НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
- Автор: Миронович Евгений
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Неўскі прасцяг
- Жанр: История
Электронная книга - «НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ». Краткое содержание книги:
У некалькіх месцах ад 17 да 25 верасня дайшло да сутычак паміж партызанскімі атрадамі, арганізаванымі беларускімі і яўрэйскімі камуністамі, і падраздзяленнямі войска, паліцыі і польскіх дабравольцаў. Найбольш такіх інцыдэнтаў здарылася на Гродзеншчыне, дзе ўзброеныя групы партызан атакавалі маёнткі, пастарункі паліцыі і меншыя вайсковыя падраздзяленні. Заваяванне атрадам беларускіх і яўрэйскіх камуністаў мястэчка Скідаля і двухдзённая барацьба з высланымі з Гродна карнікамі — жаўнерамі, паліцыянтамі і польскімі гарцэрамі, у савецкай гістарыяграфіі атрымала назву Скідальскага паўстання. Да польска-беларускіх сутычак пасля ўступлення савецкай арміі дайшло таксама ў ваколіцах Ліды, Астрыны, Азёраў, Лунны і Зэльвы. Зброя, якой распараджаліся партызаны, а таксама хуткае фарміраванне ўзброеных падраздзяленняў паказваюць, што дзеянні на тылах польскай арміі планаваліся намнога раней. Апрача ваенных структур, арганізаваных камуністамі, стыхійна ўзнікла многа груп грабежніцкага характару. Пазней чальцы гэтых груп намагаліся дапісаць да сваёй злачыннай дзейнасці рэвалюцыйную ідэалогію. Напады на памешчыкаў, асаднікаў, работнікаў лясной аховы, чыноўнікаў, паліцыянтаў і польскіх настаўнікаў не асуджаліся камандзірамі Чырвонай Арміі ці функцыянерамі НКУС. Наадварот, многія выпадкі насілля, самасуду, помсты за ранейшыя крыўды адбываліся з іх ведама і дазволу нават пасля поўнага апанавання сітуацыі савецкімі ўладамі.
Аднак трэба адзначыць, што антыпольскія эксцэсы ў паводзінах беларускага і яўрэйскага насельніцтва былі выключнай рэдкасцю, а многія прадстаўнікі польскай інтэлігенцыі і памешчыкаў знаходзілі ў беларускіх хатах прыстанішча ад функцыянераў савецкай палітычнай міліцыі. Пераважная большасць беларусаў змену палітычнай сітуацыі ўспрымала з вялікай насцярожанасцю і абыякавасцю. Стыхійна не паўставалі ні камітэты для вітання хлебам і соллю савецкіх камандзіраў, ні дыверсійныя атрады, а прыйшоўшае савецкае войска па прычыне свайго выгляду і паводзін замест энтузіязму выклікала паўсюднае здзіўленне.
Зараз жа пасля ўступлення Чырвонай Арміі актыўнасць праявілі вызваленыя з турмаў камуністы і дзеячы шматлікіх беларускіх палітычных, грамадскіх і культурных груповак. Разам са зменай улады паўсюдна чакалася радыкальная перабудова палітычных і грамадскіх адносін з улікам асноўных інтарэсаў беларускага насельніцтва. Таму часта ў вёсках і гарадскіх пасёлках спантанна ствараліся рэвалюцыйныя сялянскія камітэты (рэўкамы), якіх арганізатары пераймалі ролю гаспадароў дадзенай тэрыторыі. На павятовым і ваяводскім узроўні па загаду камандзіра войск Беларускага фронту Міхаіла Кавалёва ад 19 верасня 1939 г. былі створаны часовыя ўправы, якія мелі заняцца «адбудовай грамадска-гаспадарчага жыцця на абшары Заходняй Беларусі» і наглядаць за дзейнасцю рэўкамаў. Часовыя ўправы былі ў прынцыпе органамі савецкай улады, назначанымі камандзірамі Чырвонай Арміі, падраздзяленнямі НКУС і прыбылымі з Савецкага Саюза партыйнымі актывістамі. Як правіла, часовыя ўправы папаўняліся прадстаўнікамі мясцовага беларускага і яўрэйскага, радзей польскага, насельніцтва.
21 верасня Кавалёў выдаў чарговы загад, якім упаўнаважыў часовыя ўправы арганізаваць народную міліцыю і рабочую гвардыю. Неўзабаве народная міліцыя, рабочая гвардыя і рэўкамы сталі галоўнымі інструментамі ўвядзення «рэвалюцыйнага парадку» на заваяваных абшарах. Не чакаючы ніякіх заканадаўчых актаў рэўкамы пры садзеянні народнай міліцыі і пры маўклівай згодзе часовых управаў пачалі парцэляваць памешчыцкую і царкоўную зямлю. Рэквізаваліся і дзяліліся паміж парабкаў і малазямельных сялян коні, каровы, свінні, якія былі ўласнасцю двароў і плябаній. У гарадах створаныя часовымі ўправамі камісіі пераймалі заводы і вытворчыя ды паслуговыя прадпрыемствы, якіх уладальнікі наймалі рабочую сілу. Большасць прадпрыемстваў, таксама як і памешчыцкіх маёнткаў, была пакінута ўладальнікамі, якія ўцяклі на вестку аб надыходзе Чырвонай Арміі. Частка тых, якія засталіся, былі арыштаваны ў першых днях панавання савецкай улады.
Рэўкамы і народная міліцыя, апанаваныя мясцовымі камуністамі, нават без загадаў часовых управаў ажыццяўлялі ўсе савецкія канцэпцыі грамадскага ладу. З першых дзён новых парадкаў памешчыкаў, духавенства, багатае мяшчанства, былых функцыянераў польскай дзяржавы, а таксама багатых сялян лічылі яны ворагамі савецкай улады. Усе названыя грамадскія групоўкі, за выключэннем духавенства і сялян, былі польскай нацыянальнасці. У міліцыі, гвардыі і рэўкамах пераважалі беларусы і яўрэі. У такой сітуацыі складалася ўражанне нацыянальнага канфлікту, хаця рэпрэсіям з боку новаствораных органаў падвяргаліся таксама беларускае кулацтва і інтэлігенцыя, праваслаўны клір, а таксама яўрэйскія купцы і фабрыканты. Гэтыя апошнія, у адрозненне ад польскіх прадпрымальнікаў, не мелі нават куды ўцякаць ад бальшавікоў. У іх выпадку антысеміцкая фобія ў нямецкай акупацыйнай зоне была таксама небяспечная як камуністычная класавая барацьба на ўсходзе.