НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
- Автор: Миронович Евгений
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Неўскі прасцяг
- Жанр: История
Электронная книга - «НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ». Краткое содержание книги:
У канцы 1924 г. Камінтэрн памяняў палітыку ў адносінах да Польшчы. Адмовіўся ён ад маланкавых партызанскіх акцый, якія хаця парушалі ўстойлівае становішча ва ўсходніх ваяводствах, аднак вялі да вынішчэння патэнцыяльных рэвалюцыйных кадраў у выніку штораз больш паспяховай барацьбы польскай дзяржбяспекі з падпольнымі структурамі. Стратэгічныя планы Камінтэрна прадугледжвалі падрыхтоўку «працоўных мас» да ўсеагульнай рэвалюцыі. Найбольш паспяховым метадам падрыхтоўкі было прызнана ўздзеянне на грамадства праз пасрэдніцтва легальна існуючых грамадскіх, палітычных, культурных, асветных і гаспадарчых арганізацый. Дзеля гэтага трэба было ініцыяваць іх узнікненне або пераймаць кантроль над існуючымі ўжо структурамі.
На парламенцкіх выбарах у лістападзе 1922 г. беларускія групоўкі, аб’яднаныя ў Беларускім цэнтральным выбарчым камітэце атрымалі 11 мандатаў у Сейме і 3 у Сенаце Рэчы Паспалітай. Дэпутаты абедзвюх палат польскага парламента заснавалі Беларускі пасольскі клуб, які ўзначаліў Браніслаў Тарашкевіч — прадстаўнік, разам з Сымонам Рак-Міхайлоўскім і Фабіянам Ярэмічам, беларускіх сацыялдэмакратаў. Дэпутатам Сейма стаў таксама прадстаўнік беларускай хрысціянскай дэмакратыі ксёндз Адам Станкевіч. Самую шматлікую групу беларускіх парламентарыяў складалі беспартыйныя — Аляксандр Уласаў, Вячаслаў Багдановіч, Міхал Кахановіч, Аляксандр Назарэўскі.
Згодна раней абранай палітычнай арыентацыі Тарашкевіч падняўся спрабаваць атрымаць палітычныя і культурныя канцэсіі ў карысць беларусаў пры скарыстанні дэмакратычных механізмаў польскай дзяржавы. У студзені 1923 г. дэпутаты, згуртаваныя ў Беларускім пасольскім клубе прадставілі праект культурнай аўтаноміі для беларусаў. Прапанавалі яны стварыць краёвы парламент у Вільні, дапусціць ужыванне беларускай мовы ў школах і судах, правесці аграрную рэформу і перадаць зямлю мясцовым сялянам, спыніць вайсковае асадніцтва, стварыць ваенізаваныя фарміраванні на прынцыпе грамадзянскай тэрытарыяльнай абароны замест гарнізонаў, якія сваёй прысутнасцю правакавалі антыдзяржаўныя выступленні. Беларускія парламентарыі патрабавалі таксама вярнуць Праваслаўнай царкве храмы, якія ў 1919–1922 гадах былі пераменены на касцёлы. У тадышніх умовах гэтыя патрабаванні былі нерэальнымі і поўнасцю ігнараваліся польскай парламентарнай большасцю і чарговымі ўрадамі.
Тарашкевіч не знеахвочваўся абвінавачваннямі ў паланафільстве, якім падвяргаўся з боку розных беларускіх арганізацый. Намагаўся ён, каб парламентарыі захавалі лаяльнасць у адносінах да польскай дзяржавы. У верасні 1923 г. вёў ён размовы з кандыдатам на пост прэм’ерміністра Станіславам Тугутам. Ад імені Беларускага пасольскага клуба абяцаў падтрымку для новага ўрада ўзамен за спыненне вайсковага асадніцтва, прад’яўленне зняволеным беларусам абвінаваўчых актаў, стварэнне ў ведамстве асветы пасады намесніка міністра па справах беларускага школьніцтва, адстаўку навагрудскага ваяводы і замяненне яго чыноўнікам беларускай нацыянальнасці, стварэнне адной школьнай акругі для зямель заселеных беларусамі і даручэнне абавязкаў намесніка куратара чалавеку, які выводзіцца з гэтага асяроддзя, адкрыццё гімназіі і дзвюх беларускіх настаўніцкіх семінарыяў і прысваенне ім статусу публічных школ. Стварыць урад Тугуту не пашанцавала, а як міністр без партфеля ва ўрадзе Уладзіслава Грабскага нямнога мог зрабіць, паколькі астатнія міністры да беларускіх пытанняў ставіліся неахвотна.
Адсутнасць якіх-колечы ўступак з польскага боку, хаця б у карысць беларускай культуры або асветы, адсутнасць нават жэстаў, якія стваралі б надзею на змену палітыкі ў будучым сталі прычынай адыходу часткі беларускіх парламентарыяў ад дэклараванай раней лаяльнасці ў адносінах да ўрада і інстытутаў польскай дзяржавы. Восенню 1923 г. Сымон Рак-Міхайлоўскі, Васіль Рагуля і Пётр Мятла стварылі асобны дэпутацкі гурток Беларускіх незалежных сацыялістаў. У адрозненне ад Браніслава Тарашкевіча, парламенцкую трыбуну выкарыстоўвалі яны для апісвання таго, што дзеялася на беларускіх землях.
Надыходзячыя з БССР весткі аб развіцці нацыянальнага жыцця ўсведамлялі тадышнім прыхільнікам прапольскай арыентацыі размеры іх памылковых палітычных разлікаў. У 1925 г. нішто яшчэ не паказвала, што некалькі гадоў пазней беларуская культура і яе стваральнікі стануць першымі ахвярамі сталінскага таталітарызму.
Змена палітычнай арыентацыі Браніслава Тарашкевіча даспявала даволі доўга. У палове ліпеня 1925 г. раіўся ён у гэтай справе ў Гдыні з Аляксандрам Цвікевічам, які неўзабаве адмовіўся ад усіх пастоў ва ўрадзе БНР і выехаў у Мінск. Тарашкевіч жа разам з Сымонам Рак-Міхаўлоўскім, Пятром Мятлой, Паўлам Валошыным і Юрыем Сабалеўскім выступілі з Беларускага пасольскага клуба і заснавалі новы клуб Беларускай работніцка-сялянскай грамады (БСРГ). У час выступленняў у Сейме і на старонках друку Тарашкевіч тлумачыў, што стаўка на атрыманне аўтаноміі для «Белай Русі» ад польскага ўрада аказалася памылковай. «У нас такіх ілюзій няма. Мы раз назаўсёды ад гэтых усіх ілюзій былі вылечаны», — падкрэсліваў правадыр Грамады. Ніколі ён, аднак, дэталёва не ўдакладняў канчатковую мэту, за якую хоча змагацца разам з узнікаючай на базе клуба палітычнай партыяй. Затое часта паўтараў пра «саюз рабочых і сялян польскіх і беларускіх» і «незалежнасць Белай Русі ў цеснай сувязі з народамі, якія рашыліся на новую грамадскую структуру». Гэтая новая структура была толькі ў народаў СССР.