Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:

Залатая жрыца Ашвінаў
1 ... 34 35 36 37 38 39 40 41 42 ... 140
Перейти на страницу:

Яўлампія не прыслала ў належны час дары храму, і Жывене давялося самой ехаць у Новагародак.

Баярыня, хаваючы вочы, доўга гаварыла аб гандлёвых стратах сям'і: татары захапілі ладдзю з шаўковымі тканінамі, што плыла з Кіева, знік, захапіўшы выручку, гандлёвы госць Каўрон. Дый сама яна хварэла, бо прыслала Апфія з ганцом нядобрыя звесткі: нядаўна яна скінула дзіця, а так спадзявалася на сына! Як бы не стаў муж пахаджваць да віслен — гуляшчых жанчын, шмат іх развялося ў Галічы. Шварн таксама крыўдуе на жонку, хаця ні ў чым не вінаватая Алена; гэта брат яе, Войшалк, пажадаў перадаць новагародскі стол Раману, хаця, вядома, змушаны быў зрабіць тое. Але чаму не Шварну? Была б тады Алена новагародскаю вялікай княгіняй, жыла б сярод блізкіх людзей, а не паміж недаверлівых, а часта і варожых да яе галічанаў. Яшчэ перадавала Апфія маці, што Даніла Галіцкі, які спачатку спадзяваўся на немцаў і нават каранаваўся дзеля таго, разарваў саюз з крыжакамі.

Аднак жа калі Жывена, як навучыў яе Святазар, загаварыла аб тым, што пойдзе да біскупа Хрысціяна і святара Гаўрыіла, якіх прызначыў Агапій перад смерцю сваімі душапрыказчыкамі і якім даручыў раздзел сваёй маёмасці, адразу змякчылася Яўлампія: папрасіла пачакаць гадавіны, пасля якой зоймецца справамі нябожчыка-мужа. А пакуль аддала Жывене вялікі кашэль з залатымі манетамі і падарыла ёй стужку, вышытую сярэбранай каніцеллю.

Перад тым, як вяртацца ў храм, пайшла дзяўчына ў гандлёвыя рады, што месціліся непадалёку ад замка, каб прывезці з сабою патрэбнае для службаў — ружавай вады, якою мыюць алтары, розных араматаў*: белай, як снег, камфары, залацістага шафрану, мушкатных бубкаў, зялёных, чырвоных і вохрыстых раслінных алеяў, што поўняць гандлёвую плошчу хваёвымі, бэзавымі і ўвогуле дзіўнымі пахамі далёкіх краін. Цудоўныя пахкасці, як вядома, адганяюць злых духаў, якія любяць усё смярдзючае, чым гідзяцца добрыя людзі.

* Пахкасцей.

Калі возчык Вялет перанёс усё накуплянае ёю ў вазок, а Жывена, стоячы ля яго, раздумвала, ці ўсё патрэбнае храму яна ўспомніла, паказаўся непадалёку рыцар Райнер. Ён нават не павітаўся з дзяўчынай — проста стаў перад ёю, не спускаючы вачэй, і маладой жрыцы давялося сабраць у адно ўсю волю, каб павітацца з ім прыязна і адкрыта:

— Апошнім часам, калі ты прыязджаў у храм, я пакрыўдзіла цябе. Даруй. Ты ездзіў у Рыгу?

— Гэта ўсё запозна, усё запозна, — прамармытаў крыжак незразумелае. Пасля дадаў выразна:

— Ваш князь Раман, як і ягоны бацька, адмаўляецца ад святога хрышчэння, ад блаславення папы… а мы едзем у Святую зямлю, дапамагаць сваім братам.

— Вы з'язджаеце?

У голасе Жывены прагучала радасць, якую яна не змагла схаваць.

Тады ён спытаўся павольна, але са стоенай сілай, ад якой абцягнуўся жаўтаўлявай скурай малады, быццам выразаны на камені, твар:

— Скажы, залатая жрыца: ты магла б… хаця калі-небудзь… пакахаць такога, як я? Я не магу заводзіць сям'ю, але вашы багі дазваляюць любіць вольна, шчасліва. Ты — магла б?

І зноў, перш чым падумаць, яна адказала вокамгненна:

— Не!

І тут жа кроў збянтэжанасці прыліла да шчок. «Светланосныя Ашвіны, калі я навучуся развазе!» — падумалася з адчаем. Яна працягнула руку, каб нешта патлумачыць, дадаць, пераканаць… але ён павярнуўся, пайшоў, глянуўшы на яе так страшна, што сэрца дзяўчыны затахкала бязладнымі штуршкамі, а возчык Вялет перасмыкнуўся:

— Можа, правучыць яго добра, каб не палохаў цябе?

Яна ўскочыла ў вазок, падагнуўшы белую ільняную сукню, махнула рукою, каб ён ехаў. Вялет падпарадкаваўся, але доўга яшчэ бурчэў сабе пад нос, што, будзь ягоная воля, правучыў бы крыжака. Але Жывена, успамінаючы размову, бачыла скрозь нешматслоўнасць Райнера пачуццё, якое палохала, як чужая немач, гатовая абрынуцца на цябе, прымушала сціскацца ў прадчуванні нядобрага. Здавалася, у тым напружанні душы, якое апанавала яе, нешта прыйдзе зараз на дапамогу, падасць аб сабе знак. І знак прыйшоў: калі вазок спускаўся з гарыстай вуліцы, на велічэзную ліпу, што ўся як бруілася пад маладым летнім ветрам безліччу зялёных лістоў, камяком упалі дзве птушкі. Па вохрыста-шэрых рулявых пёрах, сіняватай дзюбе і чорных кіпцюрах маладая жрыца пазнала ястраба, які ўпаляваў галубку. Але яна не здавалася: упаўшы, імгненна перакінулася ў гушчу сучча, так што ястраб, залопаўшы шырокімі крыламі, узмыў над дрэвам, нібыта выглядаючы страчаную здабычу. Жывена закрычала Вялету, каб спыніў вазок — хацелася бачыць, што будзе далей, але коні не змаглі адразу спыніцца, а калі павярнулі ізноў да ліпы, птушак не было відно. Не то ўпаляваў ястраб нарэшце сваю здабычу, не то яна змагла, забіўшыся ў якую шчыліну, схавацца ад бязлітасных чорных кіпцюроў…

1 ... 34 35 36 37 38 39 40 41 42 ... 140
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)