НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
- Автор: Миронович Евгений
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Неўскі прасцяг
- Жанр: История
Электронная книга - «НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ». Краткое содержание книги:
«Кожнага, хто прызнае рыжскі дагавор, трэба прызнаць ворагам беларускага народа».
Улічваючы — як было сказана ў рэзалюцыі — асабліва нялюдскае праследаванне беларускай культуры, інтэлігенцыі і нацыянальных дзеячаў у польскай акупацыйнай зоне, вырашана выслаць пратэст у Лігу Нацый з патрабаваннем адкінуць «польскі імперыялізм на лінію рэк Нарвы і Буга». З’езд прадстаўнікоў беларускіх сацыялістычных партый у Празе ўхваліў таксама рэзалюцыю ў справе дзейнасці ген. Станіслава Булак-Балаховіча, які быў названы аферыстам і узурпатарам ды абвінавачаны ў злачынствах і грабяжах на беларускім і яўрэйскім мірным насельніцтве.
Хаця ўсе прынятыя ў Празе дакументы аднолькава ацэньвалі польскі і савецкі бакі, аднак партызанскі рух на практыцы арганізаваны быў толькі на заходнім баку рыжскай мяжы. Праўдападобна так дзеялася па волі літоўскіх і нямецкіх пратэктараў урада Ластоўскага. Менавіта Нямеччына і Літва падтрымоўвалі фінансава і забяспечвалі зброяй і амуніцыяй узнікаючыя беларускія партызанскія атрады. Звыш таго, галоўная палітычная сіла ў эміграцыйным урадзе — эсэры — традыцыйна праяўлялі заходнерускія тэндэнцыі. Пачатак бальшавіцкай палітыкі беларусізацыі ў БССР спрыяў трактаванню іх як патэнцыяльных хаўруснікаў беларускай справы.
На пачатку 1922 г. з малалікіх узброеных груп ствараліся буйнейшыя падраздзяленні, якія мелі пачаць паўстанцкую кампанію ў выпадку польска-літоўскага канфлікту. Увесь партызанскі рух кантраляваўся эсэрамі, якія дзейнічалі ў пагадненні з урадам Ластоўскага. У адпаведнасці з дырэктывай Паўстанцкага камітэта, бліжэй неакрэсленага складу, беларускія ваенныя структуры павінны ў канспірацыйных мэтах весці дзейнасць як асветныя гурткі, кааператыўныя арганізацыі, царкоўныя брацтвы. Ваенная вертыкаль эсэраўскай арганізацыі мела назву «Брацтва беларусаў». Некаторыя камандзіры, каб падкрэсліць сялянскі характар руху, карысталіся назвай «Брацтва сялян-беларусаў».
Побач эсэраўскай арганізацыі дзейнічаў таксама арыентаваны на Мінск Хаўрус сялянскай самааховы.
Беларускай паўстанцкай арганізацыяй у Польшчы кіраваў Галоўны беларускі штаб, які меў цесныя сувязі са штабам літоўскай арміі. Галоўнаму беларускаму штабу падначалены былі камандаванні чатырох паўстанцкіх груп са штабамі ў Аранах, Уцянах, Мерачы (на Літве) і, праўдападобна, ў Вільні. Штабы паасобных груп мелі весці арганізацыйную, палітычную, выведвальную і аперацыйную дзейнасць. У рамках аперацыйнай дзейнасці рыхтаваліся планы дыверсійна-сабатажных акцый у адносінах да стратэгічных аб’ектаў — мастоў, віядукаў, вакзалаў, тэлефонных і тэлеграфных станцый, а таксама наступальныя дзеянні супраць атрадаў польскага войска. З Літвы паступала паўстанцам зброя, амуніцыя, узрыўныя матэрыялы, грошы. Камандзір чацвёртай групы Вячаслаў Разумовіч «Хмара», якой штаб знаходзіўся ў Мерачы, кіраваў канспірацыйнай структурай з амаль 8 тысяч чалавек. Большасць з іх займалася земляробствам і ніколі не прымала ўдзелу ў арганізаваных лакальнымі камандзірамі акцыях. Праўдападобна, патэнцыяльныя паўстанцы не надта добра арыентаваліся таксама ў якім палітычным кантэксце адбывалася іхная канспірацыйная дзейнасць. У выдаваемым камандзірам атрада, які дзейнічаў у ваколіцах Белавежскай пушчы, Германам Шыманюком «Скамарохам» часопісе «Беларускі партызан» пісалася перш за ўсё пра лютасці і здзекі польскага боку над беларусамі. Удзельніцтва ў партызанскім руху мела быць абаронай і адначасна помстай за крыўды, нанесеныя народу. Дзяржаўная ідэя ў змесце гэтых публікацый была ледзь прыкметная.
Паколькі структуры беларускай паўстанцкай арганізацыі ствараліся галоўным чынам з думкай аб удзеле ў польска-літоўскай вайне, дзейнасць беларускіх канспіратараў абмяжоўвалася да непрадбачаных Галоўным штабам акцый, якія праводзілі лакальныя камандзіры. Былі гэта перш за ўсё напады на пастарункі паліцыі, цягнікі, склады, магазіны, леснічоўкі, двары. Злоўленыя ў аблавах партызаны ў прынцыпе прыгаворваліся да вышэйшай меры пакарання. Першая экзекуцыя схопленых партызан атрада Германа Шыманюка адбылася 24 мая 1922 г.
15 сакавіка 1923 г. Савет Лігі Нацый прызнаў усходнія межы Польшчы з СССР і Літвой. Перспектыва польска-літоўскай вайны стала нерэальнай. Гэта вырашыла аб адмове падтрымкі літоўскага ўрада для беларускага цэнтра ў Коўне. Змена літоўскай палітыкі выклікала неабходнасць пераносу структур БНР у Берлін, а пазней у Прагу. Сталіца Чэхаславакіі ў другой палове дваццатых гадоў стала галоўным цэнтрам беларускай палітычнай эміграцыі.