Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
– Ева, а чаму цябе называюць у вучылішчы Прынцэсай?
Яна засмяялася, не адводзячы позірк, бачыла ў яго зрэнках сваё аблічча, адказала абыякава:
– Не ведаю... Мо ад прозвішча – ад Прынцовай. Ды ўсім мянушкі даюць, далі яе і мне... У цябе няма больш да мяне пытанняў?
Ён моўчкі адмоўна пакруціў галавой.
Яны не заўважылі, як перайшлі на “ты”. Тое адбылося натуральна і незаўважна.
– Не знікай, Прынцэса!..
– Добра, слухаюся, мой пракурор!
Прыкусіла ніжнюю губу, вокам на яго стрэльнула, і першай пайшла з месца іх развітання.
Ніводнага разу не азірнулася, хаця адчувала на шыі яго позірк. Ведала, што ён не скрануўся з месца, праводзіць яе позіркам...
Калі ж адышла на ладную адлегласць, азірнулася, – Адама Мяжэвіча каля аркі ўжо не было.
А ў вушшу чуліся яго словы: “Не знікай, Прынцэса!..”
Нікому з сябровак не сказала, што пазнаёмілася з пракурорам, што ён чакае новай сустрэчы. А пра сябе падумала, што, мусіць, ён яшчэ не паспеў ажаніцца, калі навідавоку прахожых стаяў з ёю, прасіў сустрэцца зноў...
Не сказала, не пахвалілася, баючыся напалохаць чароўную птушку з магутнымі крыламі, спадзеючыся на нешта прыгожае і светлае, якое можа ўзняць яе на вяршыні шчасця і ўзнёсласці...
Тушыла ў сабе тое слабое і кволае жаданне, не верачы нават, што яно можа калі-небудзь здзейсніцца, не давала яму прарасці. Сама сябе супакойвала, што мара яе прывідная, і да яе здзяйснення шлях доўгі і пакутны. І ці здзейсніцца яно яшчэ, ніхто не ведаў. Казала сама сабе: “Не спадзявайся на вялікае, бо і расчараванне будзе вялікае. Навучыся трымаць сябе ў руках. Не выстаўляй напаказ свае пачуцці... Ну, папрасіў не знікаць, і што з таго? А куды ты знікнуць можа? Нікуды. Сцеражыся салодкіх слоў, бо не кожнае і мёд...”
А ноччу сніўся ёй “ляснік”... Быццам яны ідуць разам па іх дуброве, якую вяскоўцы назвалі “Дубнае”. Ён у руках трымае вялізны букет з жоўталісця, і ў нейкі момант кранаецца яе рукі. Дакрануўся – і яе як усё роўна працяло электрычным токам высокага напружання.
“Чаго, чаго ён увайшоў у маё жыццё? – пыталася яна ў сябе самой, лежачы на інтэрнацкім ложку, чуючы, як сяброўкі бесклапотна пасопвалі, праваліўшыся ў сон... – Не да дабра тое, як казала бабуля Юзэфа, – альбо цукар, альбо соль...”
Не ведала, ці то радавацца, ці то асцерагацца, што выпала на яе долю... Але на сэрцы пасялілася незразумелая трывога.
Нехта надакучлівы, бессаромны, як юрлівы змей, падпоўз да самага вуха, залез нават у вушную ракавіну, шыпеў, як выдзімаў з сябе паветра, вучыў-павучаў, невядома з якой мэты і з якога злога жадання: “Ева-Еўка! Ты ж Прынцэса! Ты ж валодаеш магутным дарам – незвычайнай прыгажосцю. Перад табой мужчыны павінны штабялямі класціся, мастом масціцца перад табою, услаўляць цябе, маліцца на цябе! І твой пракурор на цябе моліцца, ніякавее, калі глядзіць табе ў вочы. Ён апаліў тваё сэрца, але ж ты і яго таксама параніла. Сама ж заўважыла тое, праўда? Ён гатовы табе аддаць яго, толькі ты павінна мудра і ўмела распарадзіцца Божым дарункам... Табе не хапае чараў, паэтычнасці, настойлівасці, узнёсласці... Ты вельмі прыземленая, і вінавата ў тым тваё вясковае жыццё... Але ты адорана светласцю жывой прыроды, ты ўся аж свецішся дабрынёй і пяшчотай, цнатлівасцю вечароў і ранкаў; прырода навучыла цябе прыгажосці. А вось хто навучыць зберагчы, захаваць, утрымаць тое ўзнёслае пачуццё, аберагчы яго ад нападаў злоснасці і чорных сілаў?..”
“Стой-пастой, мой чароўны Голас-дарадчык, – просіць яго дзяўчына, просіць затрымацца, каб памог ёй разабрацца ў пачутых парадах, – дык што, выходзіць, атрымліваецца яно так, што я недасканалая, з хібамі?..”
“З хібамі, з хібамі... Калі Бог дае чалавеку талент, то Ён павінен даць яму і засцярогу, абарону, меч і шчыт, каб не страціць той дарунак...”
“А як узняцца мне над зямлёй, над самой сабой, адарвацца ад цяжару і неразумення, узляцець на вяршыні зразумеласці і ўсведамлення свайго прызначэння?..”
“Гэтаму, на жаль, я навучыць не магу. Бо мы не ў Эдэме, і няма таго забароненага дрэва Спазнання Самога сябе... І я не Змей-Спакушальнік, які хоча збіць цябе з той дарогі, якую прадвызначыў табе Усявышні. Я – голас тваёй душы, голас тваёй добрай палавіны... Скажу па сакрэце, другая палавінка твайго голасу маўчыць, яна яшчэ не нарадзілася, бо нават яшчэ для таго і зачацця не было... І я не ведаю, калі тое будзе... Хачу, каб яго і зусім не было... Ты адзіная ў гэтым свеце, і ў цябе няма ні дарадцы, ні памочніка... Табе адной і прымаць рашэнні, і змагацца са сваімі сумненнямі... Табе патрабуецца шмат сілаў, каб выбаўляцца з лабірынтаў і пастак, якія будзе расстаўляць перад табою жыццё...”