Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
1 ... 32 33 34 35 36 37 38 39 40 ... 174
Перейти на страницу:

Дрэвабарод пасадзіў хобітаў на плечы й зноўку пайшоў, раз-пораз выдзьмуваючы новыя заклікі, і шторазу адказы чуліся гучней і бліжэй. Так і дабраліся нарэшце да шчыльнай, на першы позірк непралазнай сьцяны цёмных вечназялёных дрэваў. Хобіты аніколі гэткіх ня бачылі – іхнія галіны, што разыходзіліся проста ад зямлі, пакрывала бліскучае цёмнае лісьце, як у падубаў, а між лісьця тырчала мноства атожылкаў зь вялікімі бліскучымі сьветла-зялёнымі бутонамі.

Павярнуўшы налева, каб абысьці вялізарную жывую агароджу, празь некалькі крокаў Дрэвабарод сягнуў вузкага праходу. Празь яго вяла набітая сьцяжына, якая раптоўна нырала ўніз па стромым схіле. Хобіты пабачылі, што спускаюцца ў вялікую лагавіну – круглую, як міса, шырачэзную й глыбокую, абгароджаную наверсе па ўскрайку шэрагам вечназялёных дрэваў. Унутры яна зарасла травою, але ня дрэвамі – толькі тры высокія, чароўна прыгожыя срэбныя бярозы стаялі пасярэдзіне. Яшчэ дзьве сьцяжыны вялі ў лагавіну з усходу й захаду.

Колькі энтаў ужо былі тут. I яшчэ спускаліся па сьцежках, некаторыя ўвасьлед за Дрэвабародам. Калі наблізіліся, хобіты вельмі зьдзівіліся. Чакалі стварэньняў, падобных да Дрэвабарода, як адзін хобіт падаецца падобным да другога (ва ўсялякім выпадку, для чужынскіх вачэй). I вось нечаканка: энты розьніліся, як дрэвы, некаторыя – як дрэвы той самай пароды, але выраслыя па-рознаму й у розных месцах, некаторыя – як дрэвы розных пародаў, як бяроза й бук ці дуб і елка. Было некалькі старых энтаў, барадатых і каравых, нібы моцныя старажытныя дрэвы (хоць аніхто не выглядаў гэткім старым, як Дрэвабарод). Былі й высокія моцныя энты, чыстарукія, гладкаскурыя, быццам лясныя дрэвы ў самым росквіце, але не было маладзёнаў, малых энцянятаў. Сабраліся на прасторнай травяністай падлозе лагавіны ўжо тузіны два, і столькі сама спускаліся.

Спачатку Мэры й Піпіна ўразіла разнастайнасьць формаў і фарбаў, рознасьць таўшчыні й вышыні, даўжыні рук і ног, колькасьць пальцаў на іх (колькі заўгодна ад трох да дзевяці). Некаторыя падаваліся суродзічамі Дрэвабарода, рыхтык букі ці дубы. Былі й іншыя пароды. Некаторыя нагадвалі каштаны: бураскурыя энты зь вялікімі рукамі, растапыранымі пальцамі, кароткімі тоўстымі нагамі. Некаторыя былі падобныя да асінаў: высокія, прамыя, шэрыя энты з шматпалымі рукамі й доўгімі нагамі. Якія нагадвалі елкі (найвышэйшыя з энтаў), якія – бярозы, ці рабіны, ці ліпы. Але калі энты пасабраліся вакол Дрэвабарода, нахіліўшы крыху галовы, мармычучы павольнымі мэлядычнымі галасамі й пазіраючы доўга й запытальна на чужынцаў, тады хобіты й уцямілі: усе яны адна кравіна, ва ўсіх тыя самыя вочы, хоць і не такія глыбокія й старыя, як Дрэвабародавы, але з тым самым павольным, уцятым, памяркоўным выразам і гэткімі самымі зялёнымі яскраўкамі-блішчынкамі.

Як толькі ўся суполка сабралася, пастаўшы шырокім колам вакол Дрэвабарода, пачалася цікавая й амаль незразумелая гутарка. Энты павольна мармыталі. Адзін спачатку, тады – другі й трэці, пакуль не замармыталі ўсе разам доўгім зьменлівым рытмам – то гучней з аднога боку кола, з другога, то цішэй, то ледзь не выбухаючы. Хоць Піпін ані слоўца не разьбіраў, не разумеў анічога, спачатку энтава гаворка надта спадабалася. Але паступова яму надакучыла. Праз доўгі час (а мармытаньне працягвалася) падзівіўся: раз энцкая мова такая "непасьпешлівая", дык мо энты яшчэ й дабрыдзень адзін адному не далі? Калі ж Дрэвабарод учыніць пераклічку, колькі дзён ім спатрэбіцца, каб прасьпяваць свае імёны? Падумаў: "Цікава, як жа на энцкай мове так і не?" I пазяхнуў.

А Дрэваабарод прыкмеціў.

– Хмм, ха, хе, Піпіне мой! – паклікаў ён, і энты адразу спынілі гаворку. – Пасьпешлівы вы народзец, я й забыўся. Сапраўды, нудна слухаць гаворку, якую не разумееш. Вы можаце йсьці. Я назваў вашыя імёны Энтарадзе, яна вас пабачыла, усе пагадзіліся, што вы ня оркі й што да старых сьпісаў трэба дадаць радок. Пакуль далей мы не прасунуліся, але й тое – надзвычай хуткі вынік для Энтарады. Пагуляйце навокал, калі жадаеце. Калі хочаце, ля паўночнага краю ёсьць файная крыніца. Нам трэба сёе-тое прамовіць да пачатку сапраўднай Рады. Я прыйду да вас неўзабаве й распавяду, як рухаюцца справы.

I апусьціў хобітаў долу. Перад тым як ісьці прэч, абодва нізка пакланіліся. Тое надта пацешыла энтаў, калі меркаваць па бляску ў вачох і тоне мармытаньня, але ж ненадоўга – энты вярнуліся да перамоваў. Піпін з Мэры ўскараскаліся па заходняй сьцежцы й вызірнулі вонкі з праходу ў жывой агароджы. Доўгія, зарослыя дрэвамі схілы падымаліся ад ускрайку лагчавіны, а за імі, за елкамі найдалейшага хрыбта імкнуўся белы й востры пік. На поўдні лес цягнуўся да далягляду, зьнікаючы ў шэрай смузе. Там далёка праблісквала зялёным. Мэры падумаў: напэўна, тое далёкі водбліск роханскіх роўнядзяў.

1 ... 32 33 34 35 36 37 38 39 40 ... 174
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)