Кліч роднага звона
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1997
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 985-05-0142-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Кліч роднага звона». Краткое содержание книги:
I далей:
— Ён трымае вялікі цяжар на сваіх плячах, нам з табой не разабрацца, пра што ён думае i дбае, але не зусім шчаслівы. Сівее ўжо, а можна сказаць, жаночай ласкі i не зведаў... Не бойся, прызнайся: па вяло яго да цябе, маладой, здаровай i пагляднай? Прылашчыў?
Цяпер, як ніколі, Любка верыла Марылі, але ўсё роўна не магла сказаць праўду, Не толькі з-за сябе, але i з-за Усяслава. Ды ён прасіў пакуль што патаіцца, не расказваць нікому нічога.
Марыля, здаецца, усё добра адчула i без яе слоў, адвяла вочы:
— Я з ім пагавару.
— Не трэба,— падала голас Любка і, мабыць, залішне з маленнем.
— Трэба,— пахітала галавой тая.— Бо трэба, дачка мая, думаць пра тваю долю. Бабай ты ў любы час станеш, а вось бабе дзяўчынай ужо не быць ніколі... Хочаш выйсці за Любаміра? Ён вачэй з цябе не зводзіць, малады, здаровы, баярын яго паважае.
— Не. Я не хачу за яго.
— Вы адно аднаму да пары. Што цяпер, як бачу, чэпіцца, гаворыць абы-што, дык на тое свая прычына. Маладое піва заўсёды шуміць, але выхадзіцца...
— Не.
— Не любы хіба?
— Не,— стаяла на сваім Любка. Сапраўды, ёй не зусім падабаўся Любамір, ды як яна магла цяпер думаць пра іншага, калі падакляравала Усяславу быць з ім заўсёды i ва ўсім.
— Маладая, дык не ведаеш усяго,— уздыхнула Марыля.— Пойдуць дзеці, будзе адна радасць i адна болька — злюбішся. Па сабе ведаю. Самым дарагім стане.
— Не.
— Глядзі, дачка мая, не падмані сама сябе,— прамовіла Марыля.— Можа, мне i не трэба гаварыць, але скажу: з нашым баярынам хоча парадніцца баярын Расціслаў... Яго ж старэйшая дачка — зусім маладая ўдава...
Пачуўшы такую пагрозную навіну ды раптам успомніўшы, што нядаўна сюды прыходзіла хітрая i л i хая баярыня Раксана, залівалася тут салоўкай, шапталася з Марыляй i запрашала яе да сябе,— дык вось цяпер ад усяго гэтага Любцы ажно шугнула ў галаву, пацямнела ў вачах: як яна i казала асцярожна Усяславу, навагародскія баяры захочуць ажаніць яго толькі з баярыняй i з той, якая трэба не толькі яму, але i ім.
— Дабраслава — гэтаксама вельмі паглядная,— нібы паспачувала ёй Марыля.— Але яшчэ болей хітрэйшая i зласнейшая за сваю маці. Не дай Бог прыйдзе сюды гаспадыняю — усіх нас адгэтуль прагоніць.
Павярнула галаву, i убачыўшы, што Любка ў адчаі закрыла вочы далонню i плача, прыхіліла да сябе:
— Так ужо, дачка мая, было, ест i будзе: не садзіся не на свае сані. Роўны роўнага шукае. Князь — княгіню, баярын — баяры ню, чалядзін — чалядзінку, а смерд — смердку. Ты ўжо не малая, дык i сама павінна ва ўсім гэтым добра разбірацца.
Не вытрымаўшы, Марыля таксама ўсхліпнула:
— Божа, як цешуся табой, але як i, кажу, баюся за цябе, дачка мая. Душа твая добрая спявае, а сэрца тваё залатое любіць увесь свет. Ты лётаеш. Але ты, дачка мая, не птушка, марна не жадай лятаць высока ў небе. Як i я, старая ды брыдкая, хадзі па зямлі, не думай панаваць, а служы...— A калі ў яе ад гэтых суровых слоў ажно ўздрыгнулі плечы, пачала супакойваць: — Паплач-паплач, дачушка. Слёзы жаночыя, бывае, мацней за ўсякі меч, але, бывае, i самыя лепшыя лекі... Вінаватая перад табой i я, старая дурніца, недагледзела: баярын наш — вой умелы i знатны, валадар вялікі, чалавек паважны, але ўсё ж мужчына...
4
Тым часам Усяслаў, не ведаючы, што разгарэлася ў жаночых душах у яго доме i што задумалі ўчыніць Расціслаў i Раксана, ціха ступіў у Князеву спальню.
— Заходзь-заходзь, ваявода,— слаба махнуў рукой Ізяслаў, лежучы на высокіх падушках.— Я не сплю, чакаю цябе.
У княскі пакой лілося ранне: у незацягнутае цяпер шаўковымі начнымі шторамі акно зазірала неба — паўкруглае, з нізкім сонцам, залацістае над полем i лесам, вышэй — шэра-блакітнаватае. Як усе ведалі, апошні час князь не любіў цемені i звонкай цішыні.
— Як пачуваешся, княжа? — запытаў Усяслаў, калі прайшоў па мяккім зялёным дыване, павітаўся i запыніўся каля ложа, на якім ляжаў без галаўнога ўбору i ў белай кашулі пад коўдрай Ізяслаў.
— Як кажа мой слуга, не хадун i не сядун,— уздыхнуў той.— Хвораму i на залатым ложку кепска.
Што праўда, то праўда: князь не толькі ссівеў ды аблысеў, але i ўсох, з глыбока запалымі вачыма i з доўгімі, нібы бяскроўнымі пальцамі на руках, як той спакутаваны пустэльнік, што падбіўся ў сваёй бясконцай i цяжкой дарозе.
— Адбыў ноч...— прамовіў яшчэ князь i паказаў вачыма, каб сеў на мяккім глыбокім крэсле, накрытым адмысловым не яркім, як i астатнія ў спальні, дываном.
«Адбыў ноч»— значыць, i сёння не спаў ад цяжкіх дум i душэўнага болю.