Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 9789857089598
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1». Краткое содержание книги:
Дзясяты том склалі аўтабіяграфічныя дыялогі з А. Адамовічам «Маладыя гады» (1985, 2001), а таксама выбраная публіцыстыка 1957–1980 гг.: артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні.
Так настала сёмае мая. Мы ўсё ў тым пасёлку, пяхота таксама на ягонай заходняй ускраіне. Амерыканцы яшчэ далёка. І вось уначы нашыя радысты дачуліся, што заўтра падпісанне капітуляцыі Германіі. А мы атрымліваем загад: у 19.00 атака на нямецкія пазіцыі. Падрыхтавацца да атакі. Загадана ставіць гарматы на прамую наводку, суправаджаць пяхоту агнём і коламі. Ну, мы найперш напісалі лісты дадому, маўляў — ідзём у апошні бой. Калі што, дык…
А. А.: Ну, і які стан у гэты момант?
В. Б.: Болей чым паршывы.
А. А.: Мабыць, думаеце: ну, на храна гэтая атака?
В. Б.: Бо ўжо пераналадзіліся на мір, ужо паявілася надзея, што выжылі. А тут… Праўда, яшчэ прамарудзілі з гадзіну, а тады пасля кароткага артналёту паднялася пяхота. Але немцы не страляюць, во дзіва! Калі яна дабрыла да варожых траншэй, тыя аказаліся пустыя. Немцы змыліся. І нам загадалі чапляць за машыны гарматы і даганяць немцаў. Але без пяхоты. Калі што, самім быць за пяхоту. І за артылерыю таксама. Што ж, мы паехалі. Ехалі ўсю ноч і ранак. Немцаў дагналі. Далей усе дарогі былі запруджаны нямецкімі калонамі…
А. А.: Якімі? Палоннымі ўжо?
В. Б.: Ды не палоннымі — нямецкімі часцямі. Пяхота, артылерыя — усе кіруюць на захад, здавацца амерыканцам.
Нам яны здавацца не хочуць. А мы і не бярэм. Мы атрымалі новую задачу — як мага хутчэй злучыцца з саюзнікамі. А гэтых мы проста мінаем.
А. А.: Дарогу саступаюць вам?
В. Б.: Пяхота саступае, ідзе па ўзбочынах. А танкі дзенебудзь спыняюцца і з засады робяць колькі апошніх стрэлаў.
А. А.: А пяхота саступае і вы не чапаеце яе? І яна вітае вас?
В. Б.: Некаторыя мовяць: Гітлер капут, — і ўскідваюць рукі. У каторых на руках гадзіннікі, нашыя іх знімаюць. Гадзіннікі — самы папулярны трафей. Некаторых раззбройваем. Я там разжыўся новенькім пісталетам і афіцэрскім плашчом…
А. А.: Так. Ну, а якая сустрэча была з амерыканцамі?
В. Б.: Дамчалі да ракі Энс, у цэнтральнай Аўстрыі. Гэта быў мой апошні рубеж той вайны. За ракой амерыканцы. Пакідалі на лужку абы-як пастаўленыя машыны, пачалі «сустрэчу». Нас на той бок не пускалі, затое амерыканцы свабодна прыйшлі на гэты бок. Некаторыя з амерыканцаў мелі славянскае паходжанне (пераважна з палякаў), а ў нас былі хлопцы з Заходняй Беларусі, якія разумелі па-польску, такім чынам устанавіліся зносіны. Яны нам дарылі свае гадзіннікі, запальнічкі, розную драбязу — на памяць. Мы ім што маглі падарыць — зорку з пілоткі. Але знайшлося віно, і мы добра ўпіліся разам — пераможцы розных армій і нацыянальнасцяў. І ўсе паснулі проста ў кузавах нашых «студэбекераў». Начальства некуды знікла, можа, да іншага начальства, у кожнага знайшлася свая кампанія. Уначы я прачнуўся і пабрыў у горад. Маленькі такі гарадок, але спрытны, як і ўсе іхнія гарады. І не разбураны, цэлы.
Бачу ў адным месцы святло з фараў, і нашыя хлопцы штось робяць. Аказваецца, тут харчовы склад гэтага горада. Хлопцы, прынеслі супрацьтанкавую гранату і бабахнулі ёй па замку, дзверы і праваліліся. А там процьма скрынак, мяхоў — спіртное, кансервы, мука, шакалад… Пачалі выгрузку. Я таксама збегаў да сваіх, прыгнаў «студэбекер». І мы нагрузіліся. Але не абдзялялі і аўстрыйцаў, якія прыйшлі да пераможцаў.
А. А.: Жыхары?
В. Б.: Так. Аўстрыякі жылі галаднавата, харч быў па картках.
Падышоў адзін дзядуля з місачкай, просіць дазволу набраць мукі. Кажу, што табе місачка — бяры мех. Кажа — цяжка. Але падстаўляе згорбленую спіну, салдаты навальваюць яму мех мукі, пайшоў дзед, хістаючыся. Мы былі добрыя. Чужога дабра не шкадавалі… Можа, і добра рабілі, то была наша ноч, ноч пераможцаў. Наступны за ёй дзень ужо належаў не нам.
Удзень з’явілася вялікае начальства, усіх чужынцаў выгналі з гэтага берага на той, на мосце паставілі трайную варту. Нікога — ні туды, ні адтуль. А мы толькі марылі пачаставаць нарабаваным нашых саюзнікаў. Не ўдалося. Полк хутка адвялі ў тыл, пад горад Леабэн, дзе ў лесе найперш загадалі здаць усё здабытае тою ноччу. Калі не дачакаліся добраахвотнай здачы, начальства пайшло само і выгрузіла з аўтамабіляў нашыя запасы — бутэлькі, сыр, шакалад. Сказалі, будзеце атрымліваць у парадку харчавання. Нічога не атрымалі. Тыя скрынкі паехалі ў тыл. А нас праз пару дзён пастроілі на лужку з нагоды Перамогі. Палічылі, хто самы старэйшы (не па ўзросту, а па часу прабывання ў палку), хто найболей заслужаны (лічы — узнагароджаны). Даўжэй за ўсіх праслужыў у палку начфін, а самы ўзнагароджаны — камандзір маёй гарматы старшына Лук’янчанка. Але заслужана ўзнагароджаны гэты немалады ўжо сялянскі сын аднекуль з Кубані. Камандзіры батарэй узнагароджаны не надта, узводныя яшчэ меней. Ордэн Чырвонай Зоркі — звычайная наша ўзнагарода за вайну. У мяне таксама. А Вальку Бахцігозіна так і не узнагародзілі нічым. Раней усё казалі — малады, паспее яшчэ. А тут і вайна скончылася.