НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
- Автор: Миронович Евгений
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Неўскі прасцяг
- Жанр: История
Электронная книга - «НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ». Краткое содержание книги:
У лістападзе 1938 г. у епіскапскі сан былі рукапаложаны два вайсковыя капеланы ў званні палкоўніка, якія лічылі сябе палякамі: Цімафей (Ежы Шрэтэр) і Мацвей (Канстанцін Сямашка). Гэтыя епіскапы разам з гродзенскім епіскапам Савам пачалі інтэнсіўную працу ў карысць змены культурнага вобліку Праваслаўнай царквы ў Польшчы. Вайна спыніла працэс станаўлення Праваслаўнай царквы ў Польшчы чыннікам, які ўспамагаў будову польскага нацыянальнага жыцця ў паўночна-ўсходніх ваяводствах ІІ Рэчы Паспалітай.
РАЗДЗЕЛ 5
ЯДНАННЕ ПАД САВЕЦКІМ СКІПЕТРАМ
(1939–1941)
Ад імя народу Заходняй Беларусі
У выніку пагаднення, падпісанага 23 жніўня 1939 г. Нямеччынай і Савецкім Саюзам, вядомага пад назвай пакта Рыбентроп-Молатаў, межы ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе падвяргнуліся асноўным змяненням. Падпісаны дакумент прадугледжваў вызначэнне заходняй граніцы СССР па лініі рэк Нарвы, Віслы і Сана. На другім баку гэтых рэк мела знаходзіцца зона нямецкіх уплываў. Аднак было гэта толькі пагадненне, якое вызначала намеры абодвух бакоў. Нягледзячы на польска-нямецкую вайну, якая пачалася 1 верасня 1939 г., і ўступленне савецкай арміі на тэрыторыю ІІ Рэчы Паспалітай, усё вяліся перамовы наконт канчатковага падзелу зон уплываў у Еўропе, а тэрыторыя Польшчы была толькі адным з элементаў палітычных таргоў.
Нямецка-савецкі трактат аб дружбе і граніцах ад 28 верасня 1939 г. вызначаў супольную граніцу абодвух дзяржаў. Узамен за памяншэнне зоны ўплываў на тэрыторыі Польшчы савецкі бок атрымаў права вырашаць аб палітычным статусе Літвы. Згодна трактату паўночная частка граніцы СССР праходзіла па рэках Пісе, Нарве і Бугу. На савецкім баку апынуліся амаль усё даваеннае Беластоцкае ваяводства і Ломжынскі павет, які да 1 верасня 1939 г. уваходзіў у састаў Варшаўскага ваяводства. З Беластоцкага ваяводства да немцаў адышлі Сувальскі павет і некалькі гмін Аўгустаўскага павета.
Уступленне савецкай арміі на тэрыторыю Польшчы 17 верасня 1939 г. адбылося пад лозунгамі ўз’яднання беларускіх і ўкраінскіх зямель. Планаванае савецкімі ўладамі заваяванне тэрыторыі аж да ракі Віслы сведчыць аб тым, што лозунгі мелі выключна прапагандысцкі характар.
Вялікая перавага савецкіх падраздзяленняў над польскімі і загад маршала Рыдза-Сміглага аб пазбяганні сутычак з бальшавікамі садзейнічалі хуткаму паходу Чырвонай Арміі на захад. Да большых сутычак дайшло пасля некалькіх дзён савецкага паходу ў ваколіцах Сапоцкіна, Далістова, Кадзяўцоў. Двухдзённая бітва за Гродна, якая адбылася 20–21 верасня, была самым вялікім боем на польска-савецкім фронце. 22 верасня Чырвоная Армія ўвайшла ў Беласток і Брэст. У савецкі палон папала некалькі дзесяткаў тысяч польскіх салдат і афіцэраў, якія насуперак міжнародным канвенцыям былі перададзены юрысдыкцыі палітычнай паліцыі — НКУС. 25 верасня ў Брэсце адбыўся супольны парад савецкіх і нямецкіх падраздзяленняў.
Уваход Чырвонай Арміі па-рознаму ўспрымаўся беларускім насельніцтвам паўночна-ўсходніх ваяводстваў ІІ Рэчы Паспалітай. У польскай літаратуры сфармаваўся даволі адназначны вобраз беларуса гэтага перыяду, які ставіў трыумфальныя аркі для прывітання савецкага войска, а пазней дапамагаў камісарам у праследаванні польскага насельніцтва. Процілегласцю беларуса найчасцей быў паляк-патрыёт, які перажываў трагедыю радзімы і сваю ўласную, паколькі сам стаў першай ахвярай савецкага рэпрэсіўнага апарату. Тым часам рэчаіснасць была больш складаная, а палітычнае стаўленне грамадства да новай улады не адлюстроўвала нацыянальных падзелаў.
Несумненна, большасць беларускіх палітыкаў, ад нацыяналістаў да камуністаў, з задавальненнем успрынялі факт далучэння паўночна-ўсходніх тэрыторый польскай дзяржавы да Савецкай Беларусі. Кожная беларуская партыя ў ІІ Рэчы Паспалітай у рознай форме ставіла сабе за мэту імкненне да аб’яднання беларускіх зямель. Палітыка польскіх урадаў у канцы трыццатых гадоў была для большасці беларускіх дзеячаў найбольш пераканаўчым аргументам, каб падтрымаць якія-небудзь змены. Менавіта нават тыя, што ўцякалі ад бальшавікоў у нямецкую акупацыйную зону, адабралі тое, што сталася пасля 17 верасня 1939 г. Склаўшаяся сітуацыя многімі беларускімі палітыкамі ўспрымалася як пераходная. Разлічвалі яны — не беспадстаўна — на хуткі нямецка-савецкі канфлікт і дапамогу Нямеччыны ў будаўніцтве беларускай дзяржаўнасці.
Трыумфальныя аркі ў гонар Чырвонай Арміі ставіліся ўсюды там, дзе некалі дзейнічалі ячэйкі Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі або ў нейкі асаблівы спосаб грамадства адчула паліцыйныя рэпрэсіі да 1939 г. У прынцыпе цырымонія прывітання чырвонаармейцаў была такая самая ўва ўсіх мясцовасцях, што сведчыць аб раней падрыхтаваным сцэнарыі.