Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
— Каханне? Прыдумкі для слабых, для верабейчыкаў, якія шчабечуць, варта прыгрэць сонцу. Ты яшчэ такая юная, амаль дзяўчынка. Я хацеў бы прасіць цябе — дапамажы мне зараз. І я ніколі не забуду табе гэтага. Ты не пашкадуеш, даверся мне.
— У чым, вялікі князь?
— Ніяк не можаш сказаць — брат… Нічога, прывыкнеш. Паслухай! Мне патрэбны саюзнікі. І аднаго, самага надзейнага, я мог бы займець праз цябе.
Яна маўчала, бо нядобрае прадчуванне халоднай змяёй запаўзала пад грудзі.
— Алена замужам за маім ворагам і ворагам Новагародка. Але твой будучы муж… Са сваім войскам і вернымі нам новагародцамі…
— Ты падабраў мне кагосьці? Каго ж?
— У Таўцівіла ёсць сыны. У жамойцкага Выкінта таксама сын і два пляменнікі. Ды найбольш важны мне цяпер полацкі Таўцівіл. Бачыш, я выкладваю табе зараз свае планы, але я давяраю табе, сястра. Іначай… тваё жыццё зараз у маіх руках, помні.
Гарачая, шалёная хваля так моцна ўзмыла ў ёй, што Жывена здрыганулася, а ён палічыў, што гэта — ад перапуду, і зноў паўтарыў сваё «Не палохайся».
Стараючыся ўтаймаваць сябе, свой гнеў, Жывена са страхам адчула, колькі ў ёй нейкага дзікага, безразважнага, бясстрашнага агню, які гатовы спапяліць чалавека, што стаяў побач.
«Гэта мой брат, брат!» — паўтарала яна сабе раз за разам, дакараючы сябе і за гэты неўтаймоўны, незнаёмы ёй самой агонь, і за недастойную жрыцы Ашвінаў злосную сілу. А ён усё пытаўся аб нечым, і нарэшце яна пачула:
— Ці згодная ты дапамагчы Новагародку?
Жывена нарэшце падняла вочы на Войшалка, зірнула на яго ясна і спакойна. Знерваваны, бледны пад асляпляльна-гарачымі промнямі сонца, з раннімі зморшчынамі вакол упалых вачэй, у чорным пакамечаным манаскім уборы з наліплай конскай валаснёй, ён здаваўся нейкім прывідам, чужым спакойнай, раўнадушнай да чалавечай мітусні раніцы і ўсёй навакольнай прыродзе. І ёй стала сорамна свайго гарачага гневу, а ў сэрцы нарадзілася шкадаванне. А яшчэ — цішыня. Тады, стараючыся перадаць свой, з такой цяжкасцю набыты спакой, яна загаварыла:
— Мяне многаму тут вучаць, брат, а найперш таму, што ўсё наканаванае ўжо існуе ў будучым, жыве яно і ў мінулым пасля таго, як адбылося, бо Час не рухаецца. І мы, толькі мы, праходзячы скрозь ягоную вось, сутыкаемся з падзеямі, а яны сцерагуць нас, выпрабоўваюць на нешта, што вядомае толькі багам ці вагам, на якіх узважваюцца пасля смерці ўсе нашы грахі.
— Я пытаюся ў цябе не пра гэта. Я хачу ведаць, ці дапаможаш ты мне? І Новагародку?
— А Новагародак будзе існаваць — з табой ці без цябе. Калі ты любіш яго, то ўсё тое, што ты зробіш для яго, пакладзецца на ягоныя — і твае таксама — вагі і будучыню. Але зробіш без насілля, хітрасці, адчаю…
— Магу я паабяцаць тваю руку сыну альбо пляменніку Таўцівіла?! Калі ты хочаш, ты можаш пасля адмовіцца. Але цяпер… цяпер… Сястра! Я апошні раз кажу табе…
Яго рука сутаргава лягла на чорную расу, і яна выразна ўбачыла пад ёю абрысы похваў. Тады яна стала блізка ад яго, і левая рука яе сціснула ягоную, напоўненую варожасцю і жаданнем забіваць:
— Наш бацька забіў шмат нашых родзічаў, а колькі ён пасылаў на смерць, нават не задумваючыся над тым! Цяпер ты, князь, будзеш рабіць тое самае. Але мяне… мяне вы не прымусіце браць ва ўсім гэтым удзел. Калі не верыш мне і думаеш, што я пайду да тваіх… нашых ворагаў, калі хочаш мяне прылучыць да тваёй прагі і нянавісці… тады забі мяне тут, зараз…
Чамусьці Жывене выразна ўбачыліся два клінкі, скрыжаваныя над іхнімі галовамі. Яны ажно трымцелі, напоўненыя сілай, якая перапаўняла іх, такіх блізкіх па крыві і такіх розных. І раптам як пераламаўся ягоны клінок. Войшалк глыбока ўздыхнуў.
— Хрыстос з табой, сястра. Я ўсё ж не вой, я воін Хрыстовы, і забіваць магу толькі ворагаў.
Адступіў ад дзяўчыны, зірнуў на яе з павагай.
— Я ніколі не думаў, што ты… такая. Не сярдую, што не захацела дапамагаць. Мабыць, такая ўжо воля Божая; аднак жа нешта гаворыць мне, што буду я на стале новагародскім…
Князь павярнуўся і знік у прыбярэжным кустоўніку так хутка, што Жывене магло б падацца, што ўсё памроілася ёй, каб не глыбокія сляды на шаўкова-светлым азёрным пяску ды конскае іржанне, на якое адгукнуліся кабылы ў храмавай стайні.
Яна яшчэ доўга стаяла ля возера, думаючы аб віхурах, якія месцяцца ў чалавечай душы і ўтаймоўваць якія так невыносна цяжка. Гады посту, роздумаў, самаачышчэння часам змятаюцца сакрушальным ураганам страсцей так лёгка, як пярынка — навальнічным ветрам… Так не раз гаварыў ім Святазар, але адчула яна гэта ўпершыню. І ёй было сорамна. Што ж казаць пра людзей простых, якія жывуць, не задумваючыся над наступствамі, жывуць, як пагоняць іх жаданні ці голад, калі яна, жрыца, якой багі час ад часу давяраюць патаемнае, гатовая была сарвацца ў шалёны віхор? І яна дзякавала Ашвінам, стараючыся ізноў зліцца з прыродаю, загайдацца ў хвалях спакою і чысціні, якімі дыхала навакольнае…