НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
- Автор: Миронович Евгений
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Неўскі прасцяг
- Жанр: История
Электронная книга - «НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ». Краткое содержание книги:
Паспяховасць асіміляцыйнай палітыкі ў адносінах да беларусаў мелі каардынаваць Камітэт па справах нацыянальнасцей і Навуковая камісія па вывучэнні Усходніх зямель. Абедзве ўстановы рэкамендавалі выхоўванне «несвядомага беларускага люду» на лаяльных грамадзян. Пасвойму такое выхоўванне разумела крэсавая паліцыя. Арышты і здзекі над сялянамі, якія падазраваліся ў дзейнасці на шкоду дзяржаве, найчасцей давалі адваротны вынік, чым планавалася. Страх быў паўсюдным пачуццём у адносінах да польскага паліцыянта, чыноўніка, суддзі і настаўніка.
У кастрычніку 1936 г. Міністэрства ўнутраных спраў падрыхтавала праект паскарэння нацыянальнай асіміляцыі беларусаў. На пачатку снежня гэтага ж года забаронена была дзейнасць Таварыства беларускай школы, а 22 студзеня 1937 г. — Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. Фармальна да студзеня 1938 г. у Вільні існаваў яшчэ Беларускі нацыянальны камітэт, але і гэтую арганізацыю спачатку абвінавацілі ў нанясенні шкоды ў галіне абароны і адзінства польскай дзяржавы, а пасля распусцілі. У 1938 г. фактычна не было ў Польшчы ніводнай рэальнай беларускай арганізацыі. Партыя Акінчыца, хаця фармальна існавала, была зусім незаўважальнай у публічным жыцці. Напярэдані ІІ сусветнай вайны польскі ўрад зрабіў надта многа, каб на беларускім баку на доўгія гады зніклі ўсялякія прапановы супрацоўніцтва з палякамі. Прынятая амаль усімі польскімі ўрадамі тэза, якая адмаўляла існаванне беларусаў як палітычнага фактара, аказалася згубнай для дзяржавы.
Пасля ліквідацыі нацыянальнага руху праблемай стала існаванне Праваслаўнай царквы, якая не надта добра прылягала да тэзы аб польскасці ўсходніх крэсаў. У 1924 г. ураду ўдалося давесці да аб’яўлення аўтакефаліі і вывядзення праваслаўя ў Польшчы з-пад юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхату. Аднак увядзенне аўтакефаліі адбылося наперакор абавязваючым працэдурам. Адкрыта крытыкавалася яна часткай епіскапаў і праваслаўнага духавенства ў Польшчы. Праваслаўная царква, у выніку навязвання ёй чарговых юрыдычных актаў, якія рэгулявалі яе ўнутранае жыццё, апынулася ў поўнай залежнасці ад адміністрацыйных улад.
У дваццатых гадах вялося многа судовых працэсаў паміж Каталіцкім касцёлам і Праваслаўнаю царквою за храмы, могільнікі, зямлю, якія раней належалі уніятам. Да 1937 г. дзяржаўныя ўлады да маёмасных спрэчак паміж абодвума веравызнаннямі ставіліся даволі памяркоўна. У 1937 г. маршал Эдвард Рыдз-Сміглы пачаў аднак новы этап дзяржаўнай палітыкі ў адносінах да Праваслаўнай царквы, які меў паскорыць паланізацыю яе вернікаў. Там, дзе праваслаўнае насельніцтва лічылася падатлівым на польскія ўплывы (Віленшчына, Гродзеншчына, Беласточчына), вырашана пашырыць яе шляхам паланізацыі рэлігійнага і прыцаркоўнага жыцця. Там, дзе насельніцтва адкідала польскую культуру і мову ў царкоўным жыцці (Холмшчына, Валынь), вырашана прымусіць яго «вярнуцца да веры бацькоў» шляхам разбурэння храмаў і забароны выконваць святарам душпастырскую паслугу. Летам 1938 г. падвяргліся знішчэнню або былі адабраны ў праваслаўных каля ста сакральных аб’ектаў, што выклікала нават пратэсты Лігі Нацый.
На беларускім грунце станоўчы вынік дала палітыка фарміравання польскай нацыянальнай свядомасці сярод праваслаўных пры дапамозе царкоўных структур. Маладыя святары, выпускнікі Багаслоўскага аддзялення Варшаўскага універсітэта, сталі сапраўднымі місіянерамі польскасці сярод беларусаў. У палове трыццатых гадоў па ініцыятыве дзяржаўных улад узнік арганізаваны рух «праваслаўных палякаў». У 1935 г. у Беластоку было створана Таварыства праваслаўных палякаў імя Юзафа Пілсудскага. На другі год такія таварыствы паўсталі ў Гродне, Слоніме, Ваўкавыску і Навагрудку. Неўзабаве цэнтрам гэтага руху стала Гродна, сядзіба епіскапа Савы (Саветава), які шэфстваваў гэтай дзейнасці. 1 лютага 1938 г., у дзень імянінаў прэзідэнта Ігнацы Масціцкага, гродзенскае Таварыства праваслаўных палякаў вырашыла далучыцца да Лагера нацыянальнага аб’яднання. Епіскап Сава загадаў падначаленаму яму духавенству навучыцца польскай мове і прымаць удзел у дзейнасці польскіх палітычных і грамадскіх арганізацый. Пачаліся працы па падрыхтоўцы літургіі на польскай мове. Па жаданні дзяржаўных улад на Гродзеншчыне, Беласточчыне і Віленшчыне былі чынены спробы ўвядзення пропаведзей на польскай мове і спявання царкоўнымі хорамі на заканчэнне літургіі польскіх патрыятычных песень. Такія дзеянні вялі толькі да кампраметацыі кліру. Вернікі тады найчасцей масава пакідалі храмы.