Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]
- Автор: Свабода Радыё
- Год: 2021
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]». Краткое содержание книги:
„Ісьці па чалавеку“
— У бусе, куды мяне завёў амон, на падлозе тварам уніз ляжаў мужчына. Мне сказалі праходзіць у хвост бусіка, і атрымлівалася, што я магла зрабіць гэта, толькі калі ісьці па чалавеку. Я адмовілася, сказала: „Не пайду, пакуль вы мужчыну не падымеце“. На што ў адказ пачула: „Не табе тут дыктаваць умовы. Зараз усім астатнім будзе горш ад таго, што ты тут паўстаеш“. Мяне пачалі ўсаджваць сілай. Я пачала чытаць ім нешта накшталт лекцыі, казала, каб яны прачыталі хоць адну кніжку па гісторыі, нагадала, што адзіная каштоўнасьць дзяржавы — гэта чалавек. Амонавец ударыў мяне кулаком па галаве, але я ўсё адно не магла спыніцца. Тады мне заламалі рукі, зацягнулі іх хамутом. Яшчэ зьверху на мяне наваліўся амонавец — у такім стане мы чакалі, пакуль прывядуць яшчэ людзей.
„Прывяла ў шаленства амонаўца-кіроўцу“
— Так нас „спакавалі“ — чатырох лекараў. Доктарка-ўчастковы тэрапэўт пачала ім казаць, што парушаюцца нашы правы пры затрыманьні, чым прывяла ў шаленства амонаўца-кіроўцу. Ён стаў гарлаць нам, дарослым людзям з вышэйшай адукацыяй, што мы авечкі, якімі кіруюць з інтэрнэту, і нам плацяць. Мы спыталі, ці не баіцца ён захварэць, а мы будзем яго лячыць, што ён расцаніў як пагрозу. Тут яго і прарвала — ён крычаў: „Мяне лечаць у паліклініцы МУС, а калі да вас, пачвары, прыйду, то будзеце лячыць як міленькія! Вы, сукі, у «Эўраопт» ня ходзіце, вы амон не паважаеце!“ Тут я ня вытрымала і спытала: „А ёсьць за што?!“ Тут ён закрычаў: „Заткніцеся, а то фарбай пазначу!“
„Зачынілі дзьверы і пусьцілі газ“
— Пасьля нас пагналі ў „стакан“, нас запіхнулі туды ўдзевяцёх, мужчын паставілі на калені, рукі за галаву, ілбом у падлогу, зачынілі дзьверы… і пусьцілі газ! Я зайшла апошняю, мне дасталося першай. Я заплюшчыла вочы, закрылася маскай, старалася меней дыхаць. Дзяўчатам, якія стаялі побач, стала зусім дрэнна, адна спачатку кашляла, а потым стала падаць. Дзьверы адчынілі, мяне папрасілі адысьці крыху ўбок, а Ірыну (яна мэдык), падвялі да кратаў, каб яна магла дыхаць. Ёй стала лягчэй, але тут дзьверы зачынілі зноў і зноў пусьцілі газ. Усім стала дрэнна, я таксама пачала хіліцца ўбок.
„Касьмічны сіняк“
— Супрацоўнікі, якія мяне затрымлівалі, былі ў звычайным адзеньні: футболцы, штанах, красоўках. Білі выключна рукамі і па твары. Я ляжаў у мікрааўтобусе, мяне лупцавалі, я абараняўся неяк, скруціўшыся клубочкам. Таксама нагой мяне ўдарылі па біцэпсе. Пакуль я быў затрыманы, я хадзіў у майцы, астатнія затрыманыя пыталіся, дзе я займеў такі сіняк, бо ён быў фіялетавы, нават „касьмічны сіняк“. Памятаю, адзін з супрацоўнікаў наступіў мне красоўкай на вуха і проста склаў яго напалову. Праз гэта ў мяне зьявілася траўма вуха. Само вуха апухла, супрацоўнікі сьмяяліся і казалі: „О, вуха барцухі“.
„І запхаў дубінку мне ў задні праход“
— Там быў нейкі ідэоляг, загадалі падпаўзьці да яго. Ён задаваў пытаньні: „Хто вам плаціць? Як вы каардынуеце акцыі? Дрэнна жывецца?“ Я казаў, што нармальна жывецца. Была ня тая сытуацыя, каб „качаць правы“. Потым прыйшоў нейкі галоўны, сеў побач. Спытаў, у каго ёсьць прэзэрватыў. Надзеў яго на дубінку. Разрэзаў мне сподняе і запхаў дубінку мне ў задні праход. Было вельмі балюча. Ён патрабаваў, каб я разблякаваў тэлефон, — але я ня памятаў паролю. Мяне зноў пабілі, пакінулі ў аўтазаку. У мяне ў машонцы ўтварылася гематома, я патрабаваў доктара, але мне адмаўлялі. Толькі сьмяяліся.
„Як мяне прыводзілі ў прытомнасьць“
— Ад удараў я страціў прытомнасьць. Пасьля іншыя расказалі, як мяне прыводзілі ў прытомнасьць: давалі панюхаць нашатыр, ставілі ногі на грудную клетку ды білі па твары і геніталіях, пагражалі зрабіць клізму і выкінуць за Курапатамі. Зьбіваньне не прывяло мяне ў прытомнасьць, і яны пераключыліся на іншых затрыманых. Калі ўжо ў Цэнтральным РУУС выцягвалі з буса, мне ў твар вылілі вядро халоднай вады, пасьля чаго я ачуўся. Але яны былі ўпэўненыя, што я прыкідваўся, таму зноў пачалі біць. Байцы амону называлі нас „злачынцамі, якія ішлі нападаць на іхных жонак“.
„Жары валасы“
— Карацей, мяне закінулі ў аўтазак. Там 8–10 чалавек сядзіць цалкам экіпаваных амонаўцаў, мяне называюць „підарам“ і ставяць на калені. Адразаюць мне валасы ці то брытвай, ці то нажом, я ня ведаю, але гэта было па адчуваньнях: нацягнулі валасы і нечым іх адрэзалі. Сказалі: „Мордай у падлогу“. Я лёг, мяне пачынаюць біць ужо па азадку, па нагах. Кажуць: „Жары валасы“. Я маўчу, яны кажуць: „Жары валасы“, я маўчу. Яны кажуць: „Складай валасы ў кішэню“. Я склаў. Яны працягваюць мяне біць, проста б’юць і б’юць па тых самых месцах.