Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1973
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
— А дай жа, божачка, каб гэтае ўбіўства кончылася! Можа ж і мой сыночак вернецца, абы жывенькі толькі быў.
— Татка прыйдзе, татка прыйдзе,— падкідала на руках дзяўчынку маладзіца з вачамі, поўнымі слёз.
Загаманілі мужчыны.
— Чуў, замірэнне на тры месяцы, а там дагаворацца саўсім не ваяваць.
— Башкавітыя гэтыя бальшавікі. Бач, як складна апісалі.
— Хоць і не ўсё адразу зразумееш, а, відаць, праўда чыстая.
Калі трохі ўгаманіліся, Салавей загаварыў зноў.
— І яшчэ, таварышы, адзін самы важны для нас, сялян, дэкрэт. «Дэкрэт аб зямлі,— пачаў чытаць ён,— з'езда Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў, прыняты на паседжанні 26 кастрычніка ў дзве гадзіны ночы. Першае! — ён памаўчаў. У натоўпе стала так ціха, быццам перад воласцю нікога і не было.— Уласнасць паноў на зямлю адмяняецца неадкладна без усялякага выкупу. Другое! — яшчэ мацней выгукнуў Салавей.— Панскія маёнткі, так, як і ўсе землі ўдзельныя, манастырскія, царкоўныя, з усім іх жывым і мёртвым інвентаром, сядзібнымі будынкамі і ўсімі прыладамі пераходзяць у распараджэнне валасных зямельных камітэтаў і павятовых Саветаў сялянскіх дэпутатаў, аж да Устаноўчага сходу...»
Ён чытаў пра тое, што забараняецца псаваць панскую маёмасць, якая цяпер належыць усяму народу, што права прыватнай уласнасці на зямлю адмяняецца назаўсёды, што зямлю нельга ні прадаваць, ні купляць, ні аддаваць у арэнду, што зямля пераходзіць у карыстанне ўсіх тых, хто працуе на ёй. І закончыў:
— «Зямля радавых сялян і радавых казакоў не канфіскуецца. Старшыня Савета народных камісараў Уладзімір Ульянаў (Ленін), 26 кастрычніка 1917 года».
Скалануўся, загуў натоўп, загаманілі ўсе разам.
— Калі будзем дзяліць?
— Па колькі на душу прыпадзе?
— Панскіх коней трэба раздаць!
— От праўда! Каб хоць дроў навазіць.
— А чым карміць будзеш?
— І сена забяром!
Малаковіч паляпаў далонню па стале.
— Бабы, мужчыны, сціхніце вы! — спрабаваў ён перакрычаць разварушаны, гаманлівы натоўп. А людзі не сунімаліся. Яны першы раз сабраліся ўсе разам і пачулі таксе, што ўчора яшчэ і не снілася. Адны верылі ў новыя законы Саветаў і ўжо бачылі свае надзелы і добрага каня з панскай стайні, другім не верылася, што так можа быць: каб такі закон напісаў які-небудзь цар, і то наўрад ці паверылі б, а то нейкі савет! Што ён можа? Якая ў яго сіла? Хто паслухаецца таго савета?
Аляксандр Салавей падняў руку. Голас яго губляўся ў гуле натоўпу, але людзі пакрысе змаўкалі і сунімалі другіх.
— Тут пытаюць, як і што, па колькі зямлі даваць будуць? К вясне падзелім панскую і шляхецкую, каб пасеяцца. А каб усё зрабіць па-людску, па закону, па совесці, трэба выбраць сваю ўласць — валасны рэвалюцыйны камітэт. Выбірайце таго, каму верыце. А хто хоча што сказаць, хай выходзіць сюды на ганак.
— Што там казаць! — пачуліся галасы.
— І так ясна!
— А я от што скажу,— пачаў праціскацца наперад чорны худы стары.
— Што ён там скажа?
— Зноў пра турэцкую вайну байку адпаліць.
— Хай гаворыць!
Натоўп пачаў расступацца.
Дзед узышоў на ганак, зняў выцертую авечую шапку, скамечыў у руках.
— Усё ета добра, што саветы напісалі. Без зямлі мужык, як рыба без вады, задыхнецца. А от зачнем дзяліць тую зямлю, і кожан захоча сабе большы і лепшы загон ухапіць. За чубы счэпімся, каламі галовы адзін аднаму парасквашваем. Праўду кажу, мужчыны? Значыцца, трэба некага аднаго слухацца. Кажуць, валасны, як яго там, гэты самы мікіцет трэба. Хай будзе мікіцет, але каб добра змікіціў. І яшчэ вам скажу на свой дурны розум: лепшага за Ляксандру Раманавага нам не знайсці. Што да граматы ці там да справядлівасці, адным словам, совесны чалавек. Хай будзе Салавей!
Ён надзеў шапку задам наперад і пад згодны гул сышоў з ганка. За сталом падняўся Пракоп Малаковіч.
— Хто за тое, каб старшынёй рэўкома быў Салавей Ляксандра, падніміце рукі.
Адразу шуснулі ўгару сотні абсівераных чырвоных рук, і пакацілася гамана.
— Хай будзе!
— А што, хлопец добры!
— Сваіх у крыўду не дасць.
— Самастаяцельны і наш чалавек.
А нейкая маладзіца крыкнула:
— Ажаніць спярша трэба.
У пярэдніх радах пракаціўся рогат.
— Сам не маленькі.
Расчырванелая Марылька пазірала з натоўпу на брата і ўпершыню за свае дваццаць гадоў была такая шчаслівая. Ёй зайздросцілі сяброўкі і не зводзілі вачэй з ладнага, прыгожага Аляксандра. Мабыць, кожная бачыла сябе з ім побач і хацела, каб ён прыкмеціў яе, усміхнуўся ёй.
Раман стаяў сярод мужчын, і старому не верылася, што гэта яго родны сын, той самы Алесь, з якім яны столькі пагаравалі на чужых кутках, на шляхецкіх загонах, на здзірванелых лядах. Думы старога перабіў знаёмы голас: