Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
1 ... 35 36 37 38 39 40 41 42 43 ... 174
Перейти на страницу:

– На Ізенградак! – загукалі энты шматгалоса.

– На Ізенградак!

Хай Ізенградаку кольцы гораў сілай дужы ліхою, Хай Ізенградак, як костка, голы за шэрай сваёй сьцяною, Калоць каменьне, бурыць злачыньне йдзем на яго вайною! Бо дрэвы палаюць, бо печы смуродзяць за тою брамаю злою! У край праклёну тупатам кону, грукатам барабану! У Ізенградак лёсавы вырак мы прынясем з сабою! Ідзем на яго вайною!

Гэтак сьпявалі энты, шыхтуючы на поўдзень.

Брэгалад зь зіхоткімі вачыма стаў побач з Дрэвабародам. Стары энт узяў хобітаў да сябе, зноўку прыладзіў на плячох, і яны ехалі ганарліва й пачэсна на чале войска пад ваяўнічыя сьпевы. Хоць і чакалі, што нешта ўрэшце адбудзецца, усё адно надзвычай уразіліся зьменамі ў энтавым настроі. Падавалася, што рака, якую доўга трымалі за плацінаю, здолела прарвацца й мкне раптоўным шалёным патопам.

– Усё ж энты дамовіліся хутка, ці ня так? – адважыўся вымавіць Піпін праз пэўны час, калі сьпеў на момант прыпыніўся й чуваць быў толькі рытм рук і ног.

– Хутка? – зьдзівіўся Дрэвабарод. – Ху-умм! Сапраўды. Хутчэй, чым я чакаў. Даўно я ня бачыў, каб яны гэтак паўставалі. Мы, энты, ня любім ані злавацца, ані ўзбуджацца. I такое не здараецца, калі нашыя дрэвы й нашыя жыцьці ў бясьпецы. Падобнага не было з часоў Саўронавай вайны зь людзьмі з-за мора. Усё оркі, што пасеклі дрэвы – рарумм! – нават і без такога слабога апраўданьня, каб паліць печы. Вось што нас раззлавала, а таксама здрада суседа, які мусіў нам дапамагаць. Чараўнікі павінны ведаць лепей, бо яны абазнаныя. Ні на якой мове – эльфавай, энтавай ці чалавечых – няма праклёну для гэткай здрады. Далоў яго!

– А што, вы насамрэч зьбіраецеся разбурыць брамы Ізенградку? – спытаў Мэры.

– Хо, хмм, а мы можам. Вы, мабыць, ня ведаеце нашай моцы. Ці чулі вы пра троляў? Тролі вельмі дужыя. Але ж яны ўсяго толькі падробкі. Іх вытварыў Вораг падчас Вялікай Цемры. Яны – зьдзек з энтаў, як оркі – зьдзек з эльфаў. Мы дужэйшыя за троляў. Мы зробленыя з самых костак зямлі. Мы здольныя расколваць каменьне, як яго расколваюць карані дрэваў, толькі хутчэй, нашмат хутчэй, калі толькі раззлуемся! Калі нас не пасякуць, ня вынішчаць агнём ці якім чароўным выбухам, мы раструшчым Ізенградак на аскепачкі й шчэпкі, ягоныя муры рассыплюцца друзам.

– Але ж Саруман паспрабуе вас спыніць, ці не?

– Хмм, вух, так, напэўна. Я на тое не забыўся. Насамрэч я доўга пра тое меркаваў. Большасьць энтаў маладзейшыя за мяне, на шмат дрэвавых вякоў. Цяпер усе яны раззлаваліся, усе думаюць толькі, каб пабурыць Ізенградак. Але неўзабаве крыху паастынуць, калі надыдзе час вячэрняга пітва. Вох, якая сёньня ў нас будзе смага! А пакуль – няхай маршуюць і сьпяваюць. Ісьці доўга, ёсьць час паразважаць. А паразважаць варта, вох, варта.

Пэўны час Дрэвабарод крочыў, сьпяваючы разам з усімі. Але паступова ягоны голас сьцішыўся да шэпту, і ён змоўк. Піпін бачыў: лоб старога зморшчыўся, сабраўся ў складкі. Нарэшце энт зірнуў угару, і Піпін убачыў тугу ў ягоных вачох. Тугу, але не адчай. Зялёны спакойны агонь адбліскваў у іх, быццам з глыбіні, зь цьмянага калодзежу глыбокай думы.

– Вядома, можа быць, сябры мае, – вымавіў ён павольна, – можа быць, што крочым мы да свайго кону, у апошні паход энтаў. Аднак калі б мы засталіся па хатах ды не рабілі анічога, кон сам прыйшоў бы да нас раней ці пазьней. Гэтая думка доўга расла ў нашых сэрцах, таму мы й выйшлі цяпер. Не пасьпешлівае тое вырашэньне. Ну, спадзяюся, апошні паход энтаў будзе варты песьні. Магчыма, – ён уздыхнуў, – мы здолеем дапамагчы каму-нікаму перад тым, як самі сыдзем у ноч. А я хацеў бы спраўдзіць, ці слушна кажуць песьні пра энтавіц. Я так хацеў бы стрэць маю Фімбрэтыль зноў. Але ж, сябры мае даражэнькія, песьні, што дрэвы, – плады даюць толькі ў свой час, сваім асаблівым чынам. А часьцяком і сохнуць заўчасна.

Крочылі энты надзвычай хутка. Спусьціліся ў доўгую цясьніну, якая вяла на поўдзень, а пасьля пачалі караскацца ўсё вышэй на заходні хрыбет. Лес застаўся ўнізе, вакол былі толькі купкі бярозаў. Вышэй схілы зусім загаляліся, некалькі тонкіх, зьнясіленых сасонак расло на іх. Сонца зайшло за цёмны бок гары наперадзе. Апусьціўся шэры змрок.

Піпін азірнуўся. Энтаў паболела – ці здарылася што іншае? Толькі мінулі голыя бляклыя схілы – і вось на іх пасталі дрэвы. Не, не пасталі – рухаюцца! Няўжо дрэвы Фангарну абудзіліся й сам лес узьняўся, шыхтуючы праз горы на вайну? Хобіт пацёр вочы. Мо тое дрымоты або цені падманулі яго? Не, вялізныя шэрыя постаці ўпарта рушылі наперад. I гук... быццам вецер шамаціць мноствам галінаў. Энты наблізіліся да грэбеню хрыбта, і сьпевы сьцішыліся. Апусьцілася ноч, і цішыня зь ёю. Анічога не было чуваць, толькі дрыжыкі зямлі пад нагамі энтаў ды шапаценьне, лёгкае шаргаценьне, нібыта мноства лістоў кружляе ў паветры. Пастаўшы на самым хрыбце, зірнулі долу, у чорную яміну, на вялізманы разлог апошняга адгор'я: Нан Курунір, даліна Сарумана.

1 ... 35 36 37 38 39 40 41 42 43 ... 174
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)