Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
1 ... 33 34 35 36 37 38 39 40 41 ... 174
Перейти на страницу:

– Цікава, дзе ж Ізенградак? – спытаў Піпін.

– Я ня ведаю дакладна, дзе мы, – адказаў Мэры, – але вунь той пік, верагодна, Мэтэдрас, і, наколькі я памятаю, кольца Ізенградку ляжыць на разгалінаваньні атовілкаў ці ў глыбокай цясьніне ля самага заканчэньня гор. Можа, Ізенградак якраз за тым вялізным хрыбтом. Там відаць нейкая смуга ці дым – бачыш, леваруч ад піку?

– Цікава, а што ж такое Ізенградак? – спытаў Піпін. – I што, прынамсі, энты здольныя супраць яго зрабіць?

– І я думаю пра гэта. Бо Ізенградак – нешта падобнае да кольца скалаў ці нават пагоркаў з роўнядзьдзю ўнутры й скалой пасярэдзіне. Тая скала называецца Ортанк, на ёй Саруманава вежа. У коле скалаў ёсьць брама, мо й не адна, і калі не памыляюся, праз самае кольца цячэ рака. Нараджаецца яна ў гарах і далей плынее праз Браму Рохану. Ня энтаўскае гэтае месца, падаецца мне. Але ж нешта вусьцішнае мне ў іх бачыцца. Мо яны зусім не такія сьмешныя й бясшкодныя, як на першы позірк. Яны дзівакі, павольныя, цярплівыя, тужлівыя нават, але ж калі яны ўздымуцца, калі ўздымуцца... я тады надта хацеў бы быць менавіта на тым баку, за які будуць яны.

– Але! – выгукнуў Піпін. – Я разумею, пра што ты. На першы позірк і розьніцы не прыкмеціш: ці тое карова жуе сабе жуйку, мірна стоячы, ці тое бугай за табою сочыць. Адзіны нечаканы момант – і ўжо нясецца да цябе, наставіўшы рогі! Цікава, ці ўздыме іх Дрэвабарод. Упэўнены: ён намагаецца. Але ж наўрад ці яны захочуць. Дрэвабарод нават раззлаваўся мінулай ноччу, аднак адразу ж і аціх, загнаў злосьць назад, і ўсё тут.

Хобіты павярнуліся. Галасы энтаў-радоўцаў па-ранейшаму то гучнелі, то сьціхалі. Сонца ўскараскалася высока й заглядвала за жывую агароджу. Зазьзяла на кронах бярозаў і заліло паўночны край лагчавіны прахалодным жоўтым сьвятлом. Там заблішчэў пад промнямі маленькі зіхоткі вадаліў. Хобіты прайшлі краем логу ўздоўж вечназялёных дрэваў – гэтак прыемна адчуць зноў сьвежую траву пад пяткамі, нікуды не сьпяшацца! – і тады дабраліся да крыніцы. Папілі крыху чыстай сьцюдзёнай вады й селі на замшэлы валун, назіраючы за гульнёй сонечных зайчыкаў на траве й ценямі хуткіх аблокаў. Энтава вуркатаньне-шапаценьне ўсё доўжылася. Хобіты дзівосна пачуваліся: далёка-далёка ад знаёмага сусьвету, па-за межамі будзённага й звычнага, далёка ад усяго, што адбылося ў іхнім жыцьці. I тады моцна засумавалі па тварах і галасах спадарожнікаў, сяброў, асабліва па Фрода й Сэму, дый па Швэндалу.

Нарэшце энтава гаворка прыпынілася. Хобіты пабачылі: да іх набліжаюцца Дрэвабарод і яшчэ нейкі энт.

– Хмм, хумм, вось і я зноў, – вымавіў Дрэвабарод. – Стаміліся, га? Ня церпіцца? Ну, баюся, давядзецца вам яшчэ пацярпець. Пра тое-сёе ўжо мы й дамовіліся, але ж трэба патлумачыць тым, хто жыве далёка ад Ізенградку, тым, з кім я не перамаўляў да Энтарады, а ўжо тады вырашым, што нам рабіць. Праўда, само вырашэньне ў энтаў шмат часу ня зойме, як усё вытлумачыцца, узгадаецца й разгледзецца ў дробязях. На гэта спатрэбіцца два дні сама менш. Таму я прывёў да вас паплечніка – жыве ён непадалёк. Брэгалад яго клічуць па-эльфску. Ён сказаў: усё, ён ужо вырашыў, няма яму чаго рабіць на Энтарадзе. Хм, хмм, ён – найбліжэйшы з нас да сапраўднай пасьпешлівасьці. Дык вы разам файна паладзіце. Ну, да пабачэньня!

Дрэвабарод сышоў. Брэгалад жа стаяў колькі часу, сумна азіраючы хобітаў, а яны глядзелі на яго, чакаючы, калі ж ён выкажа якія прыкметы "пасьпешлівасьці". Брэгалад быў высокі, падаваўся адным з маладзейшых энтаў: з гладкай бліскучай скурай на руках, з барвянымі вуснамі й шэра-зялёнымі валасамі. I хіліцца мог, згінацца, рыхтык маладое дрэўца на ветры. Урэшце загаварыў голасам глыбокім і губным, але званчэйшым ды чысьцейшым за Дрэвабародаў.

– Ха, хмм, сябры мае, пашпацыруйма! Я – Брэгалад, ці Хуткасьцень на вашай мове. Але тое толькі мянушка, вядома. Празвалі мяне так, бо я адказаў старэйшаму энту так, калі ён яшчэ ня скончыў пытаньня. I п'ю я хутка, і напіваюся, пакуль некаторыя іншыя толькі бароды абпырскваюць. Хадзем!

I працягнуў прыгожыя рукі з доўгімі пальцамі да хобітаў.

Увесь гэты дзень яны шпацыравалі па лесе, сьпявалі й рагаталі, бо Хуткасьцень часта сьмяяўся. Сьмяяўся, калі сонца вызірала з-за хмары, сьмяяўся, калі траплялі на крынічку ці ручаіну. Тады нахіляўся й аплёскваў ногі й галаву вадою. Сьмяяўся зь нейкіх гукаў ці прышаптаў дрэваў. Калі бачыў рабіну, прыпыняўся, працягваў да яе рукі й сьпяваў, і гайдаўся з боку ў бок.

1 ... 33 34 35 36 37 38 39 40 41 ... 174
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)