яшчэ праз нейкі час той жа нампаліт кажа: камсорг палка павінны быць членам партыі, таму трэба табе ўступіць. Я дам рэкамендацыю. Тое ўжо было горш, я ведаў, што членства ў партыі — гэта рабства душы, што я ўжо перастану належаць сабе, а галоўнае — тады бывай дэмабілізацыя і ўсе мае мары. Але жыццё ці лёс распарадзіліся інакш. Не паводле нампаліта маёра Цквітарыя, ні паводле майго жадання.