НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
- Автор: Миронович Евгений
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Неўскі прасцяг
- Жанр: История
Электронная книга - «НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ». Краткое содержание книги:
Асуджаныя правадыры Грамады пасля некалькіх гадоў пабыўкі ў польскіх турмах былі перададзены ўладам СССР у рамках абмену палітвязнямі. Загінулі яны падчас масавых рэпрэсій у 1937–1938 гадах, абвінавачаныя ў шпіёнскай дзейнасці на карысць Польшчы.
Камуністы і прыхільнікі лаяльнасці
Дзейнасць Грамады прабаваў працягваць Беларускі дэпутацкі сялянска-рабочы клуб «Змаганне», створаны пры садзеянні камуністаў у палове 1928 г. Галоўную ролю ў гэтай арганізацыі адыгрывалі дэпутаты Ігнат Дварчанін, Язэп Гаўрылік, Флягонт Валынец. У адрозненне ад Грамады, «Змаганне» па загаду Камінтэрна пачало барацьбу з іншымі беларускімі арганізацыямі ў Польшчы, абвінавачваючы іх у нацыяналізме, згодніцтве і кулацтве. Дварчаніну не ўдалося дабіцца поспеху Тарашкевіча і стварыць такі ж магутны грамадскі рух, якім была Грамада. Перашкаджала гэтаму апатыя, якая апанавала беларусаў пасля забароны Грамады. Таксама ўлады, якія пільна сачылі за праявамі беларускай актыўнасці, паспяхова тармазілі развіццё «Змагання».
У лістападзе 1925 г. пасля выхаду групы Тарашкевіча з Беларускага пасольскага клуба дэпутаты Фабіян Ярэміч і Васіль Рагуля стварылі Беларускі сялянскі хаўрус (БСХ). Меў ён быць процівагай і альтэрнатывай левай Грамадзе. БСХ у сваёй праграме змяшчала ўсе ранейшыя патрабаванні Беларускага пасольскага клуба. Дальнабачнай мэтай БСХ мела быць незалежная Беларусь, бліжэйшай — культурная аўтаномія для беларусаў у Польшчы.
У 1926 г. дзеячы БСХ разам з беларускімі хрысціянскімі дэмакратамі стварылі Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры (БІГІК), які ставіў сабе за мэту змену эканамічнай сітуацыі беларускага насельніцтва. Нягледзячы на супрацьдзеянне ўлад, да 1930 г. узнікла 60 аддзяленняў Інстытута ў розных мясцовасцях Віленскага і Навагрудскага ваяводстваў. Пад апекай БІГІК працавала 37 бібліятэк. Дзеячы Інстытута падтрымоўвалі развіццё рамяства, засноўванне сельскагаспадарчых кааператываў, стварэнне машынных станцый на вёсках, арганізавалі сельскагаспадарчую асвету, прапагандавалі меліярацыю, у выніку якой сяляне маглі прыдбаць дадатковыя плошчы ўгоддзяў. Інстытут праіснаваў да студзеня 1937 г. і быў распушчаны рашэннем віленскага ваяводы па прычыне выдуманага абвінавачання ў антыдзяржаўнай дзейнасці.
Найбольш памяркоўную праграму сярод беларускіх партый, якія дзейнічалі ў ІІ Рэчы Паспалітай, прадстаўляла Беларуская хрысціянская дэмакратыя. Гэтая арганізацыя дзейнічала з 1917 г. пад назвай Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці, пазней Беларускай хрысціянска-дэмакратычнай злучнасці. Цэнтрам беларускага хрысціянска-дэмакратычнага руху была Вільня. Дзейнасць хрысціянскай дэмакратыі абапіралася перш за ўсё на каталіцкім духавенстве і касцельных арганізацыях. Самымі вядомымі дзеячамі гэтага руху былі ксяндзы: Адам Станкевіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Люцыян Хвецька. Хрысціянскія дэмакраты асновай грамадскага парадку лічылі хрысціянскую рэлігію. У нацыянальных пытаннях падкрэслівалі права кожнага народа на самавызначэнне. Зыходзячы з гэтага пункту гледжання, патрабавалі свабоду беларусам у Польшчы на прынцыпе канстытуцыйнай роўнасці ўсіх грамадзян. Патрабавалі яны правядзення аграрнай рэформы, устанаўлення больш справядлівага грамадскага ладу і паўсюднага доступу да асветы на роднай мове. Хрысціянскія дэмакраты крытычна ставіліся да БССР не толькі за атэізацыю, але і за філасофскія асновы іхняга грамадска-юрыдычнага парадку, у якога аснове ляжала класавая барацьба і дыктатура пралетарыяту.
У 1926 г. партыя прыняла назву Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і стала не толькі каталіцкай, але і агульнанацыянальнай палітычнай арганізацыяй. Галоўнай мэтай БХД стала стварэнне аб’яднанай і незалежнай дзяржавы. У адрас Каталіцкага касцёла і Праваслаўнай царквы ставіліся патрабаванні ўвядзення багаслужбаў і пропаведзей на нацыянальнай мове, беларусізацыі праваслаўнага і каталіцкага духоўных семінарый у Вільні.
Супраць дзейнасці БХД выступалі дзяржаўныя і касцельныя ўлады. Дзяржаўная адміністрацыя не магла перанесці ўздзеяння ксяндзоў на станаўленне беларускай нацыянальнай свядомасці сярод католікаў. У польскай дзяржаве Касцёлу была адведзена іншая роля — пашырэнне польскасці сярод беларускага люду. Таму з пункту гледжання польскіх улад прапаведаванне Божага слова на беларускай мове было зусім непатрэбнае. Паўсюдна канфіскаваўся прэсавы орган БХД «Крыніца», а ксяндзы, якія пропаведзі гаварылі на беларускай мове, падвяргаліся паліцыйным рэпрэсіям.