Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 9789857089598
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1». Краткое содержание книги:
Дзясяты том склалі аўтабіяграфічныя дыялогі з А. Адамовічам «Маладыя гады» (1985, 2001), а таксама выбраная публіцыстыка 1957–1980 гг.: артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні.
У Гродне якраз непадалёк ад нашай майстэрні была рэдакцыя абласной газеты «Гродзенскай праўды». Часам у піўнушцы на рагу дзвюх вуліц мы сустракаліся з некаторымі яе газетчыкамі. Тады ў рэдакцыі працаваў бухгалтарам стары (год пад 70) палкоўнік былой царскай арміі, ён таксама заходзіў туды — выпіць з палучкі піва. Калі-нікалі мы размаўлялі, той распавядаў шмат цікавага з свае царскай службы. Аднойчы, у хвіліну п’янаватай добрасці, ён і сказаў мне, што не шкодзіла б падумаць пра сваю будучыню, і тым зачапіў нейкія чуллівыя струны ў маёй душы. Вы ведаеце беларускую мову, сказаў ён, а ў нас з новага года газету пачынаюць дубліраваць па-беларуску. Зайдзіце ў сакратарыят, можа, спатрэбіцеся. Дзён праз колькі я сапраўды зайшоў у сакратарыят, дзе мяне спаткала Ганна Ільінічна Цыпіна, старая газетчыца, прапанавала напісаць заяву па-беларуску. І, як мне здалося, паколькі не знайшла ў ёй памылак, прыняла мяне на працу карэктарам беларускага выдання. Трохі папрацаваўшы ў карэктарскай, перайшоў у сакратарыят. Пачыналася новая старонка маёй біяграфіі.
Здавалася мне, што я выходзіў на нейкую прамую, але толькі здавалася. Наперадзе яшчэ былі выкруты лёсу, пякельныя рэцыдывы ўсё той жа ваеншчыны, якая ўпарта не хацела выпускаць мяне з сваіх жалезных абдымак.
А пакуль у рэдакцыі было спакойна, мне падабалася. Шмат часу адбіраў пераклад на беларускую мову расейскіх матэрыялаў, перададзеных па тэлетайпе агенцтвам БЕЛТА. Усе яны былі не малыя памерам — розныя пастановы, прамовы, канешне, з адзнакай «тэрмінова ў нумар», і мне даводзілася іх дыктаваць Станіславе Фадзееўне — ці не адзінай ў рэдакцыі машыністцы, што ведала беларускую мову. Часам пісаў штонебудзь з драбноты па раздзеле інфармацыі. Тады ж у выхадны накрэмзаў першае апавяданне «Цвілі акацыі» — пра апошні дзень вайны. Намеснік рэдактара А. Салаўёў прачытаў і сказаў: очэнь значыцельна! Скупая яго пахвала дала веру ва ўласныя сілы і здольнасці. Але наступнае апавяданне напісаў не хутка. Прычынай таму з’явілася немалаважная акалічнасць.
У тыя гады, як заўжды на пачатку лета, пачыналіся вайсковыя зборы запаснікоў, і я атрымаў павестку. Пайшоў да намесніка рэдактара — што рабіць? Той кажа: дамо паперку, ідзі да ваенкома, прасі, каб вызвалілі. Пайшоў да ваенкома, аддаў паперку. Той незадаволена бурчыць: усе прыходзяць, суюць паперкі — асвабадзіць. А каго я пашлю? Мне 140 чалавек трэба набраць, што — сам за вас пайду? І сядзіць з паперкай і ручкай, вагаецца, што напісаць? Я адчуваю, што вырашаецца мой лёс і кажу: калі не вызваліце, дык рэдактар сказаў, будзе званіць у абкам. (Вось гэтага не трэба было рабіць, але зробленага не вернеш.) Палкоўнік кідае ручку, паперку і крычыць: што — у абкам? Пляваць мне на ваш абкам, у мяне во — загад міністра абароны, я яго выконваю. Усё! Ідзі. Пойдзеш на зборы! Вось гэтыя некалькі секунд вызначылі сутнасць майго жыцця на некалькі год.
Назаўтра пайшоў на зборы — палатачны лагер у лесе непадалёк ад вёскі Грандзічы, на беразе Нёмана. Тыя зборы адабралі ў мяне тры летнія месяцы. Звычайныя вайсковыя парадкі, заняткі па артылерыі: падрыхтоўка дадзеных, артстралковая… На пачатку восені — экзамены, якія «шэнціла» мне здаць на пяцёркі. Прыйшоў у рэдакцыю, атрымаў водпуск. Аднойчы сустракаю на вуліцы знаёмага афіцэра, які камандаваў намі на зборах, той пытаецца: ну што, Быкаў, гуляеш? — Гуляю, кажу. — Павестку яшчэ не атрымаў? — Якую павестку? — Хутка атрымаеш, сказаў і пайшоў. І праўда, праз дзень выклікаюць у ваенкамат — распішыцеся. Выпіска з загаду міністра абароны аб зачысленні лейтэнанта Быкава В. У. у кадры СА. Праз тры дні яўка ў часць. Ну, што рабіць? Пайшоў да адказнага рэдактара, той моўчкі развёў рукамі. Давялося збіраць «кружку, ложку, котелок». На гэты раз паехаў далей — у Слонім. Пачыналася шырокамаштабная халодная вайна з перспектывай перарасці ў гарачую, спатрэбілася болей войска. Слонімская брыгада разгортвалася ў дывізію, без лейтэнанта Быкава абысціся было немагчыма.