Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
І яшчэ раз паспрабавала пазваніць яму. Зноў – гудкі.
Толькі пасля гэтага адказала на просьбы Сяргея пра Новы год:
– Добра, буду.
Сяргею яна давярала. Вучыліся ў адной групе. Быў ён з-пад Мінску. Пасля разводу бацькоў бабуля ўзяла яго да сябе. Выдзяляўся сярод хлопцаў сваёй непасрэднасцю і ціхмянасцю. Як і ўсе хлопцы, быў закаханы ў яе...
У кіно колькі разоў хадзілі. У прыцемку залы цнатліва цалаваліся. Да большага ў іх не даходзіла, ды і не імкнуўся ён да большага...
– А хто там будзе, на той вечарынцы?
– Мае сябры, з райкама камсамола хлопец, ты яго ведаеш... Да нас у групу прыходзіў, падпіску праводзіў...
І тое яшчэ больш супакоіла яе.
І Новы год сустракалі ў Сяргея. Бабуля Марта ў бальніцы ляжала, на сэрца хварэла, – так што моладзі ніхто не замінаў.
Кампанія сабралася ніштаватая: чалавек з дзесяць. І верхаводзіў той жа Барыс Зайцаў, райкамавец. Тосты цікавыя і вясёлыя гаварыў. Усе смяяліся, развесяліліся.На сталах стаяла віно і гарэлка, шампанскае і каньяк.Дзяўчаты ўсе незнаёмыя, рагаталі са смешнага і не смешнага, пілі і пілі, колькі ім і налівалі. Зайцаў падліваў каньяку і Еве, але яна адпіхнула яго руку, адпрэчыла:
– Не п‘ю я зусім нічога, Барыс, не навучылася...
– Не можа такога быць. Камсамольскія работнікі ўсе п‘ючыя. А ты ж – камсорг групы. А скончыш вучылішча, мы цябе ў райкам забярэм – у школьны аддзел. Будзеш камсамольскім сакратаром...
– Харошы з яе сакратар атрымаецца, – падняў сваю чарку рыжы, с высокай чупрынай, хлопец. – За тое і вып’ем!
Глыток, здаецца, і зрабіла Ева, не болей. Але і ад гэтага закружылася галава, перад ёю усё захісталася... Потым падліваў, падвесялелы ўжо, Сяргей. Язык развязаўся ў яго, асалавелымі вачыма глядзеў на Еўку, у каханні прызнаваўся.
– Прыгажэйшай, ёшкін кот, за цябе нікога і ў горадзе няма, – абдымаў ён яе, – ты – сапраўды Прынцэса, Каралева!
– У мяне галава, Сяргей, вельмі кружыцца, – вінавацілася яна, як прасіла прабачэння за сваю слабасць...– На паветра мне выйсці б... Кепска мне.
Ён не разумеў яе, як і не чуў, пра што яна гаварыла.
– У дэка хочам, у дэка! – прасіліся дзяўчаты. – На танцы. А потым зноў сюды прыдзем... А ты, Ева, як? З намі? – папыталіся ў яе, чакалі адказу.
Яна адмоўна пакруціла галавой:
– Кепска мне, галава баліць.
– Піла шмат?
– Ды не, сама не разумею, што са мной. Упершыню такое.
– Шкада. Ну а мы пабеглі, ногі скокаў просяць.
З Евай застаўся Сяргей.
Ева, хістаючыся, пайшла да дзвярэй, каб выйсці ў двор, асвяжыць галаву. Праклінала сябе, што паслухалася Зайцава, што зрабіла той першы глыток. А потым і Сяргей наліваў нейкага незразумелага, горка-церпкага, віна. Сам віно не піў, прыкладваўся да каньяку.
– Ты куды, Ева?
– На вуліцу. Паветра мне не хапае...
– Там холадна, прастудзішся, – узяў за руку, спыніў. – Прастудзіцца можаш... Ты лепей паляжы, адпачні, і ўсё пройдзе, вось пабачыш, ёшкін кот...
Ён падняў яе на рукі, аднёс у глухі і цёмны пакойчык, паклаў на ложак. Сядзеў побач, гладзіў рукі. Дакрануўся да ног, да каленяў. Потым уткнуўся галавой у грудзі. Расшпіліў верхні гузічак кофты, пасля другі... Пачаў распранаць.
– Ты што робіш? – насцярожылася яна, напруцілася, і з усяе сілы ўперлася рукамі яму ў грудзі.
– Нічога, Еўка, нічога... Ты толькі не хвалюйся, усё будзе добра...
– Сяргей, не трэба!
– Трэба, Еўка, трэба!
Яна супраціўлялася, упіралася, што было сілы, біла кулакамі па твары, – крычала, плакала, выварочвалася з яго абдымкаў... Умольвала, каб не рабіў над ёю гвалт, твар яму падрапала, крывавыя пісягі пакінула, кроў капала ёй на твар. А ён як азвярэў, як усё роўна страціў чалавечае аблічча, – і перад ёю аказаўся ўжо зусім іншы чалавек, якога яна ведала перад гэтым...
Ён распаляўся, як звер, не звяртаючы на яе ўмольванні і надрыўны плач аніякай увагі. Калі ж яна з усіх сілаў сціснулася ў нябачную пружыну, і ён зразумеў, што не даможацца яе, ударыў кулаком па галаве. І яна абвяла, стала як мёртвая, яна памерла, – і ніводнай жылкі ў яе не засталося жывой...
– Ёшкін кот, сама ж хацела, каб я... А цяпер перадумала?
Ён соп, абліваючыся потам, і на яе капалі салёныя кроплі...
Ева ўскрыкнула ад болю, не ведаючы, ад чаго ён нарадзіўся. Зноў да яе вярнулася свядомасць і ўжо запознена пачала зноў адбівацца ад гвалтаўніка. А ён ужо не звяртаў увагі на яе ўдары, стагнаў ад напругі , задавольваючы свой шал... Потым ускрыкнуў, уздрыгнуўшы ўсім целам:
– Ёшкін кот!..
Агіда і сорам авалодалі ёю, прыкрасць і шкадаванне, што так усё выйшла... Яна, не перастаючы, плакала і плакала, хітаючы галавой, праклінаючы і гэтую навагоднюю ноч, і сябе, што паддалася на ўгаворы Сяргея далучыцца да іх кампаніі...