Мясцовы час
- Автор: Аркуш Алесь
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Мясцовы час». Краткое содержание книги:
Соф’я ўжо чакала мяне. Яна сядзела за канцылярскім сталом, які стаяў пасярод пакоя. Я сеў насупраць яе. Спытаў дазволу запісваць нашую размову на дыктафон. Яна пагадзілася. Пытаньні мае былі самыя простыя. Я пацікавіўся, як ставіцца да яе дзейнасьці царква, ці прымае варожка прыватных наведнікаў, ці магчыма такому мэтаду лекаваньня навучыць любога жадаючага. Соф’я адказала, што з царквою ў яе няма ніякіх канфліктаў, бо яна сама верыць у Бога і на сваіх сустрэчах усіх заклікае адшукаць у сваёй душы Хрыста, бо толькі з дапамогай царквы можна зрабіць сваё жыцьцё гарманічным і духоўным. Патлумачыла таксама, што ў вялікіх гарадах, напрыклад, у Маскве, яна сапраўды ладзіць прыёмы прыватных наведнікаў, але для такіх гарадоў, як Полацак, гэта складана, бо бракуе часу. Адносна навучаньня сказала, што гэта немагчыма, бо такія здольнасьці даюцца ад нараджэньня. Нашае інтэрвію набліжалася да канца, але раптам Соф’я ўважліва паглядзела на мяне і ціха сказала:
— У вас і вашых некаторых сяброў вялікія праблемы. Аднойчы ў дзяцінстве вас выратаваў ваш анёл. А цяпер я паспрабую вам дапамагчы. — Яна дастала зь нейкай торбачкі невялікі керамічны амулецік на шнурку і працягнула мне. — Вось... Вазьміце і насіце гэта. Яшчэ адзін ваш сябар уратаваў сябе сам, бо зьехаў вельмі далёка — за акіян. Але іншы ваш сябар у вялікай небясьпецы — ён загіне. Упадзе з вышыні. Яму я ніяк не магу дапамагчы. Гэта не ў маіх сілах.
Тут, як па камандзе, паўскоквалі зь месцаў целаахоўнікі і падхапілі мяне пад рукі.
— Усё, усё, ваш час сышоў, — загарлалі мне ў вуха.
— Хто, хто ўпадзе з вышыні? — спуджана залепятаў я.
— Гэта не ў маіх сілах, прабачце, — пачуў я, калі мяне выцягвалі з пакоя.
* * *
Прывітаньне, дружа!
Вырашыў крэмзануць табе колькі радкоў пасьля невялікага перапынку ў нашым ліставаньні. Тым больш апошнім часам нічога не пішу. Хаця нядаўна адправіў вялікі ліст Вітаўту Чаропку, падзяліўся ўражаньнямі адносна яго апошняй кнігі ды публікацыі ў «Крыніцы» №2. Не пакінуў без увагі й Ігара Сідарука, бо нешта ён змоўк зусім. Мо што здарылася?
Палітычныя падзеі ў Беларусі, вядома, не радуюць, але я неяк безадносна стаўлюся да ўсяго, што адбываецца навокал. Жыву, нібыта ў паўсьне. А тут В.Кебіч «колесит» па нашай вобласьці, праходзіць канфэрэнцыя БНФ з амэрыканцамі зь Інстытута Крыбла, Данута Бічэль адкрывае новую экспазыцыю свайго музэю (прысутнічалі Бутэвіч і Гілевіч), адбываецца шэраг самагубстваў сярод студэнтаў (усе чамусьці — і хлопцы, і дзяўчаты — скачуць з хмарачосаў ці з бальконаў) і г.д. Гэта ж можна сапраўды здурэць — такім насычаным быў травень.
Аднак, здаецца, усё мінула. У школах пачаліся выпускныя экзамэны. У мяне з наступнага тыдня — таксама. Апошні — 21-га. А там — гуляй, Вася! Застануцца адно ўспаміны пра студэнцкае жыцьцё. У ліпені пайду працаваць на радыё. Экзамэны ў асьпірантуру ў кастрычніку. Па шчырасьці, нешта й ня хочацца паступаць некуды, зноўку здаваць нейкія залікі, мінімумы й г.д. Але, калі прапануюць, трэба йсьці. Мо атрымаецца нешта?
Ці высьветлілася пытаньне з «Калосьсем»? Гэта ж трэба — прамурыжыць справу паўгады! Ну проста абалдзець можна, звар’яцець ушчэнт! Ужо й доўгачаканы часопіс «Сьвіцязь» выйшаў і прадаецца ў гарадзенскіх крамах. Хутка, мабыць, і другі нумар зьявіцца. А «Калосьсе» недзе ляжыць мёртвым грузам у правінцыі...
Калі я быў у Менску — размаўляў зь Лёнікам Галубовічам праз тэлефон. Дык вось, можна сустрэцца недзе ў пачатку ліпеня ці, калі атрымаецца, напрыканцы ўжо гэтага месяца перад тэлекамэрамі, паразважаць пра тое-сёе. І ня трэба масавасьці. Удвох (апрача Л.Галубовіча). Можна, бадай, В.Акудовіча запрасіць. Ён нешта да нас вельмі прыхільна пачаў ставіцца. Запрашае супрацоўнічаць у «Крыніцу», ці як там яна будзе называцца. Неяк даволі доўга гутарыў зь ім праз тэлефон. Што ты думаеш наконт выступленьня на ТУ? Трэба скарыстаць нагоду, бо «Беларускую Маладзёжную» і «Крыніцу» на радыё разагналі. Тут неяк У.Давыдоўскі, беспрацоўны, бадзяўся з кіслай гіморай па вулках Гародні ды зноўку зьехаў у Менск «змагацца»...
Якія, Алесь, навіны? Чым можаш мяне парадаваць? Вы ж там, нягледзячы на глыбокую правінцыю, неяк рухаецеся, баўтыхаецеся ў багне раўнадушша, прымітыўнай расейшчыны ды правінцыйнасьці. І скуль у вас сілы бяруцца?