Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
Як толькі прасохла зямля пасля зімовай наледзі і пырснулі жоўтым пупышкі на вербах, у храм прыехала з Новагародка немаладая жанчына ў скураной шапачцы з набітымі на ёй дробнымі сярэбранымі бляшачкамі, у суконным сарафане пад ватолай*. Яна шукала жраца Відэвута. Але той паехаў у селішча лячыць некага з хворых, і да жанчыны выйшла Жывена.
* Безрукаўны плашч у прусаў.
— Мой сын Відэвут расказваў пра цябе, — загаварыла жанчына. — Табе, як і яму, бог Аўшайтэ* дараваў здольнасці гаварыць з багамі. Дык скажы, чаму мне вось ужо два гады сніцца карабель мёртвых Нагльфар?
* Бог лекарства.
— Нагльфар? — Жывена з цяжкасцю прамовіла нязвыклае слова.
— Гэты карабель змайстраваны з пазногцяў нябожчыкаў, і вязе ён нябачных ужо ў гэтым свеце. Але той, хто любіць і трывожыцца аб адсутных, можа ўбачыць на ім дарагіх людзей, калі… калі яны там. Дык вось, я бачу, як мой сын, другі сын, не Відэвут, а Брутэн плыве на караблі, але раптам нейкая сіла вырывае яго адтуль, ён падае ў ваду і плыве да берага. Але ж я на свае вочы бачыла — ён мёртвы.
— Я перадам тваю просьбу Святазару. Для таго, каб адказаць, ці жывы твой сын, трэба правесці спецыяльны абрад.
Святазар згадзіўся на тое, і тыдзень асабліва старанна пасцілі і раніцай распявалі свяшчэнныя гімны будучыя ўдзельнікі абраду. Маці ж Брутэна рабіла на кухні чорную працу — падмятала, перабірала ячменныя крупы, а па вечарах чытаў над ёю Відэвут асаблівыя — ачышчальныя — малітвы.
У прызначаны дзень у падземным капішчы яшчэ да світання ярка гарэлі спецыяльныя васковыя з духмянымі зёлкамі свечы, пастаўленыя ў бронзавых падсвечніках па кутах вялікай залы. Правёўшы ў сваіх пакоях бяссонную ноч, сюды выйшаў Святазар, на якім была надзетая тонкая белая ільняная кашуля, а на шыі вісеў вялікі залаты медальён сонца з гравіроўкай, дзе на адным баку была пяціканцовая, на другім — шасціканцовая зоркі ў колах. Істр падаў галоўнаму жрацу булаву. Зробленая з няплоднай ляшчыны ў час прырастання Месяца, яна была раздзеленая на тры часткі, пафарбаваныя ў чырвоны колер. Перамычкі ж на булаве, канец якой упрыгожвала ручка з яшмы, былі жоўтымі.
Жывена прынесла драўляныя брэцьяніцы са свяшчэнным напіткам — сомай, а пасля ўвяла ў залу і пасадзіла на драўлянае крэсла маці Відэвута. Прама перад вачыма жанчыны вісеў на тонкім залатым ланцужку бліскучы шар з адпаліраванага горнага крышталю — пацік. Маленькай бронзавай лыжачкай Жывена правяла па вуснах жанчыны, пасля намачыла лыжачку ў напоі і дала пакаштаваць яго. Праз імгненне галава яе ацяжэла, яна падала, але Святазар загадаў:
— Глядзі сюды!
Дакрануўшыся да шара, жрэц прымусіў яго лёгка гайдацца, а сам, узняўшы булаву, стаў чытаць заклінанні, павышаючы голас. Жрацы стаялі ў куце, вакол іх было абведзенае белаю фарбай кола. Празрыстая глыбіня шара відавочна пачынала пералівацца рознакаляровымі агнямі, ажываць. І цяпер ужо жанчына не магла адвесці вачэй ад магічнага шара. Як прыкаваная, глядзела яна перад сабой нерухомым поглядам, толькі зрэнкі яе адблісквалі матава-светлым. Прайшла хвіліна, другая, трэцяя.
— Што ты бачыш? — булавой пацэліў у грудзі жанчыне вярхоўны жрэц.
— Бачу агонь і хаты, і людзей у белых плашчах з крыжамі… Яны забіваюць. Мой муж… О! Дзіда ўпілася ў ягоныя грудзі, ён упаў.
— Кажы далей!
— Я і мае сыны ляжым сярод мёртвых, і кроў цячэ, цячэ па кашулі, яна робіцца цяжкай, душыць мяне.
— Дзе твой першы сын?
— Ён ляжыць пад маім бокам, паранены, яго твар белы, як мука.
— А другі сын?
— Брутэн уздымаецца, ідзе, спатыкаючыся аб трупы!
— Што далей?
— Я нічога не бачу — кроў залівае мне твар. Але нейчы голас гаворыць: «Забяры яго, фон Шонвальд, ён будзе добрым пастухом для тваіх свіней!»
— Кажы, не змаўкай! Паўтары імя!
— Шонвальд, фон Шонвальд! «Забяры дзіця, яно будзе добрым пастухом для тваіх свіней!»
— Што яшчэ?
Жывена неўпрыкметкі зірнула на Відэвута. Ён стаяў спакойна, але яна заўважыла — рукі хлопца дробна дрыжаць.
— Чую ягоны плач, а на нас з Відэвутам падае сучча, яно цісне на грудзі, о, я задыхаюся! Горача, паліць агонь, няма ратунку! О!
Яна здрыганулася, пачала енчыць, а вочы яе не адрываліся ад крыштальнай глыбіні патыка.
— Што ты бачыш там яшчэ?
— Толькі кроў! О, як шмат крыві! Яна не дала нам згарэць у кастрышчы! Я ўзяла сына, і мы пайшлі… Далёка, у чужыя землі…
— Досыць! — гучна перарваў яе Святазар. — Прачніся! І забудзься на гэта, не ўспамінай.
Ён стукнуў булавой па шары, той працяжна зазвінеў, і пырскі святла ад яго здаліся Жывене кроплямі нейчай крыві.