Гэта самотная зорка Венера
- Автор: Аляшкевіч Аляксандр
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Гэта самотная зорка Венера». Краткое содержание книги:
Стражнiкi тут жа падступiлiся да хлопца, зацягнулi яго ў кут. Злыя бiзуны раз за разам з д`яблавым свiстам апускалiся на Яську, пакуль той, бездыханны, не асунуўся на халодную падлогу… З вуснаў хлопца так i не вылецелi пажаданыя для яго катаў словы…
Панна ж Ядзвiга ўсё сядзела на настылай лаўцы ў парку – прамерзлая, спакутаваная, яна чакала любага. На ўсходзе небасхiл пачынала ўжо прабiваць сiняватае перадсвiтальнае марыва. Яна не адчувала восеньскага марозу, які балюча шчыпаў праз тонкую сукенку яе хударлявыя плечы. Вяртацца дамоў сэнсу ўжо не было. Ядвіга зразумела: бацька дазнаўся праз іх планы і Яську схапiла стража. А як ставiцца князь да тых, хто трапляе да яго ў нямiласць, панна ведала. Таму, яшчэ раз тужліва зiрнуўшы на бязлюдную сцяжыну, дзяўчына звярнула свой светлы позiрк у нябеснае покрыва. Яна вырашыла чакаць каханага, калi спатрэбiцца, нават цэлую вечнасць…
Такой яе i знайшлi княжацкiя слугi ранiцой у парку – застылую адзiнокую дзявочую фігуру, погляд летуценных воч якой быў звернуты да бясконцага туманнага зорнага шляху…
ВЯДЗЬМАРКА
апавяданне
Атрад ліцвінскіх вояў маўкліва скакаў па вузкай лясной дарозе, якая вужакай віляла сярод высокіх стройных соснаў. На чале вершнікаў ехаў у серабрыстых латах статны русавалосы князь Светавар. Па–леткаваму загарэлы мужны твар знатнага ваяра быў, нягледючы на светлы сонечны дзень, панурым і задуменным. Колькі тыдняў таму ён са сваёй харугвай здзейсніў з Літвы вылазку ў землі Лівонскага ордэна ў адказ на леташні напад крыжакаў на Трокі – радавое гняздо князя. Ліцвіны абклалі крыжацкі бург у Куроніі, але неўзабаве на дапамогу варожаму гарнізону падышоў са сцягамі сам лівонскі магістр. Пасля жорсткага нераўнага бою князь Светавар вымушаны быў адступіць ад сцен варожай цытадэлі. З рэшткамі дружыны ён пятляў па лясных дарогах і сцяжынах. За імі неадступна ішлі па пятах крыжакі. Перакрываючы ліцвінам зваротную дарогу на радзіму, яны прыціскалі дзёрскіх вояў да неспакойных прахалодных водаў Варажскага мора, маючы намер давяршыць на ягоных стромкіх берагах іх канчатковы разгром.
Сонца ўжо схілілася да заходняга небасхілу, калі спацелыя ад летняй спякоты вершнікі нарэшце вырваліся з лясной засені на шырокі дол і іх зроку раптам адкрылася нензвычайнае відовішча: доўгая блакітная паласа мора і перад ім на высокім пакатым пагорку, нібы тая скала, вялікае пасяленне, абгароджанае шчыльным завостраным частаколам. Гэта было паселішча жамойтаў – даўніх хаўруснікаў Літвы, якія, нягледзячы на тое, што на іх землях цяпер уладарылі крыжакі, захоўвалі ўсё–ж свае ўласныя звычкі і здабыткі. Дзесьці там за высокай сцяной частаколу і россыпам драўляных жылых забудоваў таіўся велічны паганскі храм багіні Ауштры – ранішняй зары, жонкі наймагутнага Перуна. Само ж капішча нябеснага бога грому знаходзілася зараз у Троках, якімі валадарыў князь Светавар і жыхары якога яшчэ з'яўляліся напалову хрысціянамі і паганцамі.
Варта, што стаяла пры браме, яшчэ здалёк змеціла ліцвінскіх вершнікаў. Таму пры іх набліжэнні хутка расчыніла тоўстыя дубовыя створцы. І атрад паволі ўехаў ў пасяленне. Дапытлівыя жыхары ад малога да вялікага павалілі з прыземістых хат гурмой на вуліцу, узнёсла віталі госцяў на мясцовай мове:
– Lietuviai! Draugai!.. Sveiki, drąsūs kariai! Sveiki, draugai!...[28]
Вершнікі неўзабаве прыпыніліся ля вялікага драўлянага дома, што стаяў у цэнтры жамойцкага пасялення. З яго да іх выйшаў у светлых строях пажылы сівы старэйшына. Спешыўшыся, князь Светавар зычліва павітаўся з мясцовым правадыром:
– Labas diena![29] Рады вітаць цябе, мудры Кушніс, у тваім прыгожым паселішчы і бачыць цябе ў добрым гуморы і здароўі!
– Su atvykstant![30] І я рады бачыць цябе, слаўны кунігас Трокаў!– гучна мовіў у адказ пажылы жамойцкі ўладар на мове ліцвінаў.– Якія–такія ветры занеслі цябе у наш далёкі глухі закутак?
– Ды ў паходзе я быў з харугвай у Куроніі, мудры Кушніс, – хутка адказаў Светавар.– Цяжкі бой выдарыўся. Ідуць зараз па нашых слядах крыжакі. Прашу на колькі дзён прытулку для сябе і вояў сваіх верных. Стаміліся мы моцна ў дарозе. Перадыхнуць і падсілкавацца б крыху воям і коням, набрацца сілы.
– Сябрам мы заўжды радыя! – прамовіў ветліва жамойцкі правадыр.– Уладкуем тваіх вояў па дварах. Цябе ж, мужны кунігас, запрашаю прыпыніцца ў маім доме, адвячэраць і выпіць гарачага траўнага напою! Да таго ж у добры дзень завітаў ты да нас. Сёння ўвечары свята ў гонар нашай слаўнай нябеснай заступніцы Ауштры! Будзе высокае вогнішча!
28
Літоўцы! Сябры!.. Прывітанне, храбрыя воі! Прывітанне, сябры!..
29
Добры дзень!
30
З прыездам!