Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 9789857089598
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1». Краткое содержание книги:
Дзясяты том склалі аўтабіяграфічныя дыялогі з А. Адамовічам «Маладыя гады» (1985, 2001), а таксама выбраная публіцыстыка 1957–1980 гг.: артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні.
Увосень нас пачалі пускаць у горад — у вольны ад службы час афіцэры, бы застаялыя ў загарадках коні, рынуліся на гарадскую волю. У слаўную, стаўшую ўжо мілай нашаму сэрцу Сафію. На плошчы Народнага сходу, якраз насупроць помніка цару — вызваліцелю ўлады, зрабілі Дом афіцэраў, вядома ж, з рэстаранам, у якім можна было найперш выпіць і закусіць. Канешне, такі выпадак грэх было ўпусціць, і мы яго не ўпускалі. Абы былі грошы. З грашыма часам здаралася напруга. Заробак ўзводнага быў невялікі, да таго ж шмат у каго былі адасланыя грашовыя атэстаты родным і блізкім. Я таксама паслаў атэстат сваім на 600 рублёў, прыкладна столькі ж атрымліваў на рукі. Аднойчы, памятаю, у суботу добра выпілі ў рэстаране (кампанія чалавек шэсць), але не хапіла. І віна, і грошай. Тады Лёшка Рыжкоў і кажа: Быкаў, ты ж, здаецца, збіраў камсамольскія ўзносы, дзе яны? У сейфе, кажу. Дык што ж яны ляжаць у сейфе, марнуюцца. Грошы павінны працаваць. Давай, а ў панядзелак палучка, усё вернем. Эх, Лёшка, які ты разумны, мабыць, падумаў тады не адзін я. Паехаў, забраў з сейфа, што там было, і слаўна мы дагулялі той дзень у рэстаране насупроць цара-вызваліцеля.
Здарылася, аднак, што ў панядзелак палучка не адбылася — начфіну не далі грошы. Тое было горш, але я маўчаў. Трошкі здзівіўся, праўда, калі пасля заняткаў мяне паклікаў — і не абыхто, а сам начальнік палітаддзела брыгады, які наўрад ці калі мяне і бачыў. Зрэшты, як і я яго. Размова пачалася ветліва: ну, як працуецца, якія планы? А пасля, нібы між іншым — узносы сабраў? Сабраў, кажу. І што — здаў іх у фінаддзел? Не, яшчэ не, сказаў я, і ўнутры ў мяне нешта апала. А дзе яны, грошы? — пытаецца палкоўнік. У сейфе, кажу. Ану — прынясіце… Я ўстаў і сеў. Усё было зразумела. Хтось стукнуў, і я прапаў. Ну, не зусім, але халяўская мая паліткар’ера ляснулася ў самым пачатку. Праз два дні вярнуўся на батарэю, і мой франтавы камбат Ахрын пакпіў: ну што, не выйшаў з цябе палітрук! Я ж гаварыў… А мой нампаліт маёр Цквітарыя сказаў, што пасля такога ўчынку мне не месца не толькі ў партыі, але і ў камсамоле. Я са злосці напіўся і, вярнуўшыся з рэстарана, кінуў ў грубку свой камсамольскі білет. (З таго часу і на ўсё жыццё — беспартыйны.) А назаўтра раніцай напісаў новы рапарт аб дэмабілізацыі.
А. А.: Слухай, вось я не вельмі ўяўляю цябе лейтэнантам. Ты ж, відаць, не быў замухрышкам — напэўна, такім порсткім хлопцам.
В. Б.: Ну, якім порсткім…
А. А.: Ну, трохі фарсіў сваім шынялём?
В. Б.: А, ты пра той мой шынелак? Мабыць, чуў ад каго, я расказваў?.. Увогуле шынель быў салдацкі, без гузікаў, на апліках.
А. А.: Салдацкі… Ну а партупея?
В. Б.: Партупею недзе дастаў. На вайне ж не давалі.
А. А.: Два пісталеты, абодва пры боку?
В. Б.: На перадавой, канешне. ТТ — справа ззаду, як і належала, а «вальтэр» — спераду злева, як у немцаў.
А. А.: А ці страляў ты з тых пісталетаў?
В. Б.: Не, не было выпадку. Гэта калі я быў камандзір узвода аўтаматчыкаў, тады з аўтамата ППШ страляў шмат, канешне.
Неяк адбіваліся ў траншэі ад немцаў, дык расстраляў усе дыскі і яшчэ з нямецкага аўтамата страляў. Гэтак прыпякло.
А. А.: А боты ў цябе якія былі?
В. Б.: Кірзовыя, звычайныя.
А. А.: Так што ты быў замухрышка такі?
В. Б.: Тыповы камандзір узвода. Дужа малады. Дваццацігадовы. Але ж і салдаты былі маладыя. У арміі наогул ваявала моладзь. Тыя, каторыя вярнуліся з вайны, тры працэнты. Астатнія — у зямлі.
А. А.: Дык што ты той шынель і насіў увесь час?
В. Б.: Шынель у арміі даваўся, здаецца, на два гады. Калі ты яго згубіш, ніхто табе новы не дасць. У мяне пад канец вайны сапрэла гімнасцёрка, неяк пачаў здзяваць і адарваўся каўнер.
А. А.: Гімнасцёрка суконная?
В. Б.: Не, звычайная, хабэ. Выдалі з падменнага фонду, чыстая, памытая, але не новая. А галоўнае — з лапіклам ззаду на левай лапатцы…