Мясцовы час
- Автор: Аркуш Алесь
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Мясцовы час». Краткое содержание книги:
Я выйшаў на вуліцу падыхаць сьвежым паветрам. Нейкія маладзёны каля хаты раскручвалі драты. Хлопцы патлумачылі, што зараз будзе музыка — яны прыцягнулі іоніку і пачалі яе падключаць. Я вярнуўся ў хату, знайшоў Вольскага і спытаў:
— Лявон, ты як сябе адчуваеш?
— Добра.
— Зараз будзем сьпяваць.
— Прама зараз.
— А ты думаў! Заўжды трэба быць гатовым. Мы выйшлі зь Лявонам з хаты.
— Як табе інструмэнт?
— Паспрабуем.
І Лявон пачаў націскаць пісклявыя клявішы.
— Можа быць?
— Зараз засьпяваем.
З хаты ўсе павыходзілі на двор сядзібы. Дзясяткі п’яных галасоў загарлалі:
— Вольскі, Вольскі...
І Вольскі засьпяваў.
На беларускіх дарогах паспаліты народ.
Кагосьці цягне на захад, нехта б’ецца на ўсход.
Камусьці трэба свабода, а камусьці прыгнёт.
Гэта зусім не распуцтва, гэта розьніцца ў густах.
Беларуская дарога называецца шлях або гасьцінец ці сьцяжына, ну як-небудзь вось так. Каля дарогі ваўкі, па-над дарогай кашак — жывёльны сьвет Беларусі багаты, разнастайны. Прыпеў:
Чуеш, як пяе зямля
ла ла ла
ла ла ла
Чуеш, як гудзе вясна
на нана на на на
Чуеш, як сьпяваем мы
ты ты ты
ты ты ты
Песьні пра дарогі і ня толькі.
На беларускіх дарогах столькі крочыла ног,
Чаравікаў, ботаў, нагавіцаў, панчох.
Тут забівалі, тут кахалі, нараджалі дзяцей,
А што ж вы хочаце, людзі, — так было, гэтак будзе.
Над беларускай дарогай пралятаюць буслы,
Па беларускай дарозе праяжджаюць паслы,
Паслы ніколі нічога не гавораць услых,
Пра гэта нам сказаў нацыянальны канал.
Такога сольнага выступу Вольскага я ніколі больш ня бачыў і ня чуў.
* * *
Па прыезьдзе зь Лепеля Юры Гумянюк напісаў для гарадзенскай газэты «Пагоня»: «... у падобнай стракатасьці і рознабаковасьці адчуваецца пэўная моц і карысьць, бо здаўна вядома, што ў адзінстве — сіла. Акрамя паэтаў і празаікаў у імпрэзе прынялі ўдзел вядомыя музыкі: вакаліст рок-гурта «Мроя» Лявон Вольскі і ляўрэат фэстывалю «Славянскі базар» Ален. Творцы выступілі ў мясцовых школах і тэхнікуме, наведалі аграфірму «Белая Русь», зладзілі імправізаванае шоў у лепельскім Доме культуры. Шчырая публіка вельмі цёпла вітала гасьцей. Акрамя гэтага, літаратары правялі «круглы стол», прысьвечаны праблемам сучаснага літаратурнага працэсу ў Беларусі.
Застаецца дадаць, што фэстываль «Лепельскія алітэрацыі-95» быў своеасаблівай падрыхтоўкай да міжнароднай канфэрэнцыі «Літаратурны працэс: рэцыдывы посттаталітарнай маргінальнасьці», якая адбудзецца пад эгідай ТВЛ 4-5 лістапада ў Полацку».
* * *
1994-1995 гады былі, бадай, самымі плённымі ў дзейнасьці Таварыства Вольных Літаратараў, сапраўдным Мясцовым Часам. І ў пазьнейшыя гады ТВЛ выдавала часопіс «Калосьсе» і кнігі, ладзіла свае канфэрэнцыі, прэзэнтацыі, уручала літаратурную прэмію «Гліняны Вялес». Але з кожным годам тэвээлаўцам усё больш складана было гэта рабіць. Уся нацыянальная культура пры новай уладзе ў Беларусі апынулася ў сапраўдным андэграўндзе. А неўзабаве прыйшоў час, калі ў Полацку стала складана знайсьці памяшканьне для імпрэзы, бо нават літаратурныя мерапрыемствы пачалі ўспрымацца ўладай як апазыцыйныя акцыі.
У 1995 годзе я ўдзельнічаў у мясцовай выбарчай кампаніі як кандыдат у абласны савет. Выбары прайграў былому першаму сакратару Расонскага райкама партыі і канчаткова набыў апазыцыйнае «таўро». ТВЛ пачалі атакаваць з усіх бакоў. Неўзабаве Таварыства пазбавілася афіцыйнай рэгістрацыі.
Славамір Адамовіч, пасьля ягоных палітычных пэрформансаў пад назвай «Правы рэванш» і напісаньня верша «Убей президента!», аказаўся ў турме і толькі празь 10 месяцаў выйшаў на свабоду. У 2002 годзе ён зьехаў у Нарвэгію.
Юры Гумянюк хутка зразумеў, што зьвязаць свой лёс з гарадзенскім унівэрсытэтам у яго не атрымаецца. Ён кінуў асьпірантуру і пачаў працаваць журналістам у розных апазыцыйных мэдыях — газэтах і на радыё. У 2013 годзе ён загінуў, упаўшы зь дзявятага паверха ў сваёй роднай Гародні. Прычына гэтай трагічнай сьмерці так і засталася таямніцай для ягоных блізкіх і сяброў.