Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
На плячо яму ўпаў пажоўклы ліст. Ён паглядзеў на яго, як на жывую істоту. Узяў, пакруціў у руцэ, паглядзеў ёй у вочы:
– Ева, а хочаце анекдот на гэтую тэму?
– Хачу...
Яны паволі ішлі па асфальтавай дарожцы, спрэс укрытай зжаўцелым лісцем. Яно шамацела пад нагамі, чаплялася за падэшвы. Яго яшчэ не кранулі асеннія дажджы і слоты, не стапталі ногі людзей.
– Вы былі калі-небудзь на судзе?
– Не, – прызналася яна, – а што?
– Ды нічога... Ну, уявіце, што ідзе суд... Судзяць бацьку і сына за нейкае злачынства – укралі ў калгасе мяшок жыта. Сын пытаецца ў бацькі: “Адкажы мне, бацька, на такое пытанне. Вунь сядзіць суддзя, а вунь адвакат, міліцыянер, што склаў на нас пратакол... Але што тут робіць той, у форме ляснічага?..” Бацька ўздыхнуў і адказвае: “Сынок, гэты ляснічы, пра якога ты кажаш, можа адваліць нам з табой такую дзялянку ў лесе, што мы і за трыста гадоў не расчысцім яе... То, сыне мой, пракурор!..”
Ева нахмурыла броўкі, хацела засмяяцца, хаця б усміхнуцца, але ёй не ўдавалася тое зрабіць. З прасцярогай папыталася ў яго:
– Ды вы, Адам, мусіць, пракурор?
– Так... Вы ўгадалі.
Яна адвяла позірк, ужо глядзела перад сабой:
– Дык вас, выходзіць, трэба баяцца-асцерагацца?
– А вам чаго асцерагацца? Хай асцерагаюцца забойцы, гвалтаўнікі... А вас я аберагаць павінен.
– Аберагаць? Ад каго?
Яна стрэльнула у яго бок вокам, хітра прыжмурылася.
– Ад злых людзей.
– А іх шмат – злых людзей?
– Нават больш, чым вы думаеце.
Ева задумалася, прыставіўшы пальчык да носа. Спынілася, як быццам перад ёю вырасла нейкая нябачная перашкода.
– Як становяцца медыкамі, я ўжо ведаю... А як вучацца на пракурора?
Ён усміхнуўся:
– На пракурора, Ева, не вучацца, пракурораў прызначаюць. А так я чыгуначнік. Скончыў Гомельскае вучылішча чыгуначнікаў. Працаваў потым па накіраванні на Полацкай чыгунцы. Паступіў на завочнае ва ўніверсітэт – на юрыдычны... Прапанавалі работу ў пракуратуры. І вось мяне накіравалі сюды, у раён. Вось і ўвесь мой жыццёвы шлях...
– Цікава, – прамовіла дзяўчына, – ніколі не размаўляла з пракурорам.
– Ну, вось я перад вамі... А што вы можаце расказаць пра сябе? Гэта будзе лічыцца, што вы мне даеце свае паказанні...
Разумела, што жартаваў Мяжэвіч, стараўся выклікаць да сябе давер.
– Няхай будзе так, – заўсміхалася Ева, плашчык чырвоны балоневы захінула, каб затуліў калені, зашпілілася.
Яна адразу адчула прыхільнасць Адама. Ведала, што зачапіла і яго сэрца, і што ён, Адам, стараецца сам спадабацца ёй. Не магла забыць той позірк пад час суботняга вечара... Яна ўжо умела адрозніваць абыякавыя позіркі ад тых, што пранізвалі сэрца...
– Згодна, Адам... Мне хацелася шмат кім быць, але я выбрала дарогу медыка... Нас у сям‘і чацвёра дзяцей. Старэйшы з нас, Віцька, а з трох сясцёр я самая малодшая... Бацька – брыгадзір трактарнай брыгады. А сама я з Брагіншчыны...
– А я з Рэчыцы, – амаль землякі, – уставіў Адам свае словы, падтрымаўшы яе аповед.
– Вось і занесла сюды, у медвучылішча. Тут старэйшыя сяброўкі мае вучыліся, і мне падказалі сюды дарогу...
– Лёгка вучыцца? – паглядзеў на яе Адам, і то была шчырая зацікаўленасць, жаданне даведацца пра яе трохі больш, чым яна расказвала.
– Напачатку было цяжка, а потым нічога, уцягнулася.
Яны падышлі да аркі сквера, спыніліся.
– Час маёй прагулкі скончыўся, – паглядзеў ён на свой гадзіннік. – Абедзенны перапынак... А ў вас вольны час?
– Была практыка ў бальніцы, і рана скончылася.
– Ева, а мы яшчэ можам убачыцца?
Яна дзёрнула плечуком:
– Не ведаю... Мо калі-небудзь... Загружана я апошні час, прадыхнуць няма калі.
– Зразумеў. Але калі надарыцца вольны час і захочацца перакінуцца словам-другім, зазірніце да мяне. Пяты кабінет, дзяжурны пакажа...
– Добра, Адам, добра...
– Ева, а ў мяне да вас будзе просьба.
– Якая? – насцярожылася дзяўчына.
Усміхнуўся, адчуваючы сябе ніякавата пад яе позіркам, трохі памаўчаў, і нарэшце вымавіў:
– Не знікайце... Невядома, якія дарогі чакаюць нас наперадзе, і невядома, якая дарога перад намі выпадзе... Дамовіліся?
– Я буду думаць над вашымі словамі.
– А калі зайсці не выпадзе, ды пад рукамі будзе тэлефон, то пазваніце... Мой тэлефон лёгка запомніць – чатыры пяцёркі, а апошняя двойка...
– Добра, Адам. Вам пара? Да сустрэчы!
– Да сустрэчы. Я хацеў бы, каб мы сустрэліся яшчэ. А вы?
– Час пакажа. Я вельмі не люблю нешта абяцаць. А абяцанні заўжды трэба выконваць.
Ён хацеў пакінуць яе, павярнуўся ўжо, але перадумаў, узяў за локаць, пільна паглядзеў у вочы. Адзначыў пра сябе, што ў яе прыгожыя вочы – як спелыя жалуды. Асмялеўшы, спытаў: