Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1973
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
— Гэта не ўсё,— падняўся з лаўкі Салавей. Ён скінуў з пляча мяшэчак, доўга развязваў лямкі. Выцягнуў скрутак, загорнуты ў паперу. Малаковіч зубамі разарваў суравую нітку і на стале разгарнуў доўгае чырвонае палотнішча.
Дзядок у аблавухай заечай шапцы, што моўчкі сядзеў у кутку, хіхікнуў:
— Хвацкая спадніца будзе Пракопісе.
— Не плявузгай, дзед, абы-чаго,— узлаваўся Малаковіч.— Цяпер у нас ёсць свой савецкі сцяг.— Ён разгладзіў вялікай далонню палотнішча.— Заўтра от такой парою збярэм усё вобчаства на сход. Трэба загадаць па сёлах, каб прыходзілі.
— Кавалёўскіх я прывяду,— сказаў Максім.
Збянтэжаны дзядок паабяцаў наказаць руднянскім, астатнія мужчыны ўзяліся загадаць у Карпілаўцы, Лаўстыках і Смузе.
— Цяпер расказвай, што добрага чуваць на свеце,— папрасіў Малаковіч.
— Трэба ж неяк да сваіх дабрацца. Кажуць, яны недзе ў Харомным асталяваліся. А заўтра раніцай прыйду, тады і пагаворым.
4...
З раніцы трохі адпусціла. Памякчэла зямля, раставаў першы кволы сняжок, толькі там сям бялелі разоры і прыдарожныя канавы, з голых кустоў і прысадаў кроплямі зрывалася расталая наледзь. Паміж нізкіх калматых хмар часам прабівалася сонца і хавалася зноў.
Па дарогах, па сцежках, пратаптаных у полі, нацянькі праз гароды і пералазы ішлі мужчыны, кабеты і дзеці. Жанчыны надзелі святочныя андаракі, абулі лапці на беленькія кужэльныя анучы, а ў каго былі, нацягнулі каляныя высокія чаравікі на гузіках, завязалі стракатыя хусткі. Ішлі да воласці, як на фэст.
— Куды гэта так прыбралася, як на вялікдзень? — пыталася суседка ў суседкі.
— Сама ж кашміроўку завязала, а яшчэ пытае.
— Што ж там у воласці будзе?
— Пабачым. Нешта скажуць.
— Мой плявузгаў — зямлю дзяліць будуць.
— А дзе яе ўзяць, каб дзяліць?
— Раманаў сын у торбе з хронту прывёз.
— Хіба што ў торбе.
Перакідаліся пытаннямі і жарцікамі, ідучы з Кавалёў, Карпілаўкі і Рудні, з лясных хутароў і выселкаў. З Харомнага ішлі ўтраіх: Раман Салавей, Аляксандр і яго маладзенькая сястрычка Марылька. Стары зранку пагаліўся сынаваю брытвай, уздзеў новую світку сваёй работы, насунуў шапку з блішчастым казырком.
Яны ледзь не да раніцы прагаварылі з сынам. Раман па некалькі разоў чытаў і перачытваў «Известия Центрального Исполнительного Комитета и Петроградского Совета рабочих и солдатских депутатов» і невялічкія афішкі, аддрукаваныя на тонкай паперы.
— Што ж цяпер будзе, сынок? — дапытваўся стары.— Кажаш, зямлю раздадуць мужыкам. А хіба ж гэтыя выжлятнікі так яе аддадуць? Гатальскі глотку перакусіць за сваё.
— У тым і штука, тата, што не іх яна, а нашая. Таму, хто арэ і сее, належыць зямля. На тое і рэвалюцыю рабілі, і паміралі, каб жывым добра, па праўдзе жылося.
— Я думаю так, што яшчэ пабіцца з імі прыйдзецца, крыві нямала праліць, пакуль нашаю яна будзе.
— І паб'ёмся. Біцца мы навучаныя. Цара скінулі — не пабаяліся, Керанскаму па загрыўку далі, і з гэтымі ўправімся.
Марылька ледзь паспявала за братам. Ёй хацелася ісці побач з ім, глядзець на абветраны твар, на тонкія вусікі, на прыгожы, з гарбінкаю нос, на цёмныя, глыбока запалыя вочы.
Як ён змяніўся за гэтыя гады: сустрэла б дзе-небудзь і не пазнала б. Свой, блізкі і нейкі чужы, так мала знаёмы. Калі ўспамінала раней, дык толькі такога, якім быў да прызыву: паслухмяным і добрым. Ён слухаўся бацьку, араў з ім і касіў, капанічыў ляды ў Хлебнай паляне, а калі падраслі і падужэлі Пятрок з Косцікам, на луг за татам ішлі тры касцы. Зайздросцілі людзі Раману, што такіх дубоў выгадаваў. Петрака болей ніколі не ўбачыць Марылька. Успомніла брата, і заказыталі слёзы ў горле. А быў жа такі прыгажун і весялун. Калясачку ёй, маленькай, некалі зрабіў, на поле вазіў на жніво, на гармоніку вечарынкі граў, дзеўкі за ім чарадою хадзілі. А цяпер і магілкі яго нідзе не знойдзеш. Яна выцерла вочы.
— Ты чаго, Марылька? — зірнуў на яе Аляксандр.— Можа пакрыўдзіў хто?
— Не, вецер у вочы.
Каля воласці было поўна народу. Стаялі купкамі, гаманілі. Мужчыны курылі на ганку. Кабеты ў чырвоных, зялёных і сініх андараках, у суконных кабаціках і зграбных світках сядзелі і стаялі ў зборні і на валасным двары. Расказвалі, калі чыя кароўка ацеліцца, хто колькі капусты нашаткаваў, бульбы ў капец насыпаў.
— Пагляньце, пагляньце, бабачкі, ідзе ж Раман з сынам,— сакатала Параска.— Пыталася ўчора ў яго пра свайго Амялляна, думала, мо бачыў дзе.
— Вайна вялікая, маладзіца, людзей, як мурашак. Дзе там знойдзеш твайго Амялляна,— уздыхнула высокая, худая, з сівымі пасмамі жанчына.— Трох сыноў аддала, як у пельку боўтнула. Германец ерапланамі б'е і, кажуць, нейкім смярдзючым дымам душыць.