Мясцовы час
- Автор: Аркуш Алесь
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Мясцовы час». Краткое содержание книги:
Бондар-Цярэшчанка казаў пра літаратурную рэвалюцыю незалежнай Украіны, пра тых аўтараў, якія ўжо сталіся прыкметнымі асобамі ўсёй літаратуры Ўсходняй Эўропы.
Бадай самым эмацыйным момантам канфэрэнцыі была гарачая спрэчка паміж украінскімі і беларускімі літаратарамі з аднаго боку і расейскімі з другога. Тэвээлавец, а пазьней заснавальнік руху Бум-Бам-Літ Серж Мінскевіч на канфэрэнцыі чытаў даклад пра транслягізм. Гэты літаратурны накірунак ён вымысьліў сам на базе сваіх літаратурных практык. За год да канфэрэнцыі Мінскевіч прывёз мне рукапіс паэтычнай кнігі «Праз галерэю». Гэта былі незвычайныя, мадэрнісцкія вершы. Я параіў Сержуку напісаць да кнігі прадмову, хутчэй нават эстэтычны маніхвэст, каб неяк патлумачыць свае нязвыклыя для беларускай літаратуры творы. Мінскевіч пагадзіўся і неўзабаве напісаў прадмову, якая сталася маніхвэстам транслягізму. Сваё адкрыцьцё Мінскевіч вырашыў данесьці калегам на тэвээлаўскім літаратурным форуме. Але падчас прамаўленьня дакладу яго перабіў Дзьмітрый Кузьмін, сказаўшы, што наўрад ці гэта можна назваць адкрыцьцём, бо штосьці падобнае неаднойчы вынаходзілі расейскія літаратары. І тут устаў Бондар-Цярэшчанка і пачаў тлумачыць Кузьміну, што ён знаходзіцца ў Беларусі, на старажытнай Полаччыне, і зараз размова ідзе пра беларускую літаратуру, якая ў свой час не зазнала, разам з эўрапейскай літаратурай, мадэрнісцкіх уплываў, і толькі цяпер маладыя літаратары пачынаюць рабіць гэтую працу. Таму адкрыцьці, зробленыя сёньня беларускімі літаратарамі, ня маюць нічога датычнага да расейскіх літаратурных здабыткаў і тэорыяў. Разгарэлася спрэчка адносна таго, ці можа нацыянальная літаратура разглядацца як нешта асобнае і аўтаномнае. Расейскія калегі даводзілі, што літаратура — гэта штосьці агульнае, як фізыка або хімія. Украінскія і беларускія літаратары не пагаджаліся і казалі, што яны не зьбіраюцца класьціся у пракрустава ложа расейскай літаратуры і будуць ствараць свае нацыянальныя літаратурныя школы. Наўрад ці ўдзельнікі спрэчкі прыйшлі да нейкага агульнага паразуменьня. Але добра, што не пабіліся.
Праўда, неўзабаве зьявілася магчымасьць замірыцца. Увечары ў славутай наваполацкай рэстарацыі «Чабарок», якую ў народзе называлі «шайбай», адбылася другая частка імпрэзы першага дня. Мне ўдалося заарэндаваць усю рэстарацыю на вечар, таму ніхто нам не замінаў. Пад кілішак гарэлкі і бакал віна чыталіся вершы і сьпяваліся песьні.
Неяк нядаўна я праглядаў відэазапіс гэтай імпрэзы ў «Чабарку» і ўразіўся колькасьці ўдзельнікаў той гістарычнай вечарыны, якія ўжо не жывуць — Андрэй Пяткевіч, Алесь Касьцень, Васіль Храмцоў, Юры Гумянюк, Сяржук Цімохаў... Час няўмольны. Усіх іх сёньня вельмі не хапае.
Выдаць альманах па выніках канфэрэнцыі ў мяне не атрымалася. Папросту не было на гэта сродкаў. Але ўсе асноўныя даклады, якія прагучалі на тэвээлаўскім літаратурным форуме, пазьней былі надрукаваныя ў літаратурна-філязофскім сшытку «ЗНО», які выходзіў дадаткам да газэты «Культура».
Па завяршэньні канфэрэнцыі Алесь Касьцень распытаў пра ўражаньні ва Ўладзіміра Цыбулькі: «Зь цікавасьцю сачу за маладой беларускай літаратурай, той літаратурнай сытуацыяй, якая ў вас складваецца. Таму некалі «Тутэйшыя», сёньня Таварыства Вольных Літаратараў для мяне не зусім невядомая краіна. І думаю, што гэта пакуль ня рух эстэтыкі, гэта пакуль што рух пакаленьняў маладых літаратараў, якія пераадольваюць нармальнае і, у прынцыпе, плённае супраціўленьне афіцыёзу. Мы на Ўкраіне такое процістаяньне перажылі раней. Скажу толькі, што сёньня асацыяцыя «Нова література», якую я прадстаўляю, кантралюе каля дзесяці часопісаў. Аднак гэта не азначае, што мы ідзем на крок наперадзе... Не, у кожнай літаратуры свой боль, свае шляхі разьвіцьця. Хачу толькі падкрэсьліць, што набыцьцё рэальнай незалежнасьці нашымі дзяржавамі будзе спрыяць і разьвіцьцю нашых літаратур. Раней, як бы там ні было, Захад знаёміўся зь літаратурамі Саюза найперш праз свае маскоўскія амбасады, а гэта пакідала адметныя і не слабейшыя па ўзроўні літаратуры рэспублік у невядомасьці. З другога боку, і ўсё тое новае, што ішло да нас з Захаду, паступала ў рэспублікі ўжо ў маскоўскай інтэрпрэтацыі. А другаснае — яно і ёсьць другаснае. Вашым жа маладым сёньня неабходна калялітаратурнае абслугоўваньне, крытыка свая, якая мацуецца на тых жа ідэйных устаноўках, свой мэнэджмэнт, безь якога нават літаратуры самага высокага ўзроўню немагчыма займець адпаведнае месца. Увогуле ж найбольшая карысьць такіх канфэрэнцый не ў іх тэарэтычных заглыбленьнях, а ў звычайнай інфармацыі, у больш дакладным знаёмстве з суседнімі і вельмі цікавымі літаратурамі».