Гэта самотная зорка Венера
- Автор: Аляшкевіч Аляксандр
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Гэта самотная зорка Венера». Краткое содержание книги:
– Хвалю за храбрасць, малады служка. Будзеш з сённяшняга дня асабiстым ахоўнiкам панны. Дапамажыце яму!– загадаў ён стражы, якая падскакала да iх.
З таго дня і пачалося разгарацца ў сэрцы панны Ядвiгi шчырае пачуццё да простага хлопца…
Дзяўчына адняла затуманенны позiрк ад люстэрка, узняўшыся з табурэта, ступiла ў кут пакоя і апусцiлася на каленi ў шчырай малітве насупраць абраза Маткi Боскай, просячы ў яе заступнiцтва i дапамогi ў сёняшнiм начным падарожжы. Яна ўстала з каленяў, калi ў акне двор ужо агарнула густая цемра. Хуценька склала неабходныя рэчы ў хустку і завязала на вузел, затым падышла са сваёй ношай да гардэробных шкафаў, але ні палiто, нi прыталенага лёгкага кажушка, у якiм яна звычайна хадзіла на штодзённыя прагулкi, у іх чамусьцi не аказалася. “Мабыць прыслуга вырашыла нанач прасушыць вопратку, ” – падумала Ядвіга. Хвiлiну паразважаўшы, панна патапiла свае босыя ногi ў боты, i ў адной сукенцы, цiхенька пераадолеўшы зацемнены доўгi калiдор, выйшла з палаца ў двор…
Праз некаторы час дзяўчына была ўжо ў парку. Прысеўшы на настылую начную лаўку, яна сцепанула хударлявымі плечыкамі – было надзвычай холадна, па зямлi слалася белае павуцiнне першых восеньскiх замаразкаў. Панна з надзеяй пазiрала ў стылую начную цемру – як хутка з–за дрэваў на сцежцы мiльгане знаёмая постаць любага?
А ў гэты час княжацкія стражнікі прывязалі Яську да тоўстай бэлькі ў патаемным падземным пакоi, якi ледзь асвячала адзiнокая свечка на шырокiм дубовым стале. Яны катавалi хлопца, дамагаючыся прызнання пра яго адносiны да маладой князёўны, але той, нягледзячы на ўсе стараннi катаў, упарта маўчаў.
Было ўжо апоўначы, калi у вузкiх дзвярах пакоя раптам узнiкла змрочная хударлявая постаць князя. Служкi перасталі сцябаць маладое падатлiвае цела акрываўленымi бiзунамi, у пакоры схiлiлi свае потныя спiны перад гаспадаром.
– Што, маўчыць? – Прайшоў князь на сярэдзiну пакоя.
– Маўчыць, яснавяльможны пан, – хутка адказаў старэйшы стражнік.
– Развяжыце гэтага подлага халопа, падвядзiце блiжэй, каб я мог выразна бачыць яго, – пачуўся рэзкі загад.
Калi Яську развязалі i падвялi да стала, князь пагардлiва паглядзеў на ягоныя дзіравыя лахманы, праз якія было відаць акрываўленае цела, утаропiў свой вогненны позiрк у вочы хлопцу.
– Кажы праўду, што ў цябе было з паннай? – злосна запытаў ён. – Ты разумееш, аб чым я пытаюся?
Супраць чаканняў князя хлопец не адвёў свой позiрк убок, у яго стомленных вачах не было страху, а толькi боль i нейкае незразумелае перажыванне, – бы той нешта не зрабiў з таго, што павiнен быў зрабiць.
– Вы вельмi дрэнна думаеце, яснавяльможны князь, пра панну Ядвiгу. – прашапталі ласкава апухлыя губы.– Яна – сама дасканаласць, нябесная чысцiня i святло…
– Ты быў прыстаўленны да маладой панны, каб верна служыць i ахоўваць яе, а не для таго, каб разважаць пра ейную дасканаласць i чысцiню! – груба перапынiў хлопца князь. – Але я дарую табе твой ганебны ўчынак, калi падпiшаш гэта…
Ступiушы бліжэй да стала, князь грэблiва паклаў на яго тоўсты скураны кашэль i пажаўцелы лiст паперы.
– Гэта тваё пакаянне ў нядобрым учынку – адказ ад сваіх пачуццяў да панны, – злосна патлумачыў ён. – Я ведаю, панна навучыла цябе пiсаць. Падпiшы яго i атрымаешь волю. I яшчэ – вось гэтыя грошы, – кiўнуў князь у бок кашаля. – Тут iх столькi, што хопiць, каб купiць маёнтак з добрай зямлей i служкамi. Купiш яго i сам станеш панам, выбераш у жонкi дзяўчыну, якую пажадаеш. I я назаўсёды забудуся, халоп, пра твае адносіны да маладой панны.
Хлопец моўчкi апусцiў галаву, адмоўна захiтаў.
– Я прысягаў перад нябёсамi панне Ядвiзе быць верным усё жыццё…
Твар князя iмгненна налiўся злоснай чырваню.
– Халоп! Ды як ты смееш пярэчыць мне, святлейшаму князю?!. Пану, са словам якога лiчацца самыя знатныя роды Еўропы! Неадкладна пакараць! – Ён павярнуўся да стражы: – I біць гэтага няўдзячнага халопа датуль, пакуль не падпiша гэты лiст! – Князь гнеўна стукнуў кулаком па паперы на стале i пакiнуў патаемны пакой.