Кліч роднага звона
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1997
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 985-05-0142-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Кліч роднага звона». Краткое содержание книги:
Сёння Раксана не прайшла міма з паднятай галавою, a ветліва павіталася з Усяслававымі слугамі — Дубейкам i Крукам, прыязна ўсміхнулася маладому дружынніку Любаміру — той, як убачыла, расставіўшы рукі, гарэзна заступаў дарогу нібы незадаволенай Любцы, нават прыветна прамовіла вялікаму рыжа-беламу сабаку, які заліваўся брэхам i ажно рваўся з ланцуга, выскаліўшы буйныя зубы:
— Ты што — забыў мяне, дурненькі? Я ж шчанём цябе насіла на руках. Сціхні, супакойся: я ж — не таць.[46]
Слугі, канечне, здзівіліся — i што яна завітала якраз сюды, дзе не была ўжо шмат гадоў, i што яна такая ласная, нізка схіліліся ў паклоне, a Любамір адчапіўся ад Любкі — тая, пунсовая, збянтэжаная, не прывеціўшы яе, шмыгнула ў дом. Праўда, дружыннік ітры дзвярах быў непарушны i, калі яна падышла, загарадзіў кап'ём дарогу.
— Ты не ведаеш мяне, вой? — запытала яна ў яго, незнаёмага.— Я — баярыня Раксана, жонка дворскага Расціслава i даўняя прыяцелька гэтаму дому.
— Баярын у ад'ездзе,— непахісна адказаў той.— Без яго я i цябе, баярыню, не маю права ўпусціць у харомы.
— Я прыйшла не да баярына, а да Марылі,— сказала яна, здзіўляючыся, што цяпер тут такая строгая варта.— Пакліч яе хоць сюды, на двор.
— Пакліч Марылю,— прамовіў ахоўнік Любаміру.
Малады i статны дружыннік-красун паслухаў, падаўся ў дом i неўзабаве вярнуўся з Усяслававай кухаркаю. Яна, выціраючы рукі фартухом (толькі што крышыла моркву), нізка схіліла галаву. Як i раней, дробная, але борздкая.
— Марыля,— загаварыла да той з недаўменнем,— чаму цяпер перада мной зачыненыя тут дзверы? Я ж з нябожчыцай-баярыняй был i лепшыя сяброўкі!
Прыхлусіла, канечне: тая раўнавала, недалюблівала i баялася яе, здаровую i прыгожую, а сябравала з Міндоўгавай Ганнай, хоць, можа, якраз суседка-княгіня ўпотай цешылася з яе Усяславам. Здаецца, яе Данута падобная не на Міндоўга, а на Усяслава.
— Так, баярыня, Цішук загадаў,— адказала Марыля,— нікога старонняга ў дом не пускаць без гаспадаровага дазволу.
— Дык вы i мяне не дапусціце? — усміхнулася.— Я — небяспечная? Але — чым i як? Магу падпаліць ваш дом? Ці, можа, надумаюся ў рукаве альбо пад падолам прынесці i скрытна падсыпаць яду ў той булён, што ты варыш гаспадару?
Марыля ніякавата зірнула на дружынніка-ахоўніка i на яго запытальны позірк падала знак — указальным пальцам ткнула сабе ў грудзі. Той адступіў, i яны, жанчыны, зайшлі ў дом.
— Выбачай, баярыня, але не магу запрасіць у гаспадыніную святліцу,— ідучы ўслед, як i заўсёды, зусім не лісліва, толькі спаважна прамовіла Марыля.— Усяславава воля — не пускаць туды ні адну жанчыну. Мы, свае, заходзім туды толькі калі-нікалі. Працерці пыл ды праветрыць.
— Я, Марыля, не ганарлівая i не крыўдлівая,— прытуліла яе.— Я з табой пасяджу хвіліну-другую i каля печы. Ты рабі сваё, замінаць табе не буду.— A калі Марыля хацела завесці яе ў свой пакой, заўпарцілася.— Не-не, хадзем да печы. Мы ж з табой даўно ўжо не бачыліся, не гаварылі, хоць некалі былі таварышкі.
I цяпер прыманіла: якія яны былі сяброўкі! Яна, прыходзячы сюды, мела на розуме толькі сваё: залавіць тут аднаго Усяслава, самой прыціснуць яго ў кут ці, калі гэта ёй не ўдалося, прыкінуцца прыяцелькай Усяслававай жонцы, а на самай справе псаваць той, хворай, нервы. На яе Марылю заўсёды пазірала звысоку, як на чэлядзь. Тая цяпер добра адчула яе няшчыры тон, але не павяла нават брывом, прыбрала свежыну, моркву i зелень са стала, запрасіла яе сесці на простым зэдліку.
— Як жывеш, Марыля?
— Дажываю, баярыня, сваё,— услед за ёй прысела пры стале на іншым зэдліку i тая.
— Ніколі не зойдзеш,— падакарала Раксана.
— Хіба я пара табе, баярыня, каб з табой гутарку весці альбо вар піць? — адказала тая, не падымаючы вачэй.— Ды заўсюды клопатаў шмат па доме i па гаспадарцы. Сама ж ведаеш, баярын наш не любіць трымаць шмат слугаў.
— Ведаю i цябе, i твайго баярына. Ты — не як мая неахайніца i зладзейка кухарка. Ты — увішная, спраўная, вялікая чысцёха, смачна ўсё гатуеш. Маленькая, здаецца, слабая, але трымаеш на сабе ўвесь дом. Баярыну-ваяводзе ты за маці. Ен шануе i любіць цябе.
— I мы ўсе шануем i любім яго.
46
Таць — злодзей.