Кліч роднага звона
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1997
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 985-05-0142-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Кліч роднага звона». Краткое содержание книги:
— Разважаў пра сэнс свету, чалавека, пра яго жыццё... Сапраўды, як i напісана ў Святой кнізе, неба i зямля вечныя, а вось у чалавека ўсё толькі мітусня. Як у смерда, так i ў князя.
— Не будзь строгі да сябе, князь,— сказаў Усяслаў.— У цябе мала спешаніны i бязладнай бегатні.
— Было, ёсць, ваявода. I нямала,— пахітаў Ізяслаў сівой галавою.— Мітусіўся i як чалавек, i як князь. Дробязныя зямныя памкненні... Клубок незразумелых страсцей... Заўсюдны клопат пра хлеб штодзённы... Прага ўлады i славы... Падпарадкаванне чужой хіжай волі... Невялікі век сілы... Маленечкая жменька ўцех i шчасця... Расчараванне амаль ва ўсім... Хуткая i адзінокая старасць... Як бачыш, усё зведаў.
— Але ты, князь, нібы не хочаш бачыць, сказаць пра тое, што мы цяпер маем,— прамовіў Усяслаў.— А маем тое, чаго, выбачай, не дабіліся да цябе. Праўда, яны, твае продкі, спрыялі гэтаму.
— Можа, i не мне пра гэта гаварыць, Усяслаў,— адказаў той.— Няхай лепш пра ўсё скажуць нашы нашчадкі.
— Скажуць, князь. I добра.
— Не ведаю, дружа. Нашчадкі, бывае, дзякуюць, а, бывае, i забываюць, паварочваюцца спіной, а то i топчуць тое, што зрабілі дзяды.
— Я кажу пра разумных i талковых нашчадкаў, князь.
Ізяслаў дастаў з-пад падушак знаёмую i Усяславу кнігу ў новых скураных вокладках — перакладзены яшчэ ў тым стагоддзі на славянскую мову жыццёпіс у ста трох раздзелах даўняга палкаводца i ўладара Аляксандра Македонскага.
— Кажуць,— прамовіў,— гэтая «Александрыя» была любімай кнігай Уладзіміра Манамаха, які марыў пра такую ўладу i славу, што былі ў таго Аляксандра, сына Піліпа II i славянкі. Я не раз i не два чытаў гэты жыццёпіс i нямала думаў пра яго. Спачатку, маладым, захапляўся, трызніў Аляксандрам. Потым, у сталыя гады, пачаў думаць інакш. Ладна, шмат зрабіў удалых паходаў, шмат меў перамог Аляксандр, зрабіў сваю дзяржаву самай вялікай у свеце, але, як толькі памёр, тут жа ўсё развалілася. Яго хвалілі i хваляць, ім, кажуць, захапляўся Чынгісхан, захапляецца Батыга, але ці лягчэй стала ад яго мітусні, прагі ўладарыць над усім светам многім краінам i людзям? Ці не жылі б яны багацей i шчаслівей, каб ён не паліў іхніх хацін, не затоптваў палёў i не забіваў бацькоў, мужоў i сыноў? Ці вось славуты Уладзімір Манамах — любімы герой князя Данілы i яго дворскага Андрэя. Прагнуў сам узвысіцца i Кіеў узвысіць над многімі землямі. Колькі дзеля гэтага праліў крыві — скажам, у тых жа блізкім нам Менску, Полацкай зямлі, нават не грэбаваў наводзіць на Полацак полаўцаў-куманаў... Ну й што? Толькі памёр — сабраная мячом яго Русь распалася, Кіеў захізнуў, а цяпер дык зусім у руінах ад Батыевай навалы... Адзін толькі Бог ведае, наколькі ўсе бліжэйшыя да нас землі былі б мацнейшыя i багацейшыя, каб кіеўскія князі, а таксама i іншыя, хто замышляў такое ж, столькі не руйнавалі i не рабавалі ix!.. Вядома, як i цяпер кажа князь Даніла, трэба яднацца вераю, дружбай i сілай, адбіваць ворага, але колькі ўжо дабівацца таго яднання мячом i няволяй?
— Як казаў мне Андрэй-дворскі,— уздыхнуў Усяслаў,— так было, так i будзе.
— I было, i будзе,— зноў пахітаў галавой Ізяслаў.— Так пачалося ўжо з Каіна, калі ён з-за зайздрасці забіў брата Авеля... I, канечне, каб іншы час, каб меў сілу, дык той жа князь Даніла не дараваў бы нам, што мы пачынаем не чуць яго, уставаць з калень i выпростваць плечы. I як толькі адужэе, прыйдзе сюды на расправу, паспрабуе зноў паставіць нас на калені... Гэта ўжо, Усяслаў, будзе твой вялікі клопат... Я сёння хацеў бы з табой пра тое-сёе пагаварыць, i яно пакуль што павінна быць толькі паміж намі.
Усяслаў ужо які час тут як тут не кляўся, што будзе верны: князь верыў яму. Ён счапіў на каленях далоні i наважыўся сур'ёзна слухаць. Тым больш што, здаецца, князь жадаў выявіць сваю волю, а то, можа, i запавет.
— Які не быў, ёсць сэнс жыцця, чалавека, але такі ўжо ўсталяваўся круг альбо пласт: адзін саступае месца i сыходзіць, другі нараджаецца i жыве. Дык вось старому Божы наказ: памірай, радуйся ці засмучайся, любі ўсё ці не любі, але жыта сей!
Ізяслаў прамаўляў з задышкай, час ад часу заціхаў i супакойваў дыханне.
— Стары ўжо ведае, як іначай трэба было жыць. За штосьці каецца, на штосьці лепшае настаўляе сваіх дзяцей i ўнукаў, хоць кожнаму — сваё... Я, Усяслаў, хацеў i хачу не толькі пасеяць сваё жыта, але хачу, каб яно пасля мяне i ўзышло, дало добры збор. Я ўважліва, дружа, слухаў, калі ты расказваў мне, з-за чаго i як нерваваўся ў гутарцы з табой Андрэй-дворскі, якім гарачым шэптам апёк твой слых князь Даніла, як паводзіўся п'яны Міндоўг каля твайго шатра i пра што гаварыў табе па дарозе дадому... Твой расказ памог мне дайсці да адной яснай думкі, асмеліцца на адзін рызыкоўны, але змушаны ход... I яго, паўтараю, прыйдзецца ўжо зрабіць табе — маёй надзеі.