Мясцовы час
- Автор: Аркуш Алесь
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Мясцовы час». Краткое содержание книги:
Я не зьбіраўся зьдзеквацца зь дзяўчыны, але пытаньні былі настолькі бязглуздымі, што яны мяне не на жарт раззлавалі.
— Не хвалюйся, у нас у рэзэрве ёсьць шмат славутых асобаў — Арлоў, Вольскі, Васючэнка... Усё бу-дзе клясна. Няўжо ў тваім гарвыканкаме так добра разьбіраюцца ў беларускай літаратуры, што ведаюць увесь наш «іканастас» — у твар і па імёнах? А канцэрт будзе што трэба, я табе абяцаю.
* * *
— Вось і прыехалі, — зьвяртаючыся да ўсіх, выгукнуў Серж Мінскевіч.
Ён сядзеў наперадзе салёна пазіка і першым заўважыў перашкоду на шляху. Дарогу перакрылі два аўтамабілі — «Волга» і «газончык».
— Што там, што там? — да кіроўцы пачаў прабірацца Славамір Адамовіч. Яму падалося, што схаваныя ў ботах нунчакі якраз зараз і прыдадуцца.
— Ды ўсё нармальна, гэта нас сустракае Алег Аляксандравіч, наш асноўны спонсар, — супакоіла ўсіх Вера Бародзіч.
Аўтамабілі сапраўды чакалі нас, бо як толькі «пазік» зь літаратарамі зьявіўся на даляглядзе, сустракаючыя павыходзілі з аўто. Відавочна, асноўным сярод іх быў высокі, падцягнуты мужчына ў гарнітуры, вакол якога завіхалася некалькі кабет. Калі мы пад’ехалі амаль усутыч, то заўважылі, што кабеты былі апранутыя ў нацыянальныя строі, адна зь іх трымала ў руках хлеб-соль. Уся нашая аб’яднаная літаратурная «банда Махно» высыпалася з «пазіка» на ўзбочыну дарогі.
— Уладзя, прымі, калі ласка, хлеб-соль. Ты ў нас самы прадстаўнічы, — разгублена папрасіў я Арлова.
— Алесь, але ты ў нас за галоўнага, — Арлоў чамусьці заўпарціўся.
— Ды я ніколі не прымаў хлеб-соль, там трэба, напэўна, нешта казаць. Не, Уладзя, я як камадзір табе гэта даручаю. — Здавалася, мне было прасьцей выступіць на мітынгу перад усімі жыхарамі Лепеля, чымсьці прыняць хлеб-соль.
— Ну, добра, калі ты так баісься...
Арлоў аддзяліўся ад нашай літаратурнай стракатай гурмы і, як перамоўца да суперніка, пайшоў да сустракаючых. Мы, ствараючы яго тыл, пасунуліся сьледам. Арлоў павітаўся з гаспадарамі, тыя ў адказ нешта хорам зашчабяталі, падносячы каравай. Арлоў, як вялікі адмыслоўца па атрыманьні караваяў, адшчыкнуў скарынку хлеба, тыцнуў яе ў сальніцу і зьеў. Пасьля чаго атрымаў каравай цалкам. Усе навокал радасна загаманілі. Нібыта пад Лепельскімі азёрамі злучыліся 1-ы і 2-гі Беларускія франты, узяўшы ворага ў сталёвыя абцугі. Перамогу трэба было адсьвяткаваць. Але ніхто ня мог сабе ўявіць, што гэтае сьвята будзе такім шчодрым...
Алег Аляксандравіч Ляшчынскі аказаўся дырэктарам аграфірмы «Белая Русь». Фірма была досыць заможная, мела нават уласны вінзавод. Туды мы і накіраваліся.
Каля брамы вінзавода нас чакала галоўны тэхноляг. Яна і правяла для літаратараў экскурсію па цікавым аграпрамысловым аб’екце. Экскурсія завершылася ў дэгустацыйнай залі. Да сёньня дзіўлюся, як з той залі пад канец дэгустацыі нікога ня вынесьлі.
Дэгустацыйная заля ўяўляла сабой прастакутны выцягнуты пакой, пасярод якога стаяў вялікі, больш дзесяці мэтраў даўжыні, стол. Па яго пэрымэтры шчыльна стаўбурыліся пляшкі з тутэйшай прадукцыяй. Першы тост быў за гасьцей. Затым пілі за гаспадароў. Затым за беларускую літаратуру. Затым за незалежнасьць. Затым прысутныя разьбіліся на купкі па зацікаўленьнях і далей тосты пачалі прамаўляць у сваіх колах. Музыкі і барды ўтварылі сваю супольнасьць. Там шчыраваў Серж Мінскевіч.
— Серж, ты глядзі, ня спайвай Вольскага. Ён заўтра павінен быць хэдлайнерам. — Мне здавалася, што сытуацыя выходзіла з-пад кантролю і абяцала фэерычны фінал.
— Алесь, усё нармальна. У нас тут прафэсійная размова, — звыклым прыкольным голасам супакоіў мяне Вольскі.
Калі «банда Махно» грузілася ў аўтобус, я заўважыў, што многія былі затараныя бутэлькамі, як падрыўнікі-партызаны гранатамі, калі выпраўляліся на чарговае заданьне.
Але на гэтым гасьціннасьць ня скончылася. Ляшчынскі загадаў ехаць за ягонай «Волгай». Неўзабаве мы апынуліся ў нейкай вёсцы. У вялікай хаце для гасьцей быў накрыты стол. Маўляў, на вінзаводзе мы выпілі, а тут трэба закусіць. Стол ламіўся ад розных страваў — запечаных парсюкоў, смажаных гусей зь яблыкамі, пальцам піханых кілбасаў, талерак зь мёдам у сотах і нават канапак з чырвонай ікрой. Усё гэта ўпрыгожвалі пляшкі гарэлкі, ліквору, каньяку і нават баўгарскіх і мадзярскіх вінаў.
— Вось гэта я разумею, што такое незалежнасьць, — сказаў Славамір Адамовіч, які сярод першых зайшоў у гасьцінную хату.
Алег Ляшчынскі быў дэпутатам Вярхоўнага Савета 13-га скліканьня, які ўпершыню быў абраны ўжо ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь.
Пасьля некалькіх чарговых тостаў нехта пачаў абмяркоўваць з гаспадаром апошнія палітычныя падзеі. Чуў, як Ляшчынскі хваліў нашага дэпутата-літаратара Лявона Баршчэўскага, які рыхтаваў і прымаў у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня незалежніцкія адозвы.