Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
– I як жа, на твой погляд, адзін з нашых хобітаў вызваліў рукі? – спытаў Гімлі.
– Ня ведаю. Як і тое, навошта орку спатрэбілася несьці іх прэч. Ня дзеля ж таго, каб дапамагчы ім уцячы, гэта ўжо дакладна. Толькі цяпер вытлумачваецца, што зьдзіўляла мяне з самага пачатку: чаму оркі, перамогшы Бараміра, задаволіліся толькі захопам Піпіна й Мэры? Не намагаліся забіць нас, ані скрасьці нашую пакладу. А замест таго пабеглі з усіх ног да Ізенградку. Мо яны падумалі, што захапілі носьбіта пярсьцёнка й ягонага вернага паплечніка? Мяркую, не. Гаспадары оркаў наўрад ці адважацца распавесьці гэткае, нават калі й самі ведаюць. Пра пярсьцёнак нельга адкрыта размаўляць з оркамі, яны ненадзейныя паслугачы. Мяркую, ім загадалі менавіта захапіць хобітаў жывымі любым коштам. А перад апошняй бойкай зь вершнікамі нехта паспрабаваў высьлізнуць за кола аблогі з каштоўнымі палоннымі. Вераемна, тое была здрада. Звычайная рэч сярод орцкага племені: нейкі дужэйшы ды нахабнейшы орк намагаўся зьнесьці здабычу для ўласнай патрэбы. Вось вам мае разгадкі. Магчыма прыдумаць і іншыя. Цьвёрда разьлічваць трэба на тое, што адзін зь сяброў здолеў уцячы. Нашая мэта: знайсьці яго й дапамагчы яму да таго, як вернемся ў Рохан. I ня трэба баяцца Фангарну, раз ужо лёс загнаў нашага хобіта ў лясны гушчар.
– Ня ведаю, чаго баяцца болей: ці Фангарну, ці доўгай вандроўкі праз Рохан пехатою, – заўважыў Гімлі.
– Тады рушым лепей у лес, – падсумаваў Арагорн.
Неўзабаве Арагорн адшукаў новыя сьляды. Адбіткі ног ля берагу Энтуі, відавочна хобіцкіх, але надта неглыбокія, каб шмат зразумець зь іх. I зноўку, пад ствалом вялізнага дрэва на самым краі лесу знайшліся яшчэ адбіткі. Хоць зямля была ссохлая, голая й мала чаго чыталася на ёй.
– Сама менш адзін хобіт стаяў тут пэўны час дый паглядаў назад, а тады павярнуўся й рушыў у лес, – патлумачыўАрагорн.
– Тады й мы мусім рушыць, – дадаў Гімлі. – Але недаспадобы мне выгляд гэтага лесу, і нас супраць яго папярэджвалі. Хоць бы толькі нашая пагоня завяла нас у якое іншае месца!
– Па-мойму, у гэтым лесе не адчуваецца ліха, што б ні баялі старыя, – заўважыў Ляголас.
Ён стаяў побач з дрэвамі, нахіліўшыся наперад, нібы прыслухоўваўся ды ўзіраўся шырока расплюшчанымі вачыма ў лясны цень.
– Не, ён не ліхі, а калі што ліхое ёсьць, дык далёка адсюль. Я адчуваю толькі слабое рэха – недзе ў далечы ёсьць змрочныя нерушы, дзе сэрцы дрэваў паўнюткія чарноцьця. Побач з намі анішто не задумвае ліха, але шмат насьцярожанасьці й злосьці.
– Ну, на мяне ім няма нагоды злавацца, – сказаў Гімлі. – Шкоды я ім не рабіў.
– I добра, – зазначыў Ляголас. – Аднак шкоду лесу ўсё ж учынілі. Нешта там унутры адбываецца ці неўзабаве адбудзецца. Ці адчуваеш ты напружанасьць, трывогу лесу? У мяне ажно дыханьне ад яе перахоплівае.
– Па мне, дык паветра тут састаялае, – адказаў гном. – Лес тут сьвятлейшы, чым Ліхалесьсе, але ж збуцьвелы ды трухлявы.
– Ён стары, надта стары, – давёў эльф. – Такі стары, што я зноў адчуваю сябе маладым. Я забыўся на тое ад пачатку вандроўкі з вамі, маладзёнамі. Стары й паўнюткі ўспамінаў. Як хацеў бы я пабыць у ім, калі б толькі патрапіў сюды ў спакайнейшы час!
– Напэўна, хацеў бы, ты ж лясны эльф, – прабурчэў Гімлі. – Хоць эльфы ўвогуле дзівоснае племя. Аднак ты мяне суцешыў. Калі ты рушыш у лес, тады й я. Толькі трымай лук напагатове, а я адвяжу сякеру, каб вальней матлялася ля паса. Не для расьлінаў, вядома, – дадаў пасьпешліва, зірнуўшы на дрэва, пад якім стаялі. – Упрост не жадаю зьнянацку сустрэць зноў таго старога безь пераканальнага доваду пад рукамі – і ўсё. Ну, рушма!
I тры паляўнічыя рушылі ў лес Фангарн. Ачольваў іх і вышукваў сьляды Арагорн. Але шукаць не было чаго – на сухой і засыпанай лісьцем лясной глебе. Палічыўшы, што ўцекачы не захочуць аддаляцца ад вады, Арагорн увесь час вяртаўся да берагу. Гэтак і натрапіў на мясьцінку, дзе Мэры й Піпін спаталялі смагу й мылі ногі. Тады ўсе лёгка ўбачылі, што адбіткі – ад двух хобітаў: у аднаго ступакі крыху меншыя.