Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]
- Автор: Свабода Радыё
- Год: 2021
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]». Краткое содержание книги:
„Бліскуча сварылася з амонаўцамі“
— Дзяўчаты сталі пісаць эсэмэскі з нашымі прозьвішчамі праваабаронцам, а мяне папрасілі пасварыцца з амонаўцамі, каб яны не перашкаджалі, што я і зрабіла бліскуча. Мяне хлебам не кармі, а дай падаконваць амонаўца. Адзін быў адэкватны, а другі нейкі не зусім нармальны. Ён стаў мацюкацца, замахвацца на мяне дручком і мяне, пэнсіянэрку, абзываць курыцай (!!!), а потым як абвараны кіпенем выскачыў з аўтазака. Дзяўчаты пад шумок напісалі смс і далі мне адбой. Я змоўкла з пачуцьцём выкананага абавязку і вельмі задаволеная сабой.
„Катавальны аўтазак“
— Уздоўж дарогі стаяў аўтазак, крыху перад ім — іншы аўтазак, а ўздоўж іх — гэта значыць паміж мордай аднаго аўтазака і задам другога — яшчэ аўтазак, ён дзьвярыма стаіць. Я так зразумеў, што гэта быў катавальны аўтазак. Тут у мяне ўжо нічога не пыталіся, ні дзе мой каардынатар, ні колькі заплацілі. Яны менавіта проста зьбівалі. Ну проста паклалі мяне, і пачалі некалькі чалавек мяне біць па тых самых месцах, па якіх мяне білі яшчэ ў першым аўтазаку. Боль невыносны, я пачаў крычаць, пачаў выгінацца. Гэта значыць, было чыстае катаваньне, ня ведаю, зь якой мэтай. Але гэта мэтанакіравана стаяў катавальны аўтазак, па яго разьмяшчэньні, па тым, што там рабілася, можна было зразумець, што ён менавіта для гэтых мэтаў.
„Пацыфіст“
— Калі ўсіх вывелі з аўтазака, то зайшлі яшчэ тры амонаўцы. Адзін зь іх быў відавочна камандзір: старэйшы за ўсіх, з маршчынамі, гадоў пад 40. Ён на мяне глядзіць і кажа: чаго, маўляў, людзей душыш. Кажу: „Хлопцы, па-першае, пашкадуйце мяне, у мяне трое дзяцей, па-другое, я яго аб’яжджаў, я яго нават не зачапіў, і вы гэта выдатна ведаеце. І наогул, хлопцы, я па жыцьці пацыфіст. Я ні разу ў жыцьці ня біўся“. І вось калі я сказаў гэтае слова „пацыфіст“, яны як быццам усе завісьлі. У гэты момант атмасфэра ў аўтазаку рэзка зьмянілася. Я ня ведаю, што адбылося, але гэты камандзір на мяне паглядзеў і кажа: „Ты нават сабе не ўяўляеш, як табе пашанцавала сёньня. Выходзь“.
„Ну, я ж сам вас ня біў“
Віталь, 35 гадоў, інжынэр:
— Я адзін з тых, хто падаў заяву ў Сьледчы камітэт на міліцыянтаў, якія мяне зьбівалі. І з чым я сутыкнуўся зноў? Мы прыйшлі падаваць заяву ў Фрунзэнскі аддзел Сьледчага камітэту, а сьледчы да нас нават ня выйшаў, заявы прымалі міліцыянты гэтага РУУС. У адным зь міліцыянтаў я пазнаў чалавека, які быў у той спартзалі, дзе нас да крыві зьбівалі. Усьміхаецца, кажа: „Ну, я ж сам вас ня біў, я ж вам нават вадзічку даваў папіць“. Кажу яму: „Так, ты ня біў, але ж стаяў побач, глядзеў на гэтае дзікунства і нікому не дапамог, не пярэчыў“. Адказвае: „А што б зьмянілася? Я б загаду начальства не адмяніў. А на мне крэдыт вісіць, хто за мяне будзе выплочваць?“
За час арышту я шмат разоў чуў пра гэты матыў і ад амонаўцаў. Што на іх вісяць нясплочаныя крэдыты, выплачаныя наперад заробкі, ад чаго яны ня могуць адмовіцца выконваць загады. Але як можна аддаваць такія загады, я для сябе адказу дагэтуль ня маю.
Мяне спынілі амонаўцы непадалёк ад Камсамольскага возера. Гэта было 10 жніўня пад вечар. Я сапраўды зьбіраўся пайсьці да стэлы і паглядзець, што там будзе. Абурыўся вынікам выбараў, ведаў, што дзень таму там шмат затрымалі і пабілі людзей. Але мы зь сябрам ішлі мірна, нікога не чапалі і не крычалі. І вось на нас кідаюцца амонаўцы, кладуць на зямлю. Праглядаюць тэлефоны, нічога не знаходзяць, але ўсё роўна крычаць: „Адстрэлю табе яйцы, і мне нічога ня будзе!“ Дарэчы, і потым гэта гучала не адзін раз ад розных міліцыянтаў: нешта такое зраблю, заб’ю, і мне нічога ня будзе. Гэтыя людзі нібыта былі кімсьці насычаныя нянавісьцю і перакананьнем, што закон не для іх.
Нас зь сябрам зьбілі і спачатку кінулі ў аўтобус, які стаяў непадалёк. Памятаю, як туды аднаго за адным прыводзілі новых і новых ужо зьбітых людзей. Нават рыбака, які ехаў побач на ровары з вудай. Мужчына сталых гадоў, ён проста сумеўся ад таго, што зь ім робяць, але ўсё роўна яго кінулі да нас.
Потым быў аўтазак, якім мяне і ўжо некалькі дзясяткаў затрыманых даставілі ў Фрунзэнскае РУУС. Спачатку ў двор, потым у спартовую залю, дзе спачатку білі, потым маральна зьнішчалі, а ў канцы бралі паказаньні і прымушалі прызнаць віну. Там было самае пекла.
На ўваходзе ў залю стаяў высокі дужы амонавец, такі здаравяка, задача якога была біць усіх, каго ўводзілі. Як бы ён рабіў нам такі „ўрачысты“ прыём — каб было зразумела, куды трапілі. Сваё заданьне ён выконваў з садысцкім задавальненьнем: біў куды заўгодна рукамі, нагамі. Адусюль чуваць было страшэнныя мацюкі. Потым валілі на падлогу і плястыкавымі хамутамі зьвязвалі на сьпіне рукі. Хто варушыцца, падымае галаву, спрабуе паглядзець — адразу падскоквае амонавец і б’е палкай па галаве ці сьпіне. Мне гэтак зламалі дзьве рабрыны.