Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]
- Автор: Свабода Радыё
- Год: 2021
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]». Краткое содержание книги:
Шалёны псыхалягічны ціск — у тым ліку прымушалі хорам крычаць „Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка — самы лепшы прэзыдэнт“. Хто спрабаваў адмаўчацца, зноў атрымліваў дручком па сьпіне. Усіх, у каго бачылі белыя стужкі на руках, прымушалі іх зьесьці. Ад сваёй стужкі мне ўдалося пазбавіцца яшчэ ў аўтазаку.
Адборныя і самыя пахабныя мацюкі ліліся на затрыманых проста лявінай. Я яшчэ ніколі ў жыцьці ня чуў столькі брыдкіх словаў ад жанчын-міліцыянтак. Там была сьледчая Карына, яна праводзіла апытаньне. Ніколі б не падумаў, што дзяўчына можа ўжываць такі набор лаянкі! Да таго ж у яе яўна былі садысцкія схільнасьці. Іншыя міліцыянткі, якія праводзілі апытаньне затрыманых, таксама не вызначаліся літасьцю.
Сядзіць вабная дзяўчына гадоў 20, можа, курсантка акадэміі ці толькі скончыла. Вакол крычаць, стогнуць, а яна ўсьміхаецца, жартуе з амонаўцамі. Каву сабе разьліваюць. Да яе падводзяць чарговага затрыманага. А там ня толькі маладыя былі, але і сярэдніх гадоў, нават пажылага веку людзі трапляліся. Карацей, кожны другі ёй мог быць старэйшым братам ці бацькам. Ня ўсе адразу пагаджаліся падпісваць іхныя паперы. На гэта яна звонкім голасам падзывала амонаўца: „О, у нас тут герой. Адмаўляецца падпісваць“. І чалавека пры ёй адводзілі ўбок, зноў бязьлітасна білі і прыводзілі да яе ўжо паслухмянага. „Ну, цяпер будзем падпісваць? Ясна, будзем“, — і задаволена ўсьміхаецца.
Амаль дзень мяне трымалі ў Фрунзэнскім РУУС, адкуль без усякага суду адправілі ў жодзінскі ізалятар.
Яшчэ раз пераадолеў сябе, калі пайшоў падаваць заяву пра зьбіцьцё ў сьледчы аддзел Фрунзэнскага раёну, а той знаходзіцца ў тым жа будынку Фрунзэнскага РУУС, дзе мяне дзень зьбівалі. Сапраўды было страшна туды ісьці. Не пайшоў бы, калі б не „наіўная вера“, што яшчэ можна неяк зьмяніць становішча.
„Мама, мне сорамна прызнацца, але я плакаў“
Іна, маці 14-гадовага Давіда, Берасьце:
— 10 жніўня мы з Давідам, ягоным айчымам і сябрамі вярталіся дадому праз мост з цэнтру гораду ў мікрараён Паўднёвы. Проста на мосце амон узяў нас у ачапленьне.
Нас паставілі на калені. Па баках уздоўж бардзюра стаялі на каленях мужчыны. Іх білі. Яны там раўлі. Я паказала свае рэчы, нічога не знайшлі, сказалі ісьці, але сына не аддавалі. Ім было ўсё роўна — паўналетні ён ці не. Мяне літаральна вытаўклі ў карак.
Я патэлефанавала на 102, але ніякіх зьвестак, акрамя крыкаў ад дыспэтчаркі, не пачула. Маўляў, няма чаго лазіць зь дзіцем. Сказала — ідзіце дадому, заўтра вырашыце ўсё — і кінула слухаўку.
А 4-й раніцы 11 жніўня мне патэлефанавалі зь незнаёмага нумара і сказалі прыяжджаць забіраць сына, але не сказалі, куды, і зноў кінулі слухаўку. Пасьля высьветлілася, што яны бралі выпадковы тэлефон некага з затрыманах з кучы мабільнікаў, званілі да бацькоў, а пасьля тэлефон зноў кідалі ў кучу.
Я ўсё ж даведалася, дзе ўтрымлівалі Давіда — у казармах вайсковай часткі. Пад будынкам там былі дзясяткі разгубленых бацькоў, якія чакалі выхаду дзяцей. Мне загадалі падпісаць пратакол, дзе было адзначана, што Давід браў удзел у пратэстах.
Яны напісалі, што яго затрымалі на плошчы на мітынгу. Я адмовілася падпісваць і напісала, як было. А дзіця яны так проста не аддавалі. Вывелі ў цёмны тамбур, маўляў, паглядзіце, ці ўсё ў парадку. Там нічога не відаць. Зачыняюць дзверы, даюць лісток, трэба напісаць, што ня маеш прэтэнзіяў. Пасьля ўжо мы пабачылі сьляды ад дубінак, гематомы, гузы.
Давід расказаў, што ў затрыманых нават не пыталіся, хто яны і адкуль, проста білі і зьдзекаваліся. Ува ўсіх забіралі тэлефоны, а калі выпускалі, тэлефон немагчыма было знайсьці, бо мабільных была гара. Без вады і прыбіральні ўсе затрыманыя ляжалі на падлозе. Падымаць галаву не дазвалялі. Калі хтосьці глядзеў убок, яго пачыналі біць.
Сын мне сказаў: „Мама, мне сорамна прызнацца, але я плакаў“. Усе плакалі, не шкадавалі нікога. І дарослыя мужыкі раўлі. У сына здранцьвелі рукі і ногі, але баяўся паварушыцца.
Да нядзелі 16 жніўня я ня ведала, дзе знаходзіцца Давідаў айчым Дзяніс. Яго не было ні ў адным са сьпісаў.
Я тэлефанавала і шукала Дзяніса. У аддзяленьні здымалі слухаўку і маўчалі або адкладалі яе, і было чуваць хіхіканьне. У мяне сямёра дзяцей, малодшы — інвалід. Я ўсё жыцьцё хаджу па інстанцыях, і паўсюль хамства, зьнявага і несправядлівасьць.
Дзяніса выпусьцілі ўначы 17 жніўня. Яму прысудзілі 10 сутак. Нягледзячы на стан здароўя, бо ён таксама ўвесь пабіты і шакаваны.