Мясцовы час
- Автор: Аркуш Алесь
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Мясцовы час». Краткое содержание книги:
— Будуць і барды. Самыя лепшыя. Сёньня ты аднаго бачыла. — Я кіўнуў галавой у бок Мінскевіча. — Вольскі цябе задаволіць?
— Ясная справа! «Мроя»!
— Будзе табе Вольскі.
Мы паціснулі на знак згоды адзін аднаму рукі. Вера ўзяла з посьцілкі-самабранкі пляшку шампанскага і наліла мне і сабе. Мы выпілі. І яшчэ раз паціснулі рукі.
* * *
З Полацку ў Лепель мы ехалі на «пазіку». Нашая літбрыгада, на чале з Уладзімерам Арловым, выглядала нягорш за сталічную. Акрамя ўласна пісьменнікаў, палачане везьлі з сабой сьпевака Алена і барда Алега Паўлёнка. Такой брыгадзе было пад сілу наладзіць самастойны выступ у раённым ДК. Таму ва ўсіх пасажыраў, нягледзячы на шэры, восеньскі дзень з занудлівым дожджыкам, быў добры настрой. Гэта як высокапрафэсійная футбольная каманда, складзеная з сусьветных зорак, едзе на нескладаны матч. Або як баксэрская чэмпіёнская зборная кіруецца на таварыскія баі да аматараў.
— Алег, расчахляй гітару. — Арлоў, які сядзеў наперадзе, крутануў назад сваю барадатую галаву з кудлатай шавялюрай і амаль загадаў: — Засьпяваем.
— Гэта ў нас што, рэпэтыцыя будзе? — жартаўліва спытала Ірына Жарнасек.
— Не, гэта для ўздыму баявога духу! — Арлоў засьмяяўся і, як гэта бывае, калі ён у гуморы, стаў моцна церці свае далоні.
— А што будзем сьпяваць? — паслухмяна спытаў Паўлёнак.
— «Наш дом».
Можна было б і не пытацца. Бо гэтая песьня, пасьля таго як полацкія пісьменьнікі адстаялі ў чыноўнікаў старую камяніцу, якую плянавалі зруйнаваць, стала гімнам мясцовай літсябрыны. Яе сьпявалі на кожным паседжаньні літаратурнага аб’яднаньня «Крыніцы». На месцы той камяніцы, што дасёньня стаіць амаль насупраць полацкага гарвыканкаму, зьбіраліся пабудаваць дзевяціпавярховік, чым канчаткова спляжылі б архітэктурны комплекс галоўнай плошчы горада.
Паўлёнак асьцярожнымі рухамі, бо «пазік» трэсла і кідала ў розныя бакі, расчахліў свой інструмэнт. Узяў для пробы некалькі акордаў, падкруціў калкі гітары і засьпяваў. Пасажыры аўтобусіка суладна падхапілі словы песьні.
Часам сум душу маю кране:
Мроіцца, што сьвет спавіты сном,
Што не для мяне, не для мяне
Гэты дзень сьмяецца за вакном.
Як тады балюча мне глядзець
На пусты стары забыты дом.
Больш яму агнямі не зіхцець,
Цемру разрываючы сьвятлом.
Так пад сьпеў зімовых сьцюж
Зносяць даўнія дамы,
Як часьцінкі нашых душ,
І зьнікаем зь імі мы.
Як тады балюча мне глядзець
На пусты, стары, забыты дом.
Больш яму агнямі не зіхцець,
Цемру разрываючы сьвятлом.
Пасля таго, як песьня скончылася, у «пазіку» запанавала ціша. Кожны думаў нешта сваё.
— Вось яе абавязкова і прасьпяваеш у Лепелі, — задуменна сказаў Арлоў і дадаў: — Добрую песьню напісаў.
* * *
Калі літаратурныя сілы, якія я запрасіў на «Лепельскія алітэрацыі», зьліліся ў райцэнтры ў адно войска, дык яно нагадвала банду Махно. Найбольш калярытна выглядалі прадстаўнікі Бум-Бам-Літу. На Сержы Мінскевічы была нейкая доўгая, амаль па ка-лена, жоўтая кофта, а на чорных чаравіках па-піжонску матляліся чырвоныя матузкі. Яшчэ больш арыгінальна глядзеўся Ільля Сін. Ён на сьвята беларускай літаратуры апрануў нейкія кароткія, у буйны вэльвэт, порткі і падзертую на локцях кашулю. Выглядаў ён падобным ці то да хіпі, ці то да пераростка-беспрытульніка. Больш-менш прыстойна глядзеўся камісар Бум-Бам-Літу Зьміцер Вішнёў — на ім была нейкая канарэечная кашуля, якая абсалютна не ратавала паэта-мадэрніста ад верасьнёвай прахалоды. Аднак усім фору мог даць Славамір Адамовіч у сваім фірмовым галіфэ, скураных ботах і партупеі. Карацей, нас лёгка можна было здымаць у масоўцы кавэра «Няўлоўных помсьнікаў».
Побач са мной стаяла Вера Бародзіч і разгублена аглядала гэтае анархісцкае зборышча.
— А дзе Ніл Гілевіч? — неяк ціха і роспачна, не чакаючы станоўчага адказу, спытала яна мяне.
— Ды вось будучы Ніл Гілевіч, — я тыцнуў паль-цам у Славаміра Адамовіча, які стаяў побач і пагойдваўся на сваіх рыплівых скураных ботах. — Будзе такім жа вялікім і хрэстаматыйным.
— А дзе Васіль Быкаў? — другое пытаньне было яшчэ больш бессэнсоўнае і, відаць, прагучала выпадкова, па інэрцыі.
— А чым кепскі Ігар Сідарук? Ён яшчэ больш трагедыйны.