Мясцовы час
- Автор: Аркуш Алесь
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Мясцовы час». Краткое содержание книги:
* * *
Сустрэча зь мясцовымі школьнікамі не была асноўнай прычынай нашага наведваньня Лепеля. У адным з апошніх лістоў Вера Бародзіч, кіраўнічка тамтэйшага літаратурнага аб’яднаньня «Выток», прапанавала мне наладзіць у ейным райцэнтры грандыёзнае літаратурнае мерапрыемства з удзелам самых вядомых пісьменьнікаў краіны. З гэтай ідэяй Вера хадзіла ў райвыканкам і знайшла паразуменьне ў аддзеле культуры. Нават было паабяцана фінансаваньне і арганізацыйная падтрымка. Лепшым выканаўцам такой адказнай працы яна палічыла Таварыства Вольных Літаратараў, якое зусім нядаўна паўстала ў недалёкім ад Лепеля Полацку. Веры хацелася сапраўнага сьвята. Чагосьці разьняволенага і фэерычнага, а не занудна-пэнсійнага. Свята, якое б адпавядала новаму часу зь яго імклівымі зьменамі і навацыямі. Вера разумела, што гэта апошні шанец наладзіць штосьці падобнае ў роднай правінцыі. Чыноўнікі былі яшчэ сур’ёзна напужаныя і ня ведалі — каму будуць служыць заўтра. Постмадэрністы з ТВЛ у яе вачах былі тымі, хто мог расхістаць мясцовае «балота».
На перамовы ў Лепель акрамя мяне прыехалі Серж Мінскевіч і Ігар Сідарук. У мясцовай школе мы з натхненьнем чыталі вершы і прозу, а Серж зь імпэтам сьпяваў свае вясёлыя песенькі-страшылкі. Дзеці рэагавалі жвава — сьмяяліся, воклічамі камэнтавалі пабачанае, але пытаньняў не задавалі і ў дыскусіі не ўступалі. А як толькі мы пачыналі заклікаць іх да дыялёгу, яны адразу сьціхалі і сядзелі як мышы пад венікам. Сустрэча скончылася традыцыйна — нам уручылі кветкі і запрасілі прыяжджаць яшчэ. Мы паабяцалі, балазе ведалі, што сапраўды хутка зноў прыедзем у Лепель.
Другая частка нашага візыту была значна цікавейшай. Лепельскія сябры прапанавалі правесьці перамовы на прыродзе ў нефармальнай абстаноўцы. Мы выказалі поўную ўхвалу такой ідэі гаспадароў. Гасьцей пагрузілі ў легкавік і завезьлі на бераг маляўнічага возера. Затым некалькімі рэйсамі давезьлі на месца падзеі іншых запрошаных. Быў сонечны, пагодны дзень. Усё спрыяла ўдаламу правядзеньню перамоваў.
Найбольш нас уразіла сумка з пляшкамі. Яе даставалі з багажніка аўто два чалавекі.
Ігар Сідарук нахіліўся да майго вуха і пракамэнтаваў пабачанае:
— Або яны тут у Лепелі маюць традыцыю весела адпачываць на прыродзе, або мы вельмі шаноўныя госьці, што нас так сустракаюць.
— Можа, нас правяраюць, хочуць нам языкі разьвязаць, — пажартаваў я. Ігар неяк сур’ёзна на мяне паглядзеў і шматзначна дадаў: — Ну-ну...
Як аказалася, у сумцы з напоямі было ўсё — ад шампанскага і таннага пладова-ягаднага віна да самагонкі і сьпірту «КОУАЬ». Гэты сьпірт якраз уваходзіў у моду. Прадавалі яго вялікімі літровымі пляшкамі і зараблялі на ім шалёныя грошы. Адна зь мясцовых паэтак, у якой муж быў прадпрымальнікам, пажартавала, што калі гэтага нам ня хопіць, то ў яе ў двары стаіць грузавік, наладаваны «КОУЛЬам». Пашлем ганца.
Першы тост, як таго патрабаваў этыкет, быў за супрацоўніцтва. Я піў выключна шампанскае, бо разумеў, што вынікі сустрэчы залежаць толькі ад мяне. Зусім не было часу прыяжджаць на другі раўнд перамоваў.
На зьдзіўленьне, усё атрымалася годна. Ніхто асабліва не набраўся, ніхто не парушаў грамадзкі парадак і не назаляў п’янымі маналёгамі. Што тут скажаш, інтэлігентныя людзі сабраліся.
Пасьля пятай ці шостай чаркі Вера Бародзіч падсела да мяне і сказала:
— У мяне ўсё дамоўлена. Ад цябе мушу даведацца толькі дзьве рэчы: як будзе называцца нашае сьвята і хто на яго прыедзе?
Абодва пытаньні для мяне былі чаканымі.
— Прапаную наступную назву — «Лепельскія алітэрацыі». Прыгожа і зьмястоўна.
— А чаму алітэрацыі?
— Ведаеш, гэта літаратурны паэтычны прыём, калі паўтараюцца аднолькавыя зычныя.
— Ведаю, я філфак скончыла.
— Дык вось, слова Лепель — выдатны прыклад алітэрацыі ў адным слове.
— Цікава. Ніколі мне гэта ў галаву не прыходзіла.
— Мы як бы падкрэсьліваем паэтычную назву самога горада.
— Добра, можа гэта і сапраўды арыгінальна, — пагадзілася Вера. — А хто прыедзе на сьвята? У райвыканкаме я сказала, што гэта будуць самыя вядомыя пісьменьнікі Беларусі.
— Я не магу табе тут зараз скласьці сьпіс удзельнікаў, бо зь імі спачатку трэба дамовіцца. Але абяцаю, што самыя лепшыя пісьменьнікі Полаччыны будуць абавязкова.
— І яшчэ варта ўлічыць, што ў раённым Доме культуры будзем ладзіць вялікі літаратурна-музычны канцэрт. Варта запрасіць музыкаў і бардаў.