Белая муха, забойца мужчын
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Год: Галіяфы
- ISBN: 9789857140077
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Белая муха, забойца мужчын». Краткое содержание книги:
«Бля-а-а-а! — галасіў ён, заліваючыся хлёрнымі сьлязьмі і тыцкаючы ўсім пад нос сваю руку, нібы мы былі ў кабінэце працы і яму толькі што адрэзалі канцавіну пілой. — А-а-а!»
Яна ўкусіла яго, мая Глюмдалькліч. Яна з усяе моцы ўкусіла яго ў цемры разьдзявальні сваімі дзявочымі, дробнымі, мушынымі зубамі проста за запясьце, яна ўкусіла яго так, быццам ад гэтага залежала яе жыцьцё, і пракусіла яму артэрыю. Прыбеглі настаўнікі, нехта кінуўся ў мэдпункт, а са спартзалі ўсё гэтак жа чуліся раўнамерныя ўдары мяча. Глюмдалькліч усьміхалася. Кажуць, у яе на вуснах была кроў, і хаця я ня бачыў гэтага, мяне апанавала такая рэўнасьць, што я не пайшоў у той вечар да маёй дзіўнай сяброўкі, я ня мог. Пракусіўшы яму руку да крыві, яна нібыта здрадзіла мне, мне, яе Гулівэру, мне, зь якім мела столькі таямніцаў, мне, зь якім у яе было столькі нявымаўленых размоваў.
Я не хацеў яе бачыць. Толькі ўспамінаў, разгрызаючы скуру на пальцах, нашую апошнюю размову, і моршчыўся ад крыўды.
«Ты так любіш гісторыю, — спыталася яна неяк, выслухаўшы ад мяне лекцыю на тэму нашай вялікай перамогі пад Воршай. — Але чаму? Патлумач».
«Таму што той, хто ня ведае сваёй гісторыі, ня мае будучыні», — адказаў я павучальна.
«А калі ў цябе яе проста няма? — не адчаплялася яна. — Калі ты ёсьць, а гісторыі — не было?»
«Так не бывае».
«Тады скажы мне — дзе гісторыя мухаў? Напрыклад, вось гэтай мухі? А ў яе ёсьць будучыня».
Я не знайшоўся, што адказаць ёй. Дый што можна было адказаць на такую лухту?
А падзеі між тым разгортваліся хутка — у таго, хто напаў на Глюмдалькліч у цёмнай разьдзявальні і каго яна ўкусіла за ягонае сьляпое і прагнае запясьце, пачалося заражэньне, і не абы-якое, сыроватку ўкалолі занадта позна, ён трапіў у шпіталь і яго ледзь уратавалі, гэтага гульца-няўдаліцу, аматара экстрэмальных забаваў. Усё гэта было так раптоўна і так сур’ёзна — ён і праўда ледзь не падох, гэты яе аднаклясьнік, быццам у нутры маёй таемнай сяброўкі была атрута, быццам яна была не чалавекам, рот якога поўны бяскрыўднай сьліны, а нейкай рэптыліяй або інсэктай, або бадзяжнай сучкай. Бацькі пацярпелага прагнулі помсты, у адвакаты ніхто не напрошваўся, а я…
Што мог зрабіць я? Ды я нават пазваніць ёй ня мог, бо не хацеў слухаць, што скажа яе апаганены чужой крывёю рот. На гэтых вуснах мусіла быць мая кроў. Мая і нічыя больш. У мяне было такое адчуваньне, што нехта выліўся ў маю Глюмдалькліч, наставіўшы мне рогі. Я думаў пра яе — і адчуваў, як мяне напаўняе самае пошлае з мужчынскіх пачуцьцяў: горыч змарнаваных нагодаў. Тады яно апанавала мяне ўпершыню ў жыцьці — і колькі разоў гэта здарыцца яшчэ раз…
Пакуль мы не сустрэнемся зь ёй зноў. Тут, у Замку. Яна зьнікла з нашай школы. Зьнікла бясьсьледна.
Напэўна, яе чарговы раз перавялі ў іншую школу, далей ад граху, далей ад мяне. Выбіваючы дываны пад бальконамі нашага дому, я чуў, як рэха ўдараў разносіцца па ўсім навакольлі, і думаў пра тое, што недзе там, у самым цэнтры гораду або на ягонай зусім іншай ускраіне, увесну, у траўні яна выпусьціць сваю белую муху, як абяцала — і што будзе з мухай далей, ведае толькі той, хто аднойчы адчуе яе ўкус.
***
У паштовай карэце, амаль усутыч
З афiцэрыкам п’яным сядзiць Глюмдальклiч.
На вясковай дарозе карэту трасе,
I прамоклi даýно пасажыры усе.
Вось краiна асiлкаý у поýнай красе.
На грудзях Глюмдальклiч —
Медны просьценькi ключ.
У вачах Глюмдальклiч —
Непазьбежная даль.
Глюмдальклiч не аддасьць
Гулiвэра на глум.
На каленях дзяýчыны ý скрынi пустой…
«Ды яна не пустая! Паненка, пастой,
Што за зьвера хаваеш ты ý скрынцы на дне,
Што варушыцца там, як чарвяк у труне?» —
Запытаýся сусед у дарожным паýсьне.
«Не чапайце яе вы, спадар афiцэр.
Не хапае, вiдаць, вам прыстойных манер».
Да сталiцы даедзе яе Гулiвэр.
На грудзях у дзяýчыны — маленечкi ключ.
У вачахГулiвэра — асеньняя даль.
Глюмдальклiч з таямнiцай у дрогкiх руках.
Нехта лiчбы чытае на шэрых слупах.