Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
1 ... 31 32 33 34 35 36 37 38 39 ... 174
Перейти на страницу:

Энтаўка:

Калі сьпевы заглушыць ліхая зіма і прыйдзе цень да зямлі, Калі зломяць гальлё, аголяць сады ды пустэчай зробяць палі, Я паклічу цябе, я счакаю цябе, тады сустрэнемся зноў! Разам крочым пад чорным страшным дажджом да чужых берагоў!

Абое:

Разам крочым па доўгіх страшных шляхах да заходніх дальніх краёў, Каб радасьць сваю адшукаць ізноў між заморскіх дзівосных лясоў.

Дрэвабарод дасьпяваў. Тады вымавіў:

– Вось як яно. Эльфаў сьпеў, вядома, хуткаслоўны, легкадумны, толькі пачалося – і ўсё табе. Прыгожа, так, тое не аспрэчыш. Але ж энты значна болей маглі б сказаць з свайго боку, каб толькі мелі час!.. Хм, цяпер я, аднак, пайду-ткі ўстану й крыху пасплю. А вы дзе паўстанеце?

– Мы звычайна кладземся, каб спаць, – патлумачыў Мэры. – Нам вось тут файна.

– Кладзецеся, каб паспаць!.. Ну, вядома ж. Хм, ху-умм, я ўжо й падзабыўся. Сьпяваў, згадаў былыя часы, амаль і ўявіў сабе, што размаўляю з малымі, з маладымі энцянятамі. Ну, дык кладзіцеся на ложку, а я пастаю пад кроплямі. Дабранач!

Мэры зь Піпінам ускараскаліся на ложак і леглі, скур чыўшыся на мяккай траве й папараці. Сьвежая й цёплая трава соладка патыхала. Сьвятло паціху згасла, і дрэвы не зіхацелі, але ж відаць быў стары Дрэвабарод пад аркаю, нерухомы, з узьнятымі рукамі над галавою. У нябёсах вызірнулі зоры, асьвятляючы струменьчыкі вады на ягоных пальцах і галаве. Вада сотнямі срэбных звонкіх кропляў падала да ягоных ног. Слухаючы перазвон кропляў, хобіты й пазасыналі.

Прачнуліся, калі нязыркае сонца ўжо асьвятліла вялікі двор і нават падлогу гроту. Абрыўкі высокіх аблокаў луналі ў нябёсах, несьліся з суворым усходнім ветрам. Дрэвабарод некуды зьнік. Калі Мэры зь Піпінам умываліся ў азерцы ля аркі, пачулі сьпевы й муркатаньне, і неўзабаве ён зьявіўся на сьцежцы паміж дрэваў.

– Ху-у, хо! Добрай раніцы, Мэры й Піпін! – завухаў ён, пабачыўшы іх. – Доўга ж вы спалі. Я ўжо шмат сотняў крокаў адмерыў сёньня. Цяпер нап'емся – і на Энтараду.

Наліў ім два паўнюткія куфлі з каменнай скрыні – не з ранейшай, зь іншай. I смак быў ня той, што ўвечары: нейкі больш глыбокі, багаты, мацавальны, падобны да ежы. Пакуль хобіты пілі, седзячы на краі ложка ды адшчыкваючы кавалачкі эльфавага хлеба (не таму, што згаладнелі, а праз звычку – нешта ж цьвёрдае трэба на сьняданак!), Дрэвабарод стаяў, напяваючы пад нос штось на эльфавай ці энтавай мове, а мо іншай чужынскай і дзівоснай, ды пазіраў на нябёсы.

– I дзе гэная Энтарада? – адважыўся спытаць Піпін.

– Ху-у, га? Энтарада? – азірнуўся Дрэвабарод. – Не, гэта ня месца, гэта збор энтаў – ня тое каб частая падзея. Але я здолеў шмат каго паклікаць, шмат хто абяцаў прыйсьці. Сустрэнемся там, дзе й заўжды: Глухі лог, як называюць яго людзі. На поўдзень адсюль. Мы мусім трапіць туды да полудня.

Неўзабаве й рушылі. Дрэвабарод нёс хобітаў на згінах рук, як і напярэдадні. Выйшаўшы з горнай залі, павярнуў направа, праз раку й на поўдзень уздоўдж падэшваў вялізных, стромых, расьсечаных трэшчынамі схілаў. На іх дрэваў было небагата. Хобіты прыкмецілі купкі бярозаў ды рабіны, а вышэй караскаўся па схілах змрочны сасьняк. Неўзабаве энт пакінуў узножжа гор і скіраваўся ўглыбіню лесу, дзе дрэвы расьлі вялізьнейшыя, таўсьцейшыя й высачэйшыя за ўсе, бачаныя хобітамі раней. Сябры адчулі, што дыхаць цяжка, як і ў першы дзень, калі патрапілі ў Фангарн, але тое хутка мінула. Дрэвабарод болей не размаўляў зь імі. Мармытаў сабе пад нос, вуркатаў задумліва, але хобіты словаў не разьбіралі: гучала нешта накшталт "бумм, бумм, румм-бумм, бурар, бумм, бумм, дахрар бумм, бумм, дахрар бумм" і да таго падобнае, то вышэй, то ніжэй, і рытм увесь час зьмяняўся. Раз-пораз, падавалася, чулі нешта ў адказ: муркатаньне ці дрыжыкі паветра, якія быццам сыходзілі з самой зямлі ці з дрэвавых ствалоў. Дрэвабарод жа не прыпыняўся й нават не паварочваў галавы, каб зірнуць убок.

Ішлі доўга. Піпін спрабаваў падлічваць "энтавы крокі", але зьбіўся на трох тысячах, якраз калі Дрэвабарод крыху запаволіўся. Раптам спыніўся, апусьціў хобітаў на зямлю й прыклаў далоні да роту, сагнуўшы, каб утварыць дудку, і моцна падзьмуў-паклікаў. Гучнае "ху-умм, хомм" пакацілася, як глыбокі роў рога па лесе, і, падалося, адбілася рэхам ад дрэваў. Здалёк зь некалькіх бакоў данеслася падобное "ху-умм, хомм" – ня рэха, а адказ.

1 ... 31 32 33 34 35 36 37 38 39 ... 174
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)